Усадьба Татьяны Маркович из Ильюшино выделяется своим благоустройством

Благоустройство

Расказаць пра Таццяну Уладзіміраўну Марковіч з аграгарадка Ільюшына мы мусілі як пра пераможцу раённага конкурсу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна – яе сядзіба летась стала лепшым ветэранскім падворкам у Жарскім сельсавеце. Аднак падчас знаёмства з жанчынай высветлілася, што вылучаецца яна сярод аднавяскоўцаў не толькі ідэальным парадкам на сваім падворку.

Сапраўдны кветкавод

Раніца Таццяны Уладзіміраўны пачынаецца не з кубачка кавы ці гарбаты, а з кветак. Так, менавіта з кветак, якіх у яе безліч. Усе падаконнікі, а таксама сталы ў пакоях заняты самымі разнастайнымі пакаёвымі раслінамі. Жанчына абыходзіць кожную, каб высветліць, хто з іх хоча піць, каму падрыхліць зямлю, а каго павярнуць бліжэй да сонца. Але пакаёвыя кветкі – гэта толькі частка яе захаплення. З ранняй вясны да позняй восені каля дома змяняючы адна адну сваім цвіценнем буяюць шматлікія кветнікі. “Калі б вы прыехалі крыху пазней, то ўбачылі б як большая частка маіх кветачак расцвіце, зараз пакуль толькі цюльпаны”, – расстройвалася Таццяна Уладзіміраўна. У тым, што ўлетку тут радуюць вока яркімі фарбамі расліны, сумнявацца не прыйшлося: у палісадніку на акуратных клумбах свайго часу ўжо чакаюць некалькі відаў руж, півоні, вяргіні.

Клумбай пад вокнамі дома Т.Марковіч не абмяжоўваецца, цэлы рад агарода ледзьве не ў дзясятак метраў таксама зоймуць кветкі. Ну а ўбачыўшы аб’ёмы расады петуній розных сартоў, сапраўды захацелася завітаць да Таццяны Уладзіміраўны яшчэ раз, каб паглядзець на прыгажосць падчас цвіцення гэтых яркіх кветак.

– Петуніі высаджваю ў вазоны, падвешваю ў кашпо на сценах дома і надворных пабудоў, яны цвітуць доўга і зусім не згодна, што гэта капрызная расліна. Трэба своечасова выдаляць, не пакідаць адцвіўшыя суквецці, а ў канцы лета можна абрэзаць петунію, яна яшчэ паспее адрасці і парадаваць новымі кветкамі, – расказвае Таццяна Уладзіміраўна.

На яе сядзібе няма дарагіх малых архітэктурных форм, басейнаў і адмысловай пліткі, але тут усё так чыста, акуратна. І ўсё зроблена яе нястомнымі рукамі, а наперадзе яшчэ шмат розных планаў па добраўпарадкаванні, расказваючы пра якія, у яе гараць вочы.

Выдатная гаспадыня…

– Хадзіце, дзевачкі мае харошыя, пабудзьце ў хляве, пакуль на вуліцы спякотнае сонца! – Так ласкава Таццяна Уладзіміраўна звярталася да некалькіх козачак, якія паслухмяна ішлі за ёй дамоў з поля. – Каго толькі ў мяне няма, жыўнасці поўныя хлявы.

Трымалі вялікую падсобную гаспадарку ў яе сям’і здаўна, а наяўнасць у ёй кароў было абавязковай нормай. Зараз замест кароўкі ў Таццяны Уладзіміраўны некалькі коз, а таксама свінні, трусы і цэлая птушыная армія з курэй, качак. Зразумела, што на ўтрыманне такой немалой падсобнай гаспадаркі трэба шмат сіл і часу, але адмаўляцца ад яе жанчына не збіраецца.

– На стале заўсёды свежае малако, мяса, яйкі. Натуральны прадукт са свайго падворка не параўнаць з магазіннай “хіміяй”, таму, лічу, калі ёсць сілы і магчымасці, трэба трымаць сваю гаспадарку, гэта добрая падтрымка, – лічыць Т.Марковіч.

А колькі разнастайных саленняў робіць гэта выдатная гаспадыня! Да таго ж паспявае ў сезон хадзіць у лес за грыбамі і ягадамі.

… і клапатлівая маці

Падтрымліваюць жа парадай, і, канечне, справай Таццяну Уладзіміраўну яе дзеці і ўнукі, якіх яна называе сваімі кветачкамі. Жыццё яе не было лёгкім, лёс перыядычна падкідваў розныя выпрабаванні, перажыванні… А яна знаходзіла сваё прызванне і суцяшэнне ў дзецях, таму параўнанне з кветачкамі зусім невыпадковае. Таццяна Уладзіміраўна родам з суседняй Гуты, сюды ж вярнулася пасля заканчэння сталічнага вучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць ткачыхі. Але практычна ўсё жыццё працавала не па спецыяльнасці – на свінаферме, цялятніцай, сацыяльным работнікам. Так атрымлівалася, што не ладзіліся сямейныя адносіны з абраннікамі, але добрымі людзьмі яна змагла вырасціць пяцярых дзяцей, двое з якіх прыёмныя. Яна ўсю сябе аддавала ім, ніколі не дзяліла на сваіх і чужых. Прыгадвае зараз, як часта клалася паспаць, калі ўсе людзі ўжо спяшаліся раніцай на работу. Рана пайшоў з жыцця адзін з сыноў, а Сяргей, Андрэй, Ганна і Каця бязмежна ўдзячны маці за яе дабрыню і пяшчоту і сёння пры любой магчымасці абавязкова спяшаюцца ў Ільюшына, каб дапамагчы ці проста правесці час у бацькоўскім доме. Сыны Таццяны Уладзіміраўны нарадзіліся ў адзін з майскіх дзён, толькі з розніцай у некалькі гадоў. І на мінулым тыдні, калі Сяргею спаўнялася 30, ён не чакаючы падарункаў у свой адрас, з вялікім букетам кветак прыехаў да маці, каб выказаць ёй словы ўдзячнасці за падоранае жыццё, выхаванне і любоў. Расказваючы пра гэты выпадак, жанчына не стрымлівае слёз радасці: “Як бы цяжка не было, жыву для сваіх кветачак і радуюся кожнаму дню”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *