Снега хватило всем! Как в Ушачах прошли районные соревнования «День снега-2016»

Cпорт

Сусветны дзень снегу адзначаецца ў студзені па ініцыятыве Міжнароднай лыжнай федэрацыі больш чым у 40 краінах свету. Яго мэта – далучэнне людзей да зімовых відаў спорту. Каардынатарам Сусветнага дня снегу ў Беларусі з’яўляецца Лыжны саюз. Ініцыятыву таксама падтрымалі Міністэрства спорту і турызму, а таксама адпаведныя рэгіянальныя ўпраўленні.

Нібы па заказе надвор’е ў мінулыя выхадныя было надзвычай спрыяльным для ўдзельнікаў раённых спаборніцтваў “Дзень снегу-­2016” – каманд прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны. Парадавала снежнае покрыва, што з’явілася напярэдадні, і аптымальны для заняткаў зімнімі відамі спорту мароз.

Пачалося свята з традыцыйнага пастраення і ўзняцця сцяга (права зрабіць гэта было дадзена мінулагоднім пераможцам – камандзе раённага вузла электрасувязі). Перад спартсменамі выступіла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч. Яна павіншавала прысутных з міжнародным Днём снегу, а пасля падбадзёрыла тых, хто ўпершыню за доўгі час стаў на лыжы: “Самае важнае для ўсіх – паспяхова дайсці да фінішу!”.

А дзясятай гадзіне лыжная траса каля вуліцы Дружбы ажыла і загаманіла: на машынах, аўтобусах і пешшу сюды прыбывалі ўдзельнікі “Беларускай лыжні­2016”. Загучалі з дынамікаў любімыя ўсімі песні, лыжнікі праводзілі апошнія трэніроўкі, знаёміліся з дыстанцыяй, а першыя пакупнікі ўжо набывалі гарачы чай і пачастункі ў размешчанай непадалёк палатцы райспажыўтаварыства.

Паспаборнічаць за перамогу на дыстанцыі ў гэты дзень выйшлі прадстаўнікі сямі каманд. Сваіх удзельнікаў дэлегавалі райспажыўтаварыства, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райгаз, цэнтральная раённая бальніца, Ушацкая школа, жыллёва­камунальная гаспадарка, а таксама аддзел па надзвычайных сітуацыях і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадстаўнікі якіх аб’ядналіся ў адну каманду.

“Беларуская лыжня”

І вось дадзены масавы старт лыжнай эстафеты. Першымі на дыстанцыю выйшлі прадстаўнікі моцнага полу. Ім трэба было пераадолець дастаткова працяглую дыстанцыю ў два кіламетры. Хоць арганізатары і запэўнівалі, што траса зусім не цяжкая (абышлося без рэзкіх уздымаў і віражоў), прыкрых падзенняў удзельнікаў усё роўна хапала.

Асноўнымі прэтэндэнтамі на перамогу яшчэ да старту лыжнай гонкі многія называлі выратавальнікаў. І, трэба сказаць, кулуарныя прагнозы апраўдаліся – літаральна з першых метраў тыя захапілі лідарства, здолелі захаваць пазіцыі і прадстаўніцы прыгожай паловы каманды. Нельга было без захаплення назіраць за ўпэўненым і імклівым рухам сацыяльнага работніка Ніны Гатаўскай – пасля фінішу жанчына прызналася, што з задавальненнем прабегла б яшчэ круг.

Як заўсёды, з вялікім запалам удзельнічаў у спаборніцтвах гарачы прыхільнік і прапагандыст лыжнага спорту Мікалай Фядосенка. Заражаў усіх пазітывам нястомны дырэктар Ушацкай школы Віталь Клімашэўскі. Выдатныя спартыўныя здольнасці дэманстравала на трасе моладзь – так, напрыклад, калега Віталя Іосіфавіча Эльвіра Цвірбут за адзін кіламетр дыстанцыі здолела ўзняць каманду на дзве пазіцыі і вывесці яе тым самым у лік прызёраў.

Увогуле, усе ўдзельнікі вельмі стараліся, а тэхнічныя недахопы кампенсавалі гарачым імкненнем не падвесці каманду. Вынікі ж спаборніцтваў “Беларуская лыжня­2016” былі агучаны пазней – у будынку Ушацкай школы, дзе прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне. Не было роўных аб’яднанай камандзе аддзела па надзвычайных сітуацыях і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, другімі сталі прадстаўнікі жыллёва­камунальнай гаспадаркі, трэцімі – Ушацкай школы.

На паласе перашкод

Працягнулася правядзенне Дня снегу зімняй эстафетай. Праўда, каб канчаткова не “замарозіць” удзельнікаў спаборніцтваў, арганізатарамі было прынята рашэнне правесці яе ў спартыўнай зале Ушацкай школы. Хакей, слалам, кіданне снежак у карзіну і іншыя зімовыя віды не ішлі ў разрэз з тэматыкай свята і яшчэ больш разахвоцілі спартсменаў і балельшчыкаў. Лепшых вынікаў у эстафеце дасягнулі каманды Ушацкай школы, РАНС і ТЦСАН, а таксама райспажыўтаварыства – першае, другое і трэцяе месцы адпаведна.

Сіла рук  і камандны дух

Асобна хочацца расказаць пра спаборніцтвы па перацягванні каната, якія сёлета таксама ўваходзілі ў праграму спартыўнага свята. Асаблівасцю іх правядзення стала тое, што ў склад каманд уваходзілі не толькі мужчыны, але і прадстаўніцы прыгожай паловы. Гэта дазволіла ўраўнаважыць сілы, дадало відовішчнасці спаборніцтвам. Трэба было бачыць, з якой апантанасцю ўшацкія асілкі выяўлялі мацнейшых. Нервы не вытрымлівалі нават у гледачоў: некаторыя з іх так і наравілі ўхапіцца за хвост вяроўкі і дапамагчы ўдзельнікам (што, безумоўна, забаронена правіламі). А каманды, сапраўды, былі дастойнымі. Адчайна змагаліся газавікі і кааператары, доўга не здавалі пазіцый камунальнікі і каманда Ушацкай школы. Да апошняга моманту не было зразумела, хто атрымае вікторыю: дружныя і згуртаваныя медыкі, упартыя работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ці атлетычныя выратавальнікі… У выніку гэтая годная тройка і размеркавала паміж сабой “бронзу”, “срэбра” і “золата” ў адпаведным парадку.

Снежныя фантазіі

Не меншы азарт панаваў у гэты дзень у двары Ушацкай школы, дзе з самага ранку прадстаўнікі каманд дэманстравалі мастацкія здольнасці – ляпілі фігуры са снегу. Зрэшты, занятак гэты простым не назавеш, тым больш што на тэрмометры ішоў адмоўны адлік, а будаўнічы матэрыял ніяк не паддаваўся лепцы. І тут на дапамогу прыйшлі вада і цярпенне. На самой справе, не толькі сем вядзёр вады спатрэбілася, але і сем патоў сышло са старанных, апантаных справай работнікаў арганізацый Ушаччыны, перш чым глыбы снегу ператварыліся ў прыдуманыя выявы.

І вось ужо на заснежанай палянцы праглядваюцца абрысы абаяльнай чарапахі, добрага мядзведзя, вясёлага вусеня. Аднымі з першых справіліся з заданнем прадстаўнікі райгаза і райспажыўтаварыства. Зрэшты, апошнія пайшлі далей сваіх апанентаў і выкарысталі ў сваёй рабоце не толькі снег, але і лёд. Як расказала старшыня прафкама арганізацыі і лідар каманды Ірына Долгая, ягады для імправізаванай гронкі вінаграду рыхтавалі загадзя – замарожвалі пафарбаваную ваду ў паветраных шарах, каб атрымаліся ледзяшы акруглай формы.

Без праблем можна было знайсці творчую пляцоўку ўшацкіх медыкаў. Карэта хуткай медыцынскай дапамогі, насілкі і некаторыя іншыя ўрачэбныя”элементы выгадна вылучаліся сярод іншых фігур сваёй рэалістычнасцю.

Некалькі разоў мянялі тактыку дзеянняў прадстаўнікі РАНС і ТЦСАН. У іх снежную кампазіцыю пад назвай “Марское дно” першапачаткова павінны былі ўвайсці толькі чарапаха і рыбка. Пазней вырашылі дадаць яшчэ марскую зорку, пасля – водарасці і каралы. Калі б не абмежаваны для правядзення конкурсу час, здавалася, уся пляцоўка магла ператварыцца ў багатую водную стыхію.

Як толькі “снежная галерэя” была закончана, за наведвальнікамі справа не стала. Ідучы па райцэнтры, дарослыя і дзеці з цікаўнасцю збочвалі да школы, каб разгледзець снежныя скульптуры, сфатаграфавацца з імі на памяць.

– Падзівіцца такой прыгажосці прыходжу кожны раз, як ладзяцца падобныя мерапрыемствы, – падзялілася з намі ўшачанка Яўгенія Міхайлаўна Севярын. – Калі ёсць магчымасць, бяру з сабой і ўнучку – для яе ўбачанае становіцца сапраўднай казкай. Сёння ж адзінае, аб чым шкадую, – што не давялося трапіць на лыжную гонку. Увогуле, лічу, што спартыўныя святы вельмі патрэбныя ў наш час як для моладзі, так і для людзей пажылога ўзросту.

Выбіраючы сярод снежных фігур пераможцу, члены журы доўга не маглі прыйсці да агульнага рашэння – бралі ў разлік памеры “скульптур”, іх афарбоўку, выкарыстанне дадатковых – не снежных – элементаў, прыслухоўваліся да меркаванняў прахожых. У выніку лепшай была прызнана работа каманды вузла электрасувязі – абаяльны, нібыта плюшавы мядзведзь пакарыў сэрцы ўсіх без выключэння. “Срэбра” дасталася прадстаўнікам Ушацкай школы, якія пасялілі побач са сваёй “альма­матэр” вялізнага дружалюбнага вярблюда. Трэцяе месца дасталася зборнай камандзе РАНС і ТЦСАН з іх “Марскім дном”.

Прайграўшых не было

І ўсё ж, напэўна, з найбольшай цікавасцю чакалі ўшачане агульнакамандных вынікаў спаборніцтваў, дзе невялікую затрымку ў размеркаванне канчатковых месцаў унесла складаная сістэма падліку ачкоў, якія набіралі ўсе прадстаўнікі калектываў. Дружныя апладысменты, дыпломы і ўзнагароды ад аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” чакалі ў гэты дзень мацнейшых спартсменаў – каманду РАНС і ТЦСАН (першае месца), Ушацкай школы (другое) і ЦРБ (трэцяе).

Напрыканцы хацелася б адзначыць, што сёлетні Дзень снегу дазволіў ушачанам не толькі выявіць свае спартыўныя якасці, прадэманстраваць прыхільнасць да здаровага ладу жыцця, але і яшчэ больш умацаваць згуртаванасць і карпаратыўны дух. Спадзяемся, працоўныя калектывы, якія не пажадалі сёлета далучыцца да свята, пашкадуюць пра гэта, прачытаўшы наш артыкул, і ў наступны раз не паўтораць сваёй памылкі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *