Председатель Ушачского сельисполкома М.Хомич считает, что сельские жители должны жить не хуже, чем горожане

Саветы і жыццё Экономика и малый бизнес

Тэлефон у кабінеце старшыні Ушацкага сельвыканкама Міхаіла Пятровіча Хоміча маўчыць рэдка. То і справа нагадвае пра сябе і мабільны – жыхары сельсавета распавядаюць пра набалелыя праблемы, просяць парады і садзейнічання. А калі ён мякка тлумачыць, што, напрыклад, па пытанні сапсаванай калонкі варта было б тэлефанаваць адразу ў водаканал, чуе ў адказ “жалезны” аргумент: “Вы ж – улада! Па вашым звароце справа хутчэй пойдзе…”

Аналізуючы работу старшыні сельвыканкама, цяжка паверыць, што гэтай самай “уладай” ён з’яўляецца ўсяго толькі сем месяцаў. Увогуле ж кіраўніцкая пасада для Міхаіла Пятровіча – справа звыклая: за яго плячыма важкі багаж 21-гадовага дырэктарскага стажу ў Касарской школе. Ды ўсё ж узначальваць орган мясцовай улады – зусім іншая адказнасць і спецыфіка, і аўтарытэт у насельніцтва сельсавета давялося заваёўваць з нуля. Робіцца ж гэта не толькі “дзелавой хваткай”, а і ўменнем выслухаць, “разруліць” канфлікт, гатоўнасцю займацца справамі людзей 24 гадзіны ў суткі.

Галоўны ж крытэрый дзейнасці кіраўніка мясцовага органа ўлады – канкрэтныя справы, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, а зроблена за гэтыя некалькі месяцаў нямала.

Як і паўсюдна, найбольш хвалююць жыхароў сельсавета пытанні стану дарог, водазабеспячэння, асвятлення, распаўсюджання баршчэўніку. Так, напрыклад, у вёсцы Матырына сёлета быў праведзены планавы рамонт асфальтавага пакрыцця. Але ж, канечне, жыхары гэтага вялікага населенага пункта, многія з якіх пастаянна ездзяць на работу ў райцэнтр, вельмі хацелі б, каб была адрамантавана і дарога да яго. “Зараз укараняюцца новыя недарагія тэхналогіі, а таму мусім спадзявацца, што надзеі ператворацца ў жыццё”, – адзначае М.Хоміч. Чакае выканання заяўка на рамонт участка дарогі ля ФАПа і магазіна ў Двор Пліне. Пастаяннай праблемай для жыхароў і старшыні з’яўляюцца і менш бойкія трасы – як, напрыклад, на мосце ў Крошыне, дзе ў выніку непагадзі ўтвараюцца правалы. Міхаіл Пятровіч па кожным сігнале вяскоўцаў выязджае на месца, фатаграфуе небяспечны ўчастак, ілюструючы такім наглядным матэрыялам неабходнасць тэрміновага прыняцця мер дарожнай службай. Падобная праблема маецца і ў жыхароў Папоўкі. У дрэнным стане знаходзіцца разбітая лесавозамі частка вуліцы ў вёсцы Заазер’е. На жаль, хутка прывесці ў прымальны стан усе дарогі немагчыма, але старшыня нястомна шукае шляхі вырашэння праблемы.

Да галоўных належыць і тэма водазабеспячэння. У некаторых населеных пунктах гэта праблема “хранічная” – як, напрыклад, у Матырыне, дзе з-за інжынерных асаблівасцяў трубаправода ў асобных месцах вёскі час ад часу прападае вада. Сітуацыя знаходзіцца на пастаянным кантролі старшыні, праз яго праходзяць і заяўкі на рамонт – так, нядаўна былі прыведзены ў рабочы стан калонкі ў вёсках Старое Сяло, Папоўка, Лутава Сяльцо, ліквідаваны прарыў трубаправода ва Угрынках.

З надыходам восені надзвычайную актуальнасць набыло пытанне асвятлення – заяўкі на рамонт паступілі літаральна з усіх вёсак сельсавета. “У нашых бліжэйшых планах – пераход на святлодыёдныя пражэктары, – расказвае М.Хоміч. – Мяркуйце самі: іх магутнасць – 35 Вт, тады як у звычайных – 150: атрымліваецца больш чым чатырохразовая эканомія электрычнасці, я ўжо не кажу пра больш доўгі тэрмін эксплуатацыі. Такім чынам укладанні – а кошт аднаго такога свяцільніка больш 100 рублёў – павінны вельмі хутка акупіцца. Зараз у раён ужо завезена некалькі пражэктараў, буду імкнуцца паскорыць працэс укаранення гэтай навінкі”.

Пад увагай старшыні і іншыя пытанні. Як і па ўсім раёне, адчувальна больш, чым летась, зроблена па знішчэнні баршчэўніку. Разам з тым, Міхаіл Пятровіч лічыць праведзеную работу недастатковай і мяркуе ў новым сезоне весці яе комплексна, пачынаючы з самых ранніх тэрмінаў, выкарыстоўваць, дзе гэта магчыма, больш дзейсны хімічны метад. Нямала было зроблена сёлета па добраўпарадкаванні, пры гэтым актыўны ўдзел у суботніках прымалі шэфы. Так, напрыклад, намаганнямі брыгады прыватнага прадпрыемства “Тэхнакрас” быў наведзены парадак на могілках у Роўбах, прадстаўнікі БРСМ і аптэкі дапамаглі ў афарбоўцы на месцы апошняга спачыну ў Матырыне.

Няпроста сёлета вырашалася пытанне абмалоту прысядзібных участкаў. Старшыні сельвыканкама давялося разбіраць канфліктныя сітуацыі, але ён зрабіў усё магчымае, каб урэшце рэшт гаспадары змаглі ўбраць свае нівы, у прыватнасці, асабіста суправаджаў камбайны па ўсіх населеных пунктах.

Вядома ж, дапамога ў вырашэнні пытанняў вяскоўцаў – асноўны, але не адзіны абавязак кіраўніка мясцовай улады. Магчыма, далёка не ўсё атрымалася ў Міхаіла Пятровіча за некалькі месяцаў, але адно бясспрэчна – гэты чалавек мае шчырае жаданне аддаваць свае сілы, навыкі, час на карысць людзей. Паспелі ўпэўніцца ў гэтым і жыхары сельсавета. “Калі новы старшыня прыступіў да работы, шчыра кажучы, ставіўся да яго насцярожана, – прызнаўся нам у прыватнай размове адзін з вяскоўцаў. – У Міхаіла Пятровіча быў моцны папярэднік, адпавядаць узроўню якога, на мой погляд, было няпроста. Але зараз бачу – талковы ён старшыня!”

“Хоць і складана прыходзіцца на гэтай пасадзе, але я паступова вучуся. Вельмі дапамагаюць парадамі калегі, старэйшыны вёсак, з якімі мне пашанцавала, – расказвае М.Хоміч. – І галоўнае, атрымліваю ад работы задавальненне, бо ўвогуле люблю працаваць з людзьмі. Ні з чым не параўнаць тыя ўражанні, калі разумееш, што здолеў паспрыяць вырашэнню набалелай праблемы: жыхары глыбінкі – шчырыя людзі і нястомныя працаўнікі – павінны жыць не ў горшых умовах, чым гараджане”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *