Самого меткого охотника Ушаччины выявили на районных соревнованиях по охотничье-стрелковому многоборью

В общественных организациях

Ружэйныя стрэлы чутны былі на пачатку чэрвеня ў ваколіцах аграгарадка Арэхаўна, але звярам і птушкам у гэты дзень нічога не пагражала, бо  паляўнічыя былі заняты іншай справай – выяўлялі мацнейшых на раённых спаборніцтвах па паляўніча-стралковым мнагабор’і.

За першынство змагаліся як каманды пярвічных паляўнічых калектываў, так і асобна члены Ушацкай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. На прыцэле ўдзельнікаў быў спецыяльны “Імклівы кабан”.

“У сапраўднага дзіка трапіў бы, а гэты нейкі маленькі!” – наракалі на памер мішэні тыя, каму не вельмі пашанцавала пацэліць. Але для гэтых людзей, як вядома, здабыча не самае важнае – галоўнае азарт і задавальненне ад працэсу.

– Мэта нашых спаборніцтваў – развіццё стралковага спорту і павышэнне навыкаў у паляванні на капытных. Такія мерапрыемствы мы праводзілі і раней, прадоўжым і ў будучым, – гаворыць паляўніцтвазнаўца раённай арганізацыі “БТПР” П.І.Дубоўскі.

Падтрымлівалі ўдзельнікаў і балельшчыкі. Самым юным з іх аказаўся маленькі Арцём, які “хварэў” за свайго бацьку Дзмітрыя Мягеля. У будучым хлопчык, пэўна, таксама стане паляўнічым – задзел для гэтага ў яго ўжо ёсць: малы падчас мерапрыемства не выпускаў з рук цацачныя стрэлы. Такая падтрымка, удача і спрыт дапамаглі Д.Мягелю выбіць 27 ачкоў з 30 магчымых і стаць лепшым стралком у індывідуальным заліку. На тры ачкі адстаў ад яго і стаў другім Аляксандр Кемстач. Трэцяе месца заняў Мікалай Харашкевіч. У камандным заліку самымі трапнымі аказаліся стралкі Жарскага пярвічнага паляўнічага калектыву, срэбра спаборніцтваў дасталася Селішчанскай пярвічцы, трэцяе месца – Сарочынскай. Усім прызёрам былі ўручаны дыпломы, а таксама каштоўныя падарункі, якія спатрэбяцца ім на паляванні і рыбалцы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *