История…в купюрах. Необычная выставка работает в музее народной славы в марте

Калейдоскоп

Грошы – нашы пастаянныя спадарожнікі ў жыцці, але інтарэс да іх можа быць не толькі з фінансавага боку гледжання, але і з пазнавальнага, бо кожная банкнота адлюстроўвае гісторыю развіцця сваёй краіны, а некаторыя – і іншых.

У той час, калі віцебскі калекцыянер Леанід Ялаў пачаў збіраць сваю калекцыю, у Савецкім Саюзе мала хто ўяўляў сабе, як выглядае асноўная грашовая адзінка капіталістычнага свету, а ўбачыць долары просты чалавек мог хіба што ў сатырычных малюнках журнала “Крокодил”. Першую амерыканскую купюру наміналам у адзін долар калекцыянеру прывёз з загранічнай камандзіроўкі знаёмы, а зараз ва ўнікальнай калекцыі Л.Ялава “Долары краін свету”, выстава якой пачала працаваць ва Ушацкім музеі народнай славы з 10 сакавіка, налічваецца 294 прадметы, з якіх 258 – арыгінальныя купюры, а 36 – высокай якасці копіі доларавых банкнот 26 краін свету з Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Азіі, Аўстраліі і Акіяніі.

Сама па сабе гэта калекцыя ўнікальная і бясцэнная, аднак калі падлічыць яе грашовае выражэнне, то атрымаецца 150 трыльёнаў долараў з “капейкамі”. Такая астранамічная лічба дасягаецца наяўнасцю ў калекцыі самай вялікай у свеце купюры па намінале – 100 трыльёнаў долараў Зімбабве. Гэтыя грошы выкарыстоўваліся ў краіне да той пары, пакуль з­за гіперінфляцыі бохан хлеба не дасягнуў кошту 10 мільярдаў, а папера не стала даражэй за банкноты. Наогул у кожнага з экспанатаў свая гісторыя. Тут можна ўбачыць і сапраўдныя срэбраныя доларавыя сертыфікаты 1899 года выпуску, традыцыйныя папяровыя грошы і зробленыя са спецыяльнага палімернага матэрыялу, новазеландскія “ківі­долары” і двухдоларавыя купюры, якія ў ЗША лічацца нешчаслівымі, а ў нас, наадварот, іх носяць у кашальку, каб вадзіліся грошы. Вельмі ўражваюць “бананавыя грошы”, якія Японія выпусціла для акупіраванай у гады Другой сусветнай вайны Малайзіі, бо яны больш напамінаюць яркую рэкламу тропікаў з бананамі і какосамі, за што амерыканцы празвалі іх “Мікі Маусамі”.

У кожнай краіне долары адрозніваюцца афармленнем і дызайнам. На выставе экспануюцца ўваходзячыя ў дзясятку найбольш маляўнічых купюр свету ганконгскі долар і долар астравоў Кука з выявай русалкі, якая плыве на акуле. Ёсць памятныя, сувенірныя і калекцыйныя серыі, долары, якія не з’яўляюцца плацежным сродкам, але маюць вельмі цікавую гісторыю. Напрыклад, рытуальныя долары з “загробнага банка” Кітая, якімі праводзяць нябожчыкаў у апошні шлях, антарктычныя і іншыя.

Калекцыя, якая фарміравалася на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў, будзе выстаўлена ў музеі народнай славы да 29 сакавіка і дае магчымасць папоўніць свае веды самаму шырокаму колу наведвальнікаў. Ацаніць экспанаты выставы ўжо паспелі як вучні некаторых класаў Ушацкай школы, так і дарослыя наведвальнікі. Для іх, напэўна, калекцыя нават больш цікавая.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *