В детском социальном приюте г.п.Ушачи принимают гостей и подарки. Акция «Наши дети» проходит в Ушачском районе

Наши дети

У прадчуванні навагодніх святаў выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулка г.п.Ушачы жывуць даўно. Некалькі тыдняў таму гэтыя трое хлопчыкаў разам з педагогамі пачалі выразаць выцінанкі, майстраваць адмысловыя “снежныя” атрыбуты для ўпрыгожання памяшканняў, прымяраць святочныя ўборы: шыкоўныя капелюшы ўласнай “вытворчасці” і, вядома ж, касцюм пеўня – сімвала надыходзячага года. Ну а калі днямі ў цэнтры прасторнай залы з’явілася пушыстая зялёная сасонка – падарунак прытулку ад ушацкага лясгаса – святам тут запахла і ў прамым сэнсе гэтага слова.

У дзіцячы сацыяльны прытулак гэтыя хлопчыкі трапілі ў розны час з розных сямей. Тым не менш, з аднолькавым нецярпеннем яны чакалі да сябе гасцей і аднолькава радасна прымалі ад іх віншаванні. Аднымі з першых, хто выкарыстаў такую цудоўную магчымасць падзяліцца з дзецьмі ўвагай і цеплынёй, традыцыйна сталі старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Іна Фёдараўна Сыроўчанка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Іванавіч Бухалка. Хлопчыкі з задавальненнем знаёміліся з шаноўнымі гасцямі, расказвалі ім пра свае поспехі ў вучобе, дзякавалі за шматлікія падарункі.

Малых, канечне, парадавалі яркія ўпакоўкі з цацкамі, канструктарамі, ласункамі. І ўсё ж галоўнае, пра што кожны з іх зараз марыць, – як мага хутчэй вярнуцца ў свае сем’і, да любімых мамы і таты. І ў гэтыя перадсвяточныя дні, якія лічацца цудадзейнымі, хочацца верыць у спаўненне гэтага простага, але такога шчырага дзіцячага жадання!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *