13 команд приехали в Ушачи на турнир по дзюдо памяти С.Шедько

Cпорт

Трынаццаць каманд прыехалі сёлета ва Ушачы на штогадовы турнір памяці Станіслава Шэдзько, каб разыграць такую ж колькасць камплектаў узнагарод. Аднак нягледзячы на збег “нешчаслівых” лічбаў турнір як заўсёды атрымаўся відовішчным і ўдалым.

Традыцыйна гэтыя спаборніцтвы прывабліваюць самых перспектыўных юных дзюдаістаў з Мінска, Віцебска, Полацка, Наваполацка і іншых месцаў, дзе развіваецца гэты алімпійскі від спорту. З гатоўнасцю прыязджаюць на яго былыя выхаванцы Станіслава Анатольевіча: сёлета сярод ганаровых гасцей былі Наталля Гайковіч, Надзея Урбановіч, а Алена Карэйша прывезла для ўдзельнікаў чатыры каштоўныя прызы ад наваполацкага спарткомплексу “Атлант”, дзе яна зараз працуе. Пазітыўныя эмоцыі ад турніру засталіся ў майстра спорту СССР віцябчаніна Сяргея Аляксеевіча Ушакова: па­першае, ён заўсёды рады бываць у сваіх ушацкіх сяброў­калег, а па­другое, прадаўжальнік яго справы, унук Улад Жуплевіч атрымаў перамогу ў сваёй вагавой катэгорыі. Удалым выступленнем на дамашнім татамі парадавалі балельшчыкаў і ўшачане. На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзняліся Максім Малак і Іван Броўка, срэбраныя медалі атрымалі Насця Пугачова, Таццяна Падгола, Ягор Курбака, Ілья Каваленка, Дзмітрый Адамовіч і Ганна Ціханёнак. Для Ані, а таксама нашых бронзавых медалістак Паліны Мацюшэнкі і Ксюшы Шаўчэнкі, якія толькі першы год займаюцца дзюдо, гэта былі дэбютныя спаборніцтвы падобнага рангу і, канечне, атрыманыя ўзнагароды стануць выдатным стымулам для далейшага росту. Яшчэ пяць бронзавых медалёў на рахунку Эльвіры Падгола, Івана Разу­ваева, Дзмітрыя Кірпіча, Аляксандра Кузьміна і Яраслава Ларчанкі.

Поспехі нашых юных дзюдаістаў – лепшае ўшанаванне памяці Станіслава Анатольевіча Шэдзько. І вельмі прыемна, што прысвечаны яму турнір штогод пацвярджае свой высокі статус, разглядаецца нават магчымасць яго занясення ў рэспубліканскі каляндар спаборніцтваў. Дарэчы, ужо сёлета ён мог стаць міжнародным, бо прыехаць да нас планавалі дзюдаісты з расійскага горада Электрасталь, аднак гэтаму перашкодзілі аб’ектыўныя абставіны. Што ж, будзем чакаць і беларускіх, і замежных спартсменаў на гасціннай Ушаччыне ў наступным годзе.

В.ДЖУРАЕВА, галоўны сакратар спаборніцтваў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *