Александр Крисёнок стал лучшим водителем во время уборочной кампании

Сельское хозяйство

Калі б магчыма было падлічыць, колькі кіламетраў праехаў за свой працоўны шлях Аляксандр Пятровіч Крысёнак, атрымалася б сямізначная лічба. Хоць і вадзіцель, аднак прафесійным лічыць менавіта свята работнікаў сельскай гаспадаркі, бо гэтай сферы ветэран працы, якому хутка можна будзе ісці на заслужаны адпачынак, прысвяціў усё жыццё.

Да яго вельмі ўдала падыходзіць знакаміты выраз “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”. Менавіта ў родных старасельскіх мясцінах вырашыў жыць і працаваць яшчэ ў маладосці Аляксандр Пятровіч. Спачатку гэта быў калгас імя Дуброўскага, які пазней быў перайменаваны ў “Старасельскі­-Агра”, а потым далучаны да ААТ “Ільюшынскі”. Мяняліся назвы, аднак нязменнымі заставаліся адносіны гэтага чалавека да работы: выконваць даручаную справу сумленна і бездакорна. З тэхнікай А.Крысёнак заўсёды быў на “ты”, лёгка спраўляўся з яе рамонтам. А працаваць прыходзілася ў гаспадарцы і на легкавых, і на грузавых аўтамабілях. Нямала гадоў у добрых руках адслужыў яго ЗІЛ, без якога не абыходзіўся калгас падчас жніва на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў. А калі ў 2010-­м годзе гаспадарка атрымала новы МАЗ, у кіраўніцтва не было ваганняў, каму даверыць гэтую грузавую тэхніку – адназначна Аляксандру Пятровічу! Сёлета А.Крысёнак падчас уборачнай кампаніі перавёз ад камбайнаў 1190 тон зерня і трапіў у лік пераможцаў не толькі ўнутрыгаспадарчага, а і раённага спаборніцтва. Хаця гэтая лічба магла быць значна большая – у час жніва пераключаўся і на іншыя віды работ. Уваходзіў Аляксандр Пятровіч у гэтым годзе і ў склад дэлегацыі Ушаччыны  на абласных “Дажынках” у Сянно.

Не прыходзіцца мужчыну сядзець без справы, а машыне прастойваць і ў цяперашні зімовы сезон: завезці зерне на кірмаш, кармы на ферму – у такой вялікай гаспадарцы заўжды знойдуцца перавозкі.

“Гэта надзвычай спакойны, ураўнаважаны і сціплы чалавек. Заўсёды з’яўляўся прыкладам для астатніх, нават калі і не быў на самых першых пазіцыях!” – так адгукаюцца пра вадзіцеля былыя калегі са “Старасельскага”. Падмацоўваюць жа гэтыя словы і сённяшнія работнікі і кіраўніцтва “Ільюшынскага”: “На яго заўсёды можна разлічваць! Нездарма ж яго прозвішча занесена на Дошку гонару нашага прадпрыемства”.

Ганарыцца ім і любіць клапатлівага бацьку і мужа, добрага гаспадара ўся яго дружная сям’я. Дарэчы, прафесійнае свята будзе адзначаць не толькі сам Аляксандр Пятровіч, а і яго жонка Валянціна Іванаўна, якая таксама ўсё жыццё прысвяціла рабоце ў сельскай гаспадарцы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *