В День Конституции Республики Беларусь 20-ти юношам и девушкам Ушаччины в торжественной обстановке были вручены паспорта

Наши дети Образование и молодежь

Учора, 15 сакавіка, калі краіна святкавала Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ва Ушачах адбылося ўрачыстае мерапрыемства ў рамках Усебеларускай патрыятычнай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”. У гэты дзень у зале пасяджэнняў райвыканкама 20­ці чатырнаццацігадовым жыхарам раёна былі ўручаны галоўныя дакументы – пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Сабраліся тут толькі самыя лепшыя маладыя юнакі і дзяўчаты, якія праявілі сябе ў вучобе, грамадскім жыцці школ, актывісты БРСМ, пераможцы прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, творчых фестываляў і конкурсаў.

Першым з Днём Канстытуцыі ўдзельнікаў урачыстасці павіншаваў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч. Звяртаючыся да маладых ушачан, ён зазначыў, што з гэтага моманту яны становяцца паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны. “Перад вамі адкрыюцца ўсе жыццёвыя дарогі – і я ўпэўнены, што яны будуць плённымі. Зычу ўсім вам у перспектыве толькі прыемных адзнак у пашпартах: аб заключэнні шлюбу, нараджэнні дзетак. А штампу аб рэгістрацыі – мясцовай, ушацкай. Пабольш вам і віз у пашпарце: наведанне замежных краін дазваляе не толькі пашырыць далягляд, але і ўпэўніцца, што няма нічога даражэйшага і больш мілага, чым родная Беларусь”.

Пад гучныя апладысменты Віктар Віктаравіч, а таксама начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка, старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Ушацкага аддзела міліцыі Дзяніс Міхайлавіч Пчолка ўручылі маладым людзям пашпарты.

З нагоды важнай падзеі юнакоў і дзяўчат павіншаваў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Фёдар Раманавіч Пацэйка. Ён выказаў спадзяванне, што цяперашнія школьнікі будуць займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю, добрымі справамі даказваць любоў да Радзімы, захоўваць лепшыя традыцыі продкаў.

Ад імя моладзі перад прысутнымі выступіла вучаніца Ушацкай школы Лізавета Андрыковіч. Дзяўчына агучыла клятву юнага грамадзяніна краіны, абяцанне вучобай, працай і справамі ўмацоўваць аўтарытэт і добрае імя Ушаччыны.

Яшчэ доўга пасля заканчэння ўрачыстасці не разыходзіліся юныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь: дзяліліся сваімі эмоцыямі, фатаграфаваліся на памяць. Пазней жа ўсе яны наведалі музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, што дазволіла яшчэ больш пранікнуцца значнасцю моманту. Яскравым напамінам пра падзеі гэтага асаблівага дня застанецца школьнікам экзэмпляр “Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, а таксама кніга пад гаваркой назвай “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *