Грипп — главный враг нашего здоровья. На Ушаччине началась вакцинация против гиппа

Здравоохранение

Восень – пара ўздыму сезонных захворванняў, звязаных, як правіла, з паніжэннем тэмпературы паветра. Менавіта ў халодны час актывізуюцца розныя вірусы, у тым ліку і грыпу. Як пазбегнуць хваробы і як лячыць? На гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць урача агульнай практыкі Ушацкай ЦРБ Таццяну Юр’еўну ЖАРНАСЕК:

– Вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі і грып займаюць у структуры інфекцыйных захворванняў першае месца. Іх узбуджальнікі адрозніваюцца высокай агрэ­сіўнасцю і хуткасцю размнажэння. За лічаныя гадзіны яны значна паражаюць слізістую абалонку дыхальных шляхоў, адкрываючы “шчыліны” для пранікнення бактэрый. Гэта тлумачыць вялікую колькасць бактэрыяльных ускладненняў, што ўзнікаюць пры грыпе.

– Хто можа захварэць?

– Абсалютна кожны. І гэтая верагоднасць павышаецца пры змене вірусаў. Захворванне хутка распаўсюджваецца, узрастае пагроза развіцця цяжкіх форм інфекцыі і смяротных зыходаў.

– Як адбываецца заражэнне?

– Крыніцай інфекцыі з’яўляецца хворы чалавек, найбольш заразны ў першыя 3-5 дзён. З часцінкамі слізі з яго дыхальных шляхоў пры кашлі, чханні і гутарцы вірус рассейваецца на некалькі метраў. Магчыма таксама перадача інфекцыі праз прадметы дамашняга ўжытку, цацкі, бялізну.

– Назавіце, калі ласка, тыповыя сімптомы грыпу.

– Да іх адносяцца: рэзкі ўздым тэмпературы цела да 38-40 градусаў (на працягу некалькіх гадзін), боль у цягліцах, суставах, жываце, вочных яблыках, слабасць, лёгачныя ўскладненні (пнеўманія, бранхіт), а таксама ўскладненні з боку верхніх дыхальных шляхоў, сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм. Грып часта суправаджаецца абвастрэннем наяўных хранічных захворванняў.

– Як абараніць сябе ад грыпу?

– Асноўнай мерай спецыфічнай прафілактыкі з’яўляецца вакцынацыя. Яна рэкамендуецца ўсім групам насельніцтва, але асабліва паказана групам рызыкі: дзецям ад 6 месяцаў, пажылым людзям з хранічнымі захворваннямі, медперсаналу, настаўнікам, студэнтам, работнікам сферы абслугоўвання і транспарту. Зрабіць прышчэпку трэба не пазней, чым за 2-3 тыдні да пачатку эпідэмічнага ўздыму захворвання, аптымальна – у кастрычніку-лістападзе. Такая мера папярэдзіць развіццё цяжкай формы грыпу, ускладненняў і абвастрэнняў.

Каб не захварэць на грып і ВРВІ, важна весці здаровыя лад жыцця. А яшчэ варта пазбягаць кантактаў з хворымі людзьмі, скараціць час знаходжання ў месцах масавага знаходжання людзей. Рэгулярна і старанна мыйце рукі з мылам ці працірайце іх спіртаўтрымліваючым сродкам. Праводзьце вільготную ўборку, праветрыванне памяшкання. Строга выконвайце правілы асабістай гігіены.

– Што рабіць, калі пазбегнуць хваробы не ўдалося?

– Застацца дома і выклікаць урача. Менавіта ён павінен паставіць дыягназ і прызначыць лячэнне, якое адпавядае і стану, і ўзросту чалавека. Неабходна строга выконваць усе рэкамендацыі: своечасова прымаць лекі, захоўваць пасцельны рэжым, паколькі пры захворванні павялічваецца нагрузка на многія сістэмы арганізма. Карысць прынясе багатае пітво: гарачы чай, журавінавы морс, шчолачныя мінеральныя воды. Народныя сродкі – напой з шыпшынніку, ліпа з калінай, маліна з мёдам, часнок з мёдам і інш.

Для папярэджання распаўсюджання інфекцыі хворага варта ізаляваць ад здаровых асоб. Пры доглядзе за ім варта выкарыстоўваць медыцынскую маску (марлевую павязку).

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Імунізацыя супраць грыпу на Ушаччыне ўжо пачалася. Прышчапіцца вакцынай “Грыпол-плюс” расійскай вытворчасці можна ва ўстанове аховы здароўя па месцы жыхарства (для гэтага неабходна звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта), а таксама ў спецыялістаў выязных брыгад. Сёлета ў раёне плануецца прышчапіць ад грыпу 40 працэнтаў насельніцтва.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *