Бесплатную консультацию психолога ушачане могут получить в отделении социальной адаптации и реабилитации ТЦСОН

Калейдоскоп

Аказаўшыся ў складанай жыццёвай сітуацыі, людзі нярэдка адчуваць безвыходнасць, востра перажываюць адзіноту, упадаюць у дэпрэсію, што ў сваю чаргу пагаршае стан здароўя, выклікае канфлікты ў сям’і. Дапамагчы справіцца з цяжкасцямі, паверыць у свае сілы ў такім разе можа падтрымка блізкіх. Вось толькі, на жаль, не заўсёды побач ёсць тыя, хто гатоў выслухаць і зразумець. Выхадам у такой сітуацыі з’яўляецца зварот да псіхолага. Пра магчымасць атрымання адпаведнай кваліфікаванай дапамогі расказвае псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Ушацкага раёна Алеся Сяргееўна ДУКМАСАВА:

– Як правіла, людзі неахвотна дзеляцца сваімі праблемамі з незнаёмцамі. Да таго ж існуе ў наш час і негатыўнае стаўленне многіх грамадзян да работы псіхолагаў. У барацьбе з гэтымі непрыемнымі момантамі спецыялісты нашага аддзялення праводзяць шырокамаштабную асветніцкую дзейнасць: распаўсюджваюць буклеты і памяткі, размяшчаюць інфармацыю на стэндах арганізацый раёна, праводзяць гутаркі і выступленні на сходах сацыяльных работнікаў і г.д. Разам з тым, мы заўсёды імкнёмся максімальна добразычліва сустракаць кожнага наведвальніка, акружаць клопатам і сваім удзелам у вырашэнні яго праблем.

У аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі не так даўно быў адкрыты кабінет псіхолага. Для таго, каб чалавек мог расслабіцца, адчуць давер, падзяліцца праблемамі, там створана ўтульная і камфортная абстаноўка. У кабінеце абсталявана зона рэлаксацыі з мяккай канапай. Тут можна пагутарыць з псіхолагам, атрымаць параду ці проста пасядзець у адзіноце, паслухаць прыемную музыку. Карыстаючыся выпадкам, ад імя кіраўніцтва ТЦСАН хачу выказаць словы ўдзячнасці тым, хто дапамог нам у абсталяванні кабінета псіхолага: адміністрацыі ААТ “Прамкамбінат” і УП “Мэблевая фабрыка “Лагуна”, індывідуальнаму прадпрымальніку Вользе Іванаўне Шарамет.

Праводзяцца ў нас як індывідуальныя, так і групавыя кансультацыі, трэнінгі. На іх узнімаюцца самыя розныя праблемы, напрыклад, узаемаадносіны ў сям’і і калектыве, спосабы барацьбы са стрэсам і дэпрэсіяй, фактары, якія ўплываюць на наш эмацыянальны стан. Вельмі актыўна зараз працуем над прафілактыкай дэменцыі: праводзім псіхалагічную дыягностыку пазнавальных працэсаў, даём рэкамендацыі па карэкцыі і прафілактыцы ўзроставых парушэнняў псіхікі.

З нядаўняга часу ТЦСАН Ушацкага раёна прапануе такую паслугу, як тэлефон даверу “Лінія жыцця”. Па нумары 5-00-34 кожны жадаючы можа атрымаць экстранную дапамогу псіхолага.

За бясплатнай кансультацыяй названага спецыяліста можна звярнуцца па адрасе: в.Градзянец, вул.Цэнтральная, д.3а або па ўзгаданым вышэй тэлефоне. Ананімнасць гарантуецца.

Графік работы псіхолага аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі: панядзелак-пятніца з 8.30 да 17.30 (перапынак на абед з 13.00 да 14.00).

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *