Более 30 лет в дорожной отрасли работает Елена Николаевна Соболь

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

На сваё 50-годдзе Алена Мікалаеўна Собаль толькі з роднай арганізацыі атрымала больш паўсотні віншаванняў – практычна па колькасці гадоў і работнікаў ДРБУ-105. Нават тыя, хто працуюць зусім нядаўна, адчынялі дзверы дыспетчарскай і казалі лаканічнае: “Мікалаеўна – здароўя!”. Скажаце, не могуць у вялікай арганізацыі, ды тым больш мужчыны, памятаць дні нараджэння ўсіх. Мабыць і так, аднак А.М.Собаль – гэта не ўсе. Ды і прафсаюзная арганізацыя дарожнікаў працуе: з раніцы ў фае вісела “шпаргалка” ў выглядзе каляровага віншавання.

– Канечне, прыемна чуць цёплыя словы, тым больш ад моладзі, – усміхаецца абаяльны дыспетчар. – Калектыў мяняецца і ўжо толькі двое работнікаў працуюць даўжэй за мяне – па стажы я ўжо ветэран, а ў душы такая ж маладая, як і 31 год таму, калі прыйшла сюды.

Жвавую дзяўчыну, якая трапіла ва Ушачы па размеркаванні ў 1987 годзе, накіравалі не ў жаночае праектнае бюро арганізацыі, а на перадавую – начальнікам дарожна-рамонтнага пункта.

– У брыгадзе з шасці чалавек было адразу два майстры: Яўген Іванавіч ­Хвошч – дзеючы і Генадзь Канстанцінавіч Жданаў – былы. Таму падказвалі і, галоўнае, дапамагалі дваццацігадовай дзяўчыне кіраваць намнога старэйшымі работнікамі, – расказвае Алена Мікалаеўна. – Іх ужо няма, але я часта прыгадваю гэтых людзей з цеплынёй, як і многіх іншых. Напрыклад, заўсёды вытрыманага Цімафея Цімафеевіча Леснічэнку. “Не плач, нельга так прымаць усё блізка да сэрца, гэта ж рабочыя моманты, – супакойваў ён мяне пасля заўваг майго першага кіраўніка Міхаіла Іларыёнавіча Карнеева. Я ж, здаралася, румзала ад рэзкага слова кіраўніцтва ці рабочых, было нават цвёрдае рашэнне звольніцца. Меркавала, адпрацую належнае і паеду на радзіму, нават рэчы паспела пераслаць у Веткаўскі раён. А ў выніку не толькі сама стала ўшачанкай, а і маці пераманіла, тут і пахавала… А калі езджу на Гомельшчыну, цягне сюды, дадому. Горад не любіла ніколі.

Ушачы ж сталі радзімай выпадкова. З сяброўкай Ірынай Клемяценка, з якой разам вучыліся ў Гомельскім дарожна-будаўнічым тэхнікуме, шукалі месца, каб і ўладкавацца разам. Знайшлі, ды назвы такога населенага пункта ніколі не чулі. А яшчэ калега па месцы практыкі, разгарнуўшы карту, напужаў: “Куды вы едзеце, край азёр і балот!” А вось сталася ж, што абедзве прыраслі.

Нашы мясціны адпавядаюць асноўнаму хобі Алены Мікалаеўны: вырасшы на беразе ракі, яна вельмі любіць плаваць, таму ездзіць на розныя вадаёмы – дзесяць год, як сама кіруе машынай. І гэта толькі збліжае яе з аўтамабілістамі, якія часта тэлефануюць дыспетчару, бо стан дарог хвалюе многіх. Хто спакойна выкладае просьбу, а хто адразу ўльтыматум ставіць…

Працаваць з людзьмі складана. Яна ж мае з імі справу “ў квадраце”. З аднаго боку – жыхары раёна, з другога – работнікі ДРБУ-105, якія кожную раніцу заходзяць у кабінет дыспетчара за пуцёўкамі. На работу Алена Мікалаеўна спяшаецца да сямі, а пасля планёркі мае на руках спіс напрамкаў, прозвішчы вадзіцеляў і колькасць паліва, якое трэба размеркаваць. Тлумачыць работнікам і нюансы: куды завярнуць на шляху, каб не вяртацца назаўтра, адкуль паступала просьба, бо акумулюе ўсе тэлефанаванні, аналізуе іх, перадае кіраўніцтву. На пасаду дыспетчара перайшла пасля шасці год майстрам, ведае работу і населеныя пункты, а знаходзіць кантакт з людзьмі – у яе ад прыроды. Свой мужчынскі калектыў называе беспраблемным і даруе яго работнікам і начныя пад’ёмы, і перарваныя выхадныя. Гэта здараецца “дзякуючы” ўскладзенай на яе дадатковай нагрузкі запраўшчыка. Узімку паліва звычайна размяркоўваюць з вечара, для чаго дыспетчар затрымліваецца на рабочым месцы, аднак з рэйса не ўсе вяртаюцца ў адзін час і абавязкова знойдзецца той, хто прыпазніцца, каго заправіць трэба перад ранішняй падсыпкай у 3 ці 4 гадзіны.

У яе асноўных абавязках і налічэнне зарплаты згодна пуцявых лістоў, класнасці і выкананых работ, якую перадае ў бухгалтэрыю для канчатковых разлікаў. Усе дадатковыя нагрузкі Алена Мікалаеўна ўспрымае як неабходнасць, бо няпростая сітуацыя зараз у арганізацыі. “Паважаны чалавек і стапрацэнтны дарожнік, – выказваюцца яе калегі. – І яе дзень нараджэння напярэдадні нашага прафесійнага свята зусім невыпадкова”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *