На актуальные вопросы, касающиеся наследства, отвечает нотариус

Правовая консультация

Як паказвае практыка, зваротаў грамадзян да натарыуса натарыяльнай канторы Ушацкага раёна Ж.Л.Каваленка, менш не становіцца. На ўсе пытанні Жанна Леанідаўна дае грунтоўныя тлумачэнні. З некаторымі знаёмім сёння нашых чытачоў.

– Два месяцы назад памерла маці. Пасля яе засталася кватэра, у якой жылі мама і мая сястра, мы з мужам і дзіцем пражываем асобна. Спачатку я звярнулася да натарыуса адна і падала заяву аб прыняцці спадчыны, паколькі лічыла, што таксама маю права на сваю частку. Але потым сястра мяне ўгаварыла – мы пайшлі разам да натарыуса, і я адмовілася ад спадчыны на яе карысць. Аднак зараз я перадумала і зноў хачу прэтэндаваць на кватэру. Ці можна гэта зрабіць, бо да заканчэння вызначанага тэрміну яшчэ ёсць чатыры месяцы?

Ірына.

– Не, зрабіць гэта ўжо нельга. Паводле артыкула 1074 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, адмова ад спадчыны не можа быць адменена або ўзята назад. Умоў, каб здзелка (адмова ад спадчыны) была прызнана судом несапраўднай, нямнога: калі чалавек адмовіўся ад спадчыны пад уплывам памылкі ці збегу цяжкіх акалічнасцяў, не разумеў значэння сваіх дзеянняў і некаторыя іншыя.

– Ці можна пазбавіць спадчыны блізкіх сваякоў?

Іван.

– Па законе ў завяшчальніка ёсць права без тлумачэння прычын пазбавіць спадчыны аднаго, некалькіх або ўсіх спадчыннікаў, указаўшы гэта ў завяшчанні. Аднак трэба памятаць, што свабода завяшчання абмяжоўваецца правіламі аб абавязковай долі ў спадчыне. У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 1064 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, непаўналетнія або непрацаздольныя дзеці наследадаўцы, а таксама яго непрацаздольныя муж/жонка і бацькі атрымліваюць спадчыну, незалежна ад зместу завяшчання, не менш паловы долі, якая належала б кожнаму з іх пры наследаванні па законе (абавязковая доля). Іншымі словамі, калі пазбаўленаму спадчыны чалавеку належыць абавязковая доля ў спадчыне, то ён мае права на яе прэтэндаваць.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *