Реализация топлива населению: проблемы и нововведения

Калейдоскоп

Галоўная задача райпаліўзбыта – забеспячэнне насельніцтва палівам, і арганізацыя з ёй паспяхова спраўляецца. Трэба сказаць, што за апошнія гады крыху зменшылася рэалізацыя дроў і брыкету, што звязана як са змяншэннем колькасці насельніцтва раёна, так і падключэннем да прыроднага газу новых абанентаў “Атрымліваецца, што газавікі ў нейкім сэнсе сталі нашымі канкурэнтамі – кажа дырэктар прадпрыемства Г.Р.Чабатар. – Але гэта працэс звычайны, які абумоўлены тэхнічным прагрэсам”. Большай жа праблемай для прадпрыемства з’яўляецца дзейнасць канкурэнтаў­нелегалаў. Аб гэтым і некаторых змяненнях у механізме выпіскі паліва насельніцтву наша гутарка з Генадзем Рыгоравічам.

– Цёплая зіма сёлетняга года напэўна значна зэканоміла дровы насельніцтва, але ж добры гаспадар заўсёды рыхтуе паліва загадзя…

– Так, некаторыя жыхары ўжо напрыканцы апошняга зімняга месяца клапоцяцца аб нарыхтоўцы дроў для наступнага ацяпляльнага сезона, а ў нас на сённяшні дзень дастатковы запас і драўніны, і брыкету. Мы толькі вітаем такую ініцыятыву, бо гэта дазваляе пазбегнуць чэргаў, эфектыўна выкарыстоўваць тэхніку і людскія рэсурсы, працаваць без аўралу.

– Ведаю, што вам даводзіцца вытрымліваць канкурэнцыю з боку прыватнікаў, якія, выпісаўшы за “капейкі” ўчасткі для саманарыхтоўкі, потым рэалізуюць дровы насельніцтву.

– Сапраўды, праблема існуе, асабліва ў аддаленых вёсках, бо менавіта транспартныя паслугі для дастаўкі драўніны туды значна павышаюць кошт, ды і ў адрозненні ад “нелегалаў” мы плацім падаткі. Разумею і тое, што людзі набудуць там, дзе дзешавей, хаця ў прыватнікаў цэны мала чым адрозніваюцца ад нашых, а бывае, што і большыя. Да ведама насельніцтва падкажу механізм, як можна зменшыць кошт паліва. Для гэтага жыхары невялікіх вёсак могуць сабрацца і праз старэйшыну або сельсавет заказаць у нас дровы на некалькі домаўладанняў. З дапамогай лясгаса значны аб’ём завозім у населены пункт двухметровымі, выязджаем на месца, распілоўваем на цуркі і развозім па падворках. З­за змяншэння транспартных расходаў кошт паліва будзе намнога танней, не давядзецца пераплачваць прыватнікам, ды і лясгасу не трэба завозіць дровы нам на базу. Карацей кажучы – выгадна ўсім. Хачу зазначыць, што работнікі нашага прадпрыемства могуць аказаць дапамогу ў распілоўцы дроў, нават калі яны набываліся не ў нас, а нарыхтоўваліся самастойна або выпісваліся ў лясніцтве. Зразумела, што тут таксама ўлічваюцца транспартныя расходы, таму гаспадарам выгадней аб’яднацца для паслугі. Яшчэ раз нагадаю, што для заказу дроў або брыкету неабавязкова наведваць наша прадпрыемства – гэта можна зрабіць па тэлефонах, а разлічыцца і аформіць выпіску непасрэдна пры дастаўцы паліва на дом. Нашы нумары: 2­75­95 і 2­70­93.

– Ці ёсць якія змяненні ў механізме рэалізацыі паліва насельніцтву?

– З 1 сакавіка пачынаюць дзейнічаць правілы, згодна якім для выпіскі драўніны пры сабе неабходна мець паліўную кніжку. Скажу, што для грамадзян гэта не складзе нейкіх цяжкасцей. Тым, хто не мае гэтага ўліковага дакумента, мы яго абсалютна бясплатна выпішам пры звяртанні з заяўкай на паліва ў нашу арганізацыю. Гэта новаўвядзенне звязана з тым, што акрамя нас, насельніцтва можа выпісаць дровы па льготным кошце і ў лясніцтве. Квота на домаўладальніка па льготным кошце складае 4,9 метра кубічных драўніны. Для таго каб грамадзяне не скарысталіся гэтым некалькі разоў і ўводзіцца такое патрабаванне.

Гутарыў Дзмітрый  Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *