Ушачской минералке «Вечелье» нет аналогов в Беларуси. К линейке безалкогольных газированных напитков, выпускаемых овощесушильным заводом, вскоре добавятся «Лайм» и «Клюквенный»

Общество

Аднаму са старэйшых прадпрыемстваў раёна – “Ушацкаму агароднінасушыльнаму заводу” сёлета спаўняецца 67 гадоў. А яго асноўны від дзейнасці адзначыць юбілей: у 1952 годзе пачаўся выпуск безалкагольных напіткаў “Крэм-сода”, “Бураціна”, “Дзюшэс”, якія паступаюць у рознічную сетку і зараз.

Гэта, бадай, адзінае, што аб’ядноўвае сённяшняе прадпрыемства з часамі, калі на ручных закарковачных станках выпускалі 200 паўлітровых бутэлек за змену. Попыт жа быў намнога большы, і ў ліпені 1952-га манціруюць новую лінію. Разліў павялічыўся да 1500 бутэлек за змену. Зараз – 3000 у гадзіну!

Сучаснае абсталяванне, на якім адразу выдзімаецца і напаўняецца пластыкавая бутэлька, на поўную магутнасць загружана не заўсёды, аднак цяпер, у разгар сезона, цэх працуе па 12-гадзін у будні і па 8 – у выхадныя.

Запатрабавана мінеральная вада “Вечалле”, якой няма аналагаў у краіне. Попытам карыстаюцца летам як паўтаралітровыя бутэлькі, так і меншыя аб’ёмы. Таму лінія пастаянна перастройваецца пад заказаны “фармат”, а выпуск мінералкі чаргуецца з разлівам напіткаў. Тым часам трактарыст Анатоль Іванавіч Малахоўскі паспявае зноў запоўніць рэзервуар вадой са свідравіны, і адстоеная яна паступае ў цэх. Прычым, падвоз не спыняецца нават у выхадныя дні – кожны дзень на лініі Галіна Віктараўна Хмялеўская, Наталля Рыгораўна Ціханёнак (на здымку), Іван Іванавіч Крупеня, наладчык Віталь Дзмітрыевіч Сабін і майстар цэха Таццяна Сямёнаўна Шылёнак.

Распрацаваны ўжо і этыкеткі пад новую прадукцыю – напіткі “Лайм” і “Журавінны”. А Алег Лявонавіч Кіслоў і Міхаіл Мікалаевіч Дарошчанка робяць па некалькі рэйсаў у дзень, каб даставіць упакоўкі па гандлёвых кропках. Геаграфія паставак – уся Беларусь, нават у Гомельскую вобласць завозіць прадукцыю завод, у якога сёння больш 200 контрагентаў. Акрамя гандлёвых кропак Белкаапсаюза, партнёрамі з’яўляюцца буйныя гандлёвыя маркі “Дыёніс”, “Еўраопт”, “Карона”, “Веста”, “Базіс”. Пастаянна ўжываюць ушацкую мінералку і наведвальнікі пастаўскага санаторыя “Ветразь”. А ўшачане без перабольшвання – патрыёты, за летні месяц спажываюць больш тысячы дэкалітраў мінеральнай вады і напіткаў уласнай вытворчасці.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *