Два «золота» и «бронзу» завоевала на открытом первенстве Витебской области по стрельбе наша землячка Анна Кондякова!

Cпорт

Сапраўднай гераіняй адкрытага дарослага першынства вобласці па кулявой стральбе, якое праходзіла ў Віцебску напрыканцы лістапада, стала выхаванка нашай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Ганна Кандзякова. Каманда Ушацкай ДЮСШ заваявала чатыры медалі, тры з якіх — на яе рахунку!

У першы дзень мужчыны і жанчыны спаборнічалі ў выкананні практыкавання МВ-8, якое ўключае ў сябе 30 выстралаў лежачы з малакалібернай вінтоўкі на дыстанцыі 50 метраў. Каб стаць самай трапнай, Ганне хапіла 286 ачкоў з 300 магчымых. У мужчын ушачане Аляксандр Пашкевіч, пераможца і срэбраны прызёр мінулых спаборніцтваў Даніла Чумакоў выступілі няўдала і ў выніковым пратаколе апынуліся далёка ад лепшых удзельнікаў.

У другі дзень спаборніцтваў Г.Кандзякова зноў выдатна адпрацавала на агнявым рубяжы і пацвердзіла высокі ўзровень падрыхтоўкі — ёй не было роўных у выкананні комплекснага практыкавання МВ-4. Пасля 10 выстралаў з калена, 10 лежачы і 10 стоячы на дыстанцыі 50 метраў Ганна сабрала суму ў 262 ачкі, што стала абсалютна лепшым вынікам не толькі сярод жанчын, але і сярод мужчын, дзе пераможца ў аналагічным практыкаванні выбіў 258 ачкоў, а наш зямляк А.Пашкевіч з 247 ачкамі стаў бронзавым прызёрам.

Не засталася без узнагароды Аня і ў заключны дзень першынства. У стральбе з 10 метраў стоячы наш кандыдат у майстры спорту нягледзячы на няўдалую першую серыю ў далейшым змагла сабрацца і заваяваць яшчэ адзін медаль — на гэты раз бронзавы. У спаборніцтвах мужчын найбольш удала з прадстаўнікоў нашай ДЮСШ выступіў Д.Чумакоў — 340 ачкоў і пятае выніковае месца.

П.Варатынскі, трэнер Ушацкай ДЮСШ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *