Ушачане успешно выступили на финальном этапе конкурса «Новые имена Беларуси»

Культура

Ушачане вярнуліся з фінальнага этапу конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. Скажаце, што вынікі яшчэ не падве­дзены? Так. Засталася заключная ступенька: журы трэба выбраць лепшых з лепшых сярод прадстаўнікоў усіх прафсаюзаў. Ну а сярод работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму яны ўжо вызначаны. На мінулым тыдні ўшацкія работнікі культуры ўдзельнічалі ў выніковым канцэрце пераможцаў галіны. На сцэне Палаца прафсаюзаў было паказана тры ўшацкія нумары! Сярод 25, што былі адабраны з усіх абласцей. Тры з чатырох, што паказвала Віцебшчына.

Абласныя этапы конкурсу “Новыя імёны Беларусі-2017” праходзілі ў сакавіку сярод усіх галіновых прафсаюзаў. А ва Ушачах высокае журы на чале з намеснікам старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвушам Стружэцкім, старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Аленай Сабіравай і рэжысёрамі фінальнага рэспубліканскага канцэрта Дзянісам Клясуновым і Крысцінай Джунько ацэньвалі прафесіяналаў сярод аматараў з Віцебскай вобласці.

Так-так, гэта не памылка. Сярод канкурсантаў Віцебшчыны былі выключна людзі, якія штодня праводзяць на сцэне. Аднак усе яны – непрафесіяналы. І не таму, што не маюць профільнай адукацыі, канечне, маюць, толькі харэограф не можа паказваць танцавальны нумар, вакаліст – спяваць, а мастак экспанаваць свае карціны. Конкурс вышуквае таленты сярод непрафесіяналаў. У астатнім – без абмежаванняў.

Напрыклад, канкурсанты самі вырашаюць на якой мове падбіраць прыпеўкі, байкі, песні. Перавагу ж журы надае ўнікальнасці і шчырасці, а таксама на фінальны канцэрт абавязкова адбіраліся нумары ва ўсіх чатырох жанрах: вакал, харэаграфія, інструментальны і арыгінальны жанр. Скажыце, проста гэта зрабіць сярод работнікаў культуры. Наадварот, паколькі пераважная большасць з іх працуе адпаведна профільнай адукацыі не можа ўдзельнічаць у конкурсе. Менавіта гэтым патлумачыла прысутнасць у абласным этапе прадстаўнікоў толькі трох раёнаў (Чашніцкага, Міёрскага і Ушацкага) старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Аляксандраўна Сабірава. А ўшацкія артысты вельмі сумленна выконвалі патрабаванні конкурсу, не выстаўлялі профі. Вакальны гурт “Раздолле” (на здымку) і танцавальны “Разгуляй”, салісты Вольга Валодчанка, Вольга Мацулевіч, Святлана Муша, Кірыл Касарэнка і Валянціна Літвін, прычым апошняя не толькі спявала, але і пранікнёна чытала ўласны верш “Мама”. Людміла Мядзведзева смяшыла байкай “Рок-н-рол” аўтарства Тамары Барадзёнак, а Кацярына Зелянік і Яўген Зуеў выконвалі інструментальны нумар.

“З многімі з вас мы хутка сустрэнемся”

Сказаў, падводзячы вынікі абласнога этапу, Тадэвуш Стружэцкі, тым самым падкрэсліўшы, што яму спадабаліся многія нумары. – Шчырасць – вялікая перавага артыстаў-аматараў. Менавіта яна падкупляе гледача і кампенсуе адсутнасць нейкіх спецыяльных ведаў. Часта канцэрты самадзейных артыстаў лепш успрымаюцца гледачамі, чым выступленні прафесіяналаў, якія, бывае, на сцэне адпрацоўваюць час, – тлумачыў Стружэцкі. – Мы не ацэньвалі ўзровень харэаграфіі ўшацкага гурту “Разгуляй”, не ён важны, а тое, што танцавальны калектыў захоўвае традыцыі побытавых танцаў Віцебшчыны, выступаючы з імі – даносіць для гледача культуру продкаў. Мне вельмі спадабаўся строй Ушаччыны, выстава чорнай керамікі. Цікавае выкананне байкі, шчымлівы верш – Тадэвуш Іванавіч пракаменціраваў кожны нумар, параіўшы артыстам, на што трэба звярнуць увагу. Аглядаючы выставу народнай творчасці, даў дырэктару Ушацкага Дома рамёстваў не адну слушную параду наконт таго, як майстрам зарабляць на тым, што ўмеюць. Выставы-продажы работ народных умельцаў павінны быць не толькі ў Дамах рамёстваў і падчас розных мерапрыемстваў, але і ў самых бойкіх месцах, напрыклад, рынках, лічыць чалавек, які дзясяткі гадоў курыраваў у Міністэрстве культуры развіццё фальклору і народнай творчасці, а сёлета быў абраны чалавекам Года культуры ў намінацыі “Народная творчасць”.

Слухаючы выканаўцаў, ён быў засяроджаны і сур’ёзны, а вось рэжысёры фінальнага рэспубліканскага канцэрта Дзяніс Клясуноў і Крысціна Джунько падпявалі і пляскалі ў далоні.

“Калі ў Мінскай вобласці адразу было зразумела, што гэты выканаўца праходзіць, а гэты не, то на Віцебшчыне літаральна ўсе нас “падзарадзілі” і вельмі складана адабраць фіналістаў. Гэта зробіць журы ў поўным складзе па відэазапісах, якія робім падчас абласных этапаў. Патрэбны цікавыя, жывыя выступленні, якія спадабаюцца гледачам”.

Адчулі сцэну, паверылі ў сябе

І больш тыдня захоўвалася інтрыга. Хто ж трапіць на рэспубліку? І вось гурт “Раздолле”, Святлана Муша і Людміла Мядзведзева рыхтуюць уборы.

“Мы ніколі не былі на сцэне падобнага ўзроўню”, – перапаўня­юць уражанні спявачку гурту “Раздолле” і старшыню райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Маргарыту Віктараўну Сазонаву. – Зразумела, вельмі хваляваліся, там былі мацнейшыя калектывы краіны. Аднак магу пахваліцца, што мы спадабаліся журы. Нас так і называлі “Крапіва-лебяда”, паколькі наша гумарыстычная, завадная песня вылучалася ад астатніх – больш павольных і лірычных. Смяяліся з байкі, апладзіравалі Святлане Мушы. А галоўнае, мы паверылі ў саміх сябе, ніколькі не пашкадавалі, што наогул рашыліся на ўдзел у праекце, хоць я і не спадзяюся на тое, што трапім у фінальны канцэрт”.

Падобную думку выказаў ва Ушачы і Т.І.Стружэцкі: “Палова сучасных артыстаў – не прафесіяналы. Нават большая палова”, – падкрэ­сліў Тадэвуш Іванавіч, маючы на ўвазе, канечне, не ўзровень майстэрства, а тое, што стартам на вялікую сцэну для іх былі аматарскія калектывы і конкурсы.– Аматарскія калектывы мала гастралююць, а падобныя конкурсы даюць магчымасць параўнаць сябе з іншымі, а таксама адчуванне сцэны, што вельмі важна для артыста”.

Менавіта такая мэта – дапамагчы раскрыцца талентам – і ў рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”, які трэці год запар праводзіцца Федэрацыяй прафсаюзаў сумесна з Міністэрствам культуры і Белдзяржтэлерадыёкампаніяй. Нават калі і не паклічуць ушачан на заключны этап, яны ўжо ўзялі вельмі высокую планку. Прафесійную, хоць і аматары.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *