Не выживать, а жить. В ОАО «Деменец» подвели итоги года

Сельское хозяйство

Не атрымліваецца ў дырэктара ААТ “Дземенец” справаздач звычайных. Вось і на сёлетнім сходзе А.В.Шарыпенка акрамя традыцыйнага падвядзення вынікаў і глыбокага аналізу стану спраў у гаспадарцы большую частку свайго выступлення гаварыў зусім не аб здабытках і дасягненнях. Тут не жывуць учарашнім днём, хаця ў гаспадарцы ёсць чым ганарыцца. Былі на руках ва ўдзельнікаў сходу лічбы з паказчыкамі дзейнасці таварыства, але мала хто глядзеў у іх – усе ўважліва слухалі дырэктара. Эмацыянальна, на прыкладах кіраўнік вёў жывы дыялог з калектывам, як разумна распараджацца тым, што ёсць, выходзіць на новы ўзровень вытворчасці. Асноўны лейтматыў – у няпростых умовах трэба не выжываць, а працаваць спакойна і з планамі на развіццё.

У звыклым статусе перадавікоў

80 працэнтаў усіх даходаў гаспадаркі прыпадае на рэалізацыю прадукцыі раслінаводства. “Дземенец” дванаццаць год запар займае першае месца ў раёне па ўраджайнасці зерневых культур, а рэкордны паказчык атрымалі якраз па выніках мінулага – 45,4 цэнтнера з гектара ў бункернай вазе, ці 41 у свірнавай. Намалочана 5470 тон зерня – трэці ў раёне паказчык па валавым зборы і 177 працэнтаў да ўзроўню 2014 года. А калі ўлічыць, што ў папярэдні сезон рост аб’ёмаў вытворчасці зерня склаў 139 працэнтаў, то можна казаць аб тым, што за апошнія два гады гаспадарка павялічыла вытворчасць збожжавых практычна ўдвая. Мясцовыя хлебаробы зноў сталі першымі і па ўраджайнасці рапсу. Не без гонару падкрэсліў дырэктар, што іх праца ў мінулым годзе адзначана не толькі ў раёне, але і ў вобласці.

На вучобу ў “Цыганок”

І калі 45 цэнтнераў зерневых з гектара ў раслінаводстве пры ўрадлівасці нашых зямель – гэта фактычна мяжа і прыросту можна дасягнуць толькі пры ўмовах унясення значнага аб’ёму вельмі дарагіх угнаенняў, то ў жывёлагадоўлі ёсць яшчэ шмат рэзерваў для росту. Пэўныя зрухі ў апошні год ёсць. У мінулым годзе ў рэканструкцыю малочнага блока і набыццё абсталявання для фермы ўкладзены не адзін дзясятак мільёнаў рублёў. Вытворчасць малака ўзрасла на 130 працэнтаў, на 136 працэнтаў павялічыліся дзённы надой ад каровы, аб’ёмы продажу. Упершыню амаль пятую частку прадукцыі рэалізавалі сортам “экстра” (за студзень бягучага года – ўжо 69 працэнтаў), узраслі прывагі і выхад цялят. Але ў цэлым галіна яшчэ з’яўляецца стратнай. “2674 літры малака ад каровы – менш чым у “Вялікадолецкім” ажно на тону, – прывёў прыклад А.В.Шарыпенка. – Ёсць на каго раўняцца і куды расці нават у межах раёна”. Аляксандр Віктаравіч на поўным сур’ёзе выказаў меркаванне, што ў мэтах вучобы было б карысна звазіць на малочнатаварную ферму “Цыганок” не толькі спецыялістаў, але ўсіх занятых у жывёлагадоўлі працаўнікоў (15 чалавек). Яны, дарэчы, былі не супраць – абы на карысць справе.

Лічбы ўражваюць

Усяго ж за неблагімі агульнымі паказчыкамі – намаганні калектыву з 47 чалавек. На кожнага работніка таварыства ў мінулым годзе выраблена прадукцыі амаль на 300, рэалізавана – на 212 мільёнаў рублёў. У “Дземенцы” зарплату не “далічваюць” і не “нацягваюць” – зарабляюць. Яе сярэдні памер за мінулы год самы высокі сярод гаспадарак раёна – 3933 тысячы рублёў. Да прыкладу, гэта амаль удвая больш чым у КУСГП “Кублічы” ці ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Пры гэтым у выручцы сельгаспрадпрыемства на долю заработнай платы прыходзіцца 24 працэнты. У гаспадарцы яшчэ ў студзені месяцы поўнасцю разлічыліся з работнікамі па зарплаце, прычым грашыма.

Эканоміка і эканомія

“600 кілаграмаў камбікорму і 5 тон сенажу з’ядаюць кожны дзень каровы на ферме гаспадаркі. Выдаткі на абслугоўванне статку каля 5, а выручка – 4,5 мільёна рублёў. Як скараціць страты, нават пры сённяшніх надоях?” – над такой вось задачай прапанаваў задумацца сваім работнікам дырэктар калектыву. І калі варыянт з павышэннем якасці прадукцыі некаторыя агучылі, то вось прапановы эканоміць на электраэнергіі, якая часта выкарыстоўваецца без патрэбы, ніхто не выказаў. Між тым, гэта не дробязь. Як і эканомія паліва, беражлівыя адносіны да тэхнікі – у складаных фінансавых умовах кіраўніцтва гаспадаркі пралічвае кожную капейку, бо 55 працэнтаў ад выручкі за прадукцыю ідзе на пагашэнне працэнтаў па раней атрыманых крэдытах. Пагаршае сітуацыю праблема неплацяжоў, за здадзеную ўвосень прадукцыю некаторыя перапрацоўчыя прадпрыемствы не разлічыліся па сённяшні дзень, ды і гаспадаркі раёна запазычылі “Дземенцу” каля мільярда рублёў. А вось у мясцовых працаўнікоў перад калегамі “сумленне чыстае”.

Дыверсіфікацыя і кіраўнік-менеджар

Розную адукацыю маюць дырэктары сельгаспрадпрыемстваў: інжынерную, заатэхнічную, агранамічную, як А.В.Шарыпенка. Вось толькі ён справядліва лічыць, што сённяшні кіраўнік абавязкова павінен быць яшчэ і менеджарам, ведаць асаблівасці рынка, шукаць аптымальныя варыянты збыту прадукцыі, асабліва пры невысокіх закупачных цэнах. У гаспадарцы ідзе дыверсіфікацыя не толькі ў вытворчасці, але і ў продажы. У мінулым годзе выканалі дзяржзаказ і пастаўлялі рапс не толькі на Віцебскі маслаэкстракцыйны завод па 3400 тысяч рублёў за тону – знайшлі заказчыка аж у Клецку, дзе масланасенне прымалі па 5400 тысяч рублёў. Зімой і зараз некаторыя арганізацыі за тону рапсу прапануюць да 6 мільёнаў рублёў. На жаль, у гаспадарцы няма магчымасці захоўваць значныя аб’ёмы масланасення і прадаваць яго прыходзіцца практычна “з колаў”, але ўсё роўна з мэтазгоднасцю і неабходнасцю павелічэння плошчаў пад запатрабаваную культуру са 130 да 300 гектараў згадзіліся ўсе ўдзельнікі сходу. Ляжыць на складах 1200 тон жыта, якое было незапатрабаваным, значыць плошчы пад яго скарачаюцца, а вось асартымент вырошчваемых культур пашыраецца. Ужо сёлета ў сельгаспрадпрыемстве спадзяюцца на ўраджай азімых ячменю і трыцікале, зноў будуць сеяць грэчку,  працягваюць шукаць пакупнікоў на лубін. Яго можна вельмі выгадна прадаць – 2,5 тоны Гарадоцкая птушкафабрыка закупіла па 8800 тысяч рублёў за тону. 100 тон лубіну можна рэалізаваць як насенне, калі не атрымаецца – пойдзе як бялковая сыравіна, а можна правесці абмен на ячмень або трыцікале ў адносінах 1 да 7!

Завяршыць “пераўзбраенне”

У мінулым годзе ў гаспадарку паступіла 6 новых трактароў розных мадыфікацый, у тым ліку і адзіны пакуль у раёне “губернатарскі” МТЗ­3522, сертыфікат на які атрымалі ад кіраўніка вобласці на абласных дажынках. Дзякуючы гэтаму ў гаспадарцы бадай што самая вялікая энергаўзброенасць і ў разліку на аднаго працаўніка, і на адзінку плошчы. Самы старэйшы трактар МТЗ­82 датуецца 2001 годам выпуску, 10 год эксплуатуецца МТЗ­952, астатнія трактары па ўзросце значна маладзей. Мае патрэбу гаспадарка ў дыскатары і пасяўным агрэгаце, усе астатнія неабходныя глебаапрацоўчыя агрэгаты ёсць. А вось пры пастаянным пашырэнні плошчаў адчуваецца дэфіцыт збожжаўборачных камбайнаў, таму летам і ўвосень наладзілі ўзаемавыгадную кааперацыю з ПУП “Ляснеўшчына”. Камбайны прыватнага прадпрыемства дапамагалі ўбіраць зерневыя, а тры трактары “Дземенца” ў лістападзе ўздымалі зябліва ў “Ляснеўшчыне”. Набыць многамільярдную тэхніку адразу не атрымаецца, таму будзе разглядацца варыянт набыцця яе ў лізінг.

Да новых рэкордаў

Калі ўдасца набыць тэхніку, за яе прыйдзецца кожны месяц плаціць вытворцам, як і за тую, што ўжо працуе, далей разлічвацца па крэдытах. Выхад адзін – нарошчваць вытворчасць. Таму ў “Дземенцы” задача­мінімум на гэты год – спрацаваць не горш, чым у мінулым. Зноў запланавана пашырэнне пасяўных плошчаў, бо чарговая планка ў раслінаводаў зноў рэкордная – шэсць тысяч тон збожжавых. У жывёлагадоўлі планы не менш амбіцыйныя: атрымаць 3500 кілаграмаў малака ад каровы, павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы да 250 галоў. Наогул, перад жывёлаводамі пастаўлена задача за два гады дагнаць па надоях “Вялікадолецкае”, а адзіная ферма гаспадаркі павінна стаць узорна­паказальнай.

З любоўю да зямлі

Нягледзячы на ўсе цяжкасці ў гаспадарцы захавалі галоўнае – калектыў і пазітыўны настрой на плённую працу. Як могуць падтрымліваюць матэрыяльна і дапамагаюць не толькі сваім работнікам, а яшчэ царкве, установам адукацыі, дзіцячаму прытулку, дому сямейнага тыпу. Абмеркаванне аднаго з галоўных пытанняў: унясенне змяненняў і дапаўненняў у калектыўны дагавор, уклалася ў некалькі хвілін. Характарызаваць яго можна коратка: хацелася б і больш, але трэба зыходзіць з рэалій – будзе прыбытак, свабодныя грошы, тады можна будзе і перагледзіць некаторыя пункты.

У гаспадарцы, дзе галоўнае багацце, зямлю, параўноўваюць з жывым арганізмам, і адносіны да яе адпаведныя. Аляксандр Віктаравіч падлічыў, што па выніках работы за мінулы год невялікі калектыў “Дземенца” ўмоўна забяспечыў хлебам, хлебабулачнымі вырабамі, мукой, макаронамі і крупамі каля 25 тысяч чалавек. А такіх вынікаў можна дабіцца толькі з любоўю да зямлі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *