Работу Молодёжной палаты Ушачского района за 2 года обсудили на недавней сессии районного Совета депутатов

Образование и молодежь

На працягу двух гадоў пры Ушацкім раённым Савеце дэпутатаў дзейнічае Маладзёжная палата, на рахунку якой шэраг грамадска-карысных спраў. Тэрмін дзеяння каманды першага склікання вычарпаны, не за гарамі чарговыя выбары – самы час падвесці вынік зробленаму, намеціць планы на перспектыву. Гэтае пытанне і было разгледжана на апошняй сесіі райсавета, што прайшла на мінулым тыдні.

Што? Дзе? Навошта?

Маладзёжная палата ва Ушачах пачала дзейнічаць 5 сакавіка 2015 года. Гэта 20 прадстаўнікоў школ раёна, якія прымаюць удзел у пасяджэннях і сесіях райсавета, прадстаўляюць інтарэсы моладзі, уносяць прапановы ў органы мясцовага самакіравання па пытаннях маладзёжнай палітыкі, праводзяць тлумачальную работу сярод аднагодкаў.

Выбары ў Маладзёжную палату праводзяцца па аналогіі з выбарамі ў органы мясцовага кіравання і самакіравання. У кожнай школе ініцыятыўныя юнакі і дзяўчаты, якія валодаюць арганізатарскімі здольнасцямі і жадаюць паспрабаваць сілы ў падобным аб’яднанні, прадстаўляюць свае праграмы. На агульным сходзе ўстановы вучні галасуюць за самую цікавую, а аўтар, які набірае найбольшую колькасць галасоў, становіцца членам палаты. Кіруе апошняй старшыня, які выбіраецца шляхам адкрытага галасавання.

Юныя – прапануюць, улада – падтрымлівае

З дзейнасцю Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна прысутных азнаёміла яе старшыня Лізавета Жарнасек. Яна адзначыла вялікую работу аб’яднання ў сферы грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Прадстаўнікі ўсіх школ на пастаяннай аснове наведвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, аказвалі ім пасільную дапамогу, віншавалі са святамі. Юнакі і дзяўчаты сталі актыўнымі ўдзельнікамі раённага праекта “Сад Вялікай Перамогі” – на тэрыторыі Вяркудскай школы імі пасаджана каля 20 яблынь, а таксама акцыі “Абеліск”.

Не менш важным накірункам дзейнасці палаты была прапаганда здаровага ладу жыцця. Вучні прынялі ўдзел у шэрагу школьных, раённых і абласных спаборніцтваў па валейболе, футболе, лыжах, шашках, разам з райкамам БРСМ, райаддзелам па надзвычайных сітуацыях праводзілі акцыі па прафілактыцы шкодных звычак.

Не забываліся юныя парламентарыі і пра экалагічнае выхаванне. Даўно сталі традыцыйнымі ўборка і азеляненне прышкольных тэрыторый, паркаў, удзел у суботніках, афармленне “зялёных” выстаў і стэндаў, збор макулатуры, металалому, пластыку.

Асаблівая ўвага надавалася ўдзелу ў дабрачынных акцыях, культурна-масавых мерапрыемствах. На высокім узроўні вялася таксама прафарыентацыйная работа: школьнікі пабывалі на многіх прадпрыемствах Ушаччыны, сустрэліся з прадстаўнікамі ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны.

– Хачу адзначыць, што ў рэалі­зацыі ўсіх мерапрыемстваў, у магчымасці праявіць сябе вялікую дапамогу нам аказвае кіраўніцтва райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, райкам БРСМ, – гаварыла Лізавета. – Шчыры дзякуй за падтрымку, настаўніцтва і разуменне. Заклікаю будучых членаў Маладзёжнай палаты быць актыўнымі, мэтанакіраванымі – і тады ўсё атрымаецца!

Стартавая пляцоўка

Нягледзячы на тое што ўдзель­нікамі аб’яднання з’яўляюцца маладыя людзі, яны вельмі адказна падыходзяць да сваіх прапаноў і рэалізацыі ўласных ідэй.

– Працаваць з Маладзёжнай палатай надзвычай цікава, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. – Мы назіраем, як у маладых складваецца комплекснае паняцце аб дзяржаўным кіраванні на рэгіянальным узроўні. Большасць членаў Маладзёжнай палаты першага склікання, якія ўжо скончылі школу, сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Хто ведае, магчыма, некалі ў Палаце прадстаўнікоў з’явяцца дэпутаты, якія пачыналі з Маладзёжнай палаты. Прынамсі, стартавая пляцоўка ў іх грун­тоўная.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *