В Доме ремёсел прошло необычное и интересное мероприятие — выставка-праздник «Славутыя майстры Ушаччыны»

Культура Общество

Узяць урок малявання ў вядомага мастака, які напісаў паўтары тысячы карцін, разам з майстрыхай зрабіць з ласкута тканіны ляльку з побыту нашых бабуль і прабабак, уважліва разгледзець і сфатаграфаваць унікальныя работы людзей, рукі якіх прынята называць залатымі, і распытаць іх пра вытворчыя сакрэты – усе гэтыя магчымасці з задавальненнем выкарыстоўвалі госці выставы­-свята “Славутыя майстры Ушаччыны”, арганізаванай раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці.

Цёплае вераснёўскае надвор’е дазволіла правесці мерапрыемства на свежым паветры – ва ўтульным двары Ушацкага дома рамёстваў, ну а сярод яго ўдзельнікаў было шмат школьнікаў, што і не дзіўна, бо менавіта падрастаючаму пакаленню – гэтым цікаўным, актыўным хлопчыкам і дзяўчынкам – пераймаць вопыт нашых славутых народных умельцаў, каб захоўваць і працягваць у далейшым багатыя творчыя традыцыі Ушаччыны.

Трэба сказаць, што ад стракатай панарамы сапраўдных народных шэдэўраў, выстаўленых па ўсім перыметры вялікага двара, літаральна разбягаліся вочы. Каб з’арыентаваць гледачоў, дырэктар Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч і кіраўнік народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне” Ала Васільеўна Кузусёнак прадставілі гасцям кожнага з творцаў, расказалі, у якіх жанрах яны працуюць. Асаблівая ж увага дасталася ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Дзям’яну Уладзіміравічу Крупеню – старажылу “Адраджэння”, які ўваходзіць у склад клуба літаральна з самага яго адкрыцця, а гэта больш 20 гадоў. Ён спецыяльна прыехаў на свята з Глыбачкі, прэзентаваў дзве новыя карціны, ахвотна дзяліўся сакрэтамі свайго майстэрства: на вачах абступіўшых яго школьнікаў зрабіў замалёўку з натуры. “Ужо каля двух гадоў спрабую сябе ў маляванні, таму мне вельмі цікава ўвачавідкі пасачыць за тэхнікай такога майстра!” – адзначыў шасцікласнік Ян Шэдзько. А вось дзяўчаткі адразу сабраліся ля стала з прыгожымі лялькамі, дзе ўрок па іх вырабе давала майстар дома рамёстваў Алена Бутоўская. “Як прыгожа ўсё зроблена! Вось бы нам так навучыцца!” – не хавалі захаплення пяцікласніцы Ксюша Лапёнак, Маша і Даша Кісялёвы. Майстрыха нават крыху разгубілася, бо пад канец мерапрыемства ледзь не ўсе дзяўчаткі і нават некаторыя хлопчыкі паабяцалі, што прыйдуць да яе на гурток. Вельмі ўразілі ўсіх мініяцюрныя драўляныя вырабы майстра дома рамёстваў Андрэя Казіцкага (напрыклад, арыгінальны букет з маленькіх драўляных шпакоўняў), работы яго калег Айгуль Смык, Крысціны Малышкінай і Крысціны Кляшчонак. Як заўсёды найвышэйшым узроўнем вылучаліся вырабы Вольгі і Вячаслава Мурашовых, а творы Ганны Бабянок паразілі не толькі гледачоў, але і калег – прынамсі, вельмі высока ацаніў яе берасцяныя карціны прыгаданы вышэй мэтр жывапісу Д.У.Крупеня. Выклікалі вялікую цікавасць і работы іншых народных умельцаў – удзельнікаў клуба “Адраджэнне”.

За значны ўклад у захаванне творчых традыцый ушацкія майстры былі адзначаны дыпломамі, якія ўручыла дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Пятроўна Макрыдзіна. Выдатнае афармленне выставы, маштабныя дэкарацыі, разнастайная забаўляльная праграма зрабілі гэтае мерапрыемства яркім і запамінальным, а галоўнае, у многіх гледачоў з’явілася жаданне паспрабаваць сябе ў якой­небудзь творчай справе.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *