Выясняем ситуацию: как решить проблем ус водообеспечением жителям Паулья?

Выясняем ситуацию

Населеныя пункты Вяркудскага сельсавета ў большасці сваёй знаходзяцца ў маляўнічых прыазёрных месцах, карыстаюцца попытам у жадаючых набыць участкі. Але нібыта для ўраўнаважання гэтых даброт прырода “прыпасла” тутэйшым жыхарам выпрабаванне ў выглядзе праблемы з водазабеспячэннем. Так, надзвычай востра стаіць гэтае пытанне ў вёсках Гарбаціца, Горы-2 і некаторых іншых, дзе вельмі складана знайсці месца для калодзежа, бо вадзяныя жылы залягаюць занадта глыбока – у Калках, напрыклад, гаспадарам дзвюх прыватных свідравін давялося бурыць іх на 28 і 32 метры.

Вежы служаць не бязмежна

З сёлетняга жніўня да праблемых у гэтым плане вёсак далучылася і Павулле, якое дагэтуль забяспечвала вадой артэзіянская свідравіна, што функцыянавала на тэрыторыі былой фермы. На жаль, аб’ект выпрацаваў свой рэсурс, што пацвердзіла спецыяльная камісія, а яго аднаўленне ці будаўніцтва новай вежы пацягне на занадта вялікую для раённага бюджэту суму. Немагчыма далучыць аб’ект і да дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада”, разлічанай на больш буйныя населеныя пункты – гэта патлумачыў наш дэпутат у Парламенце У.П.Андрэйчанка, калі прадстаўнікі вясковай грамадскасці агучылі сваю праблему на прыёме грамадзян, які ён праводзіў ва Ушацкім раёне ў верасні. Пытанне было дэталёва прааналізавана Уладзімірам Паўлавічам разам са старшынёй райвыканкама У.Г.Аўдошкам і яго намеснікам А.В.Галяковічам. Адзіным варыянтам яго вырашэння бачылася будаўніцтва ў вёсцы шахтавых калодзежаў – некалькіх грамадскіх і, па жаданні гаспадароў, прыватных, з магчымай растэрміноўкай плацяжу на паўгода. Жыхары, многія з якіх трымаюць падсобную гаспадарку, прапаноўвалі таксама аднавіць старую трасу, па якой калісьці вада падавалася з возера, каб выкарыстоўваць яе ў “тэхнічных” мэтах. Але на гэта быў атрыманы адмоўны адказ, аргументаваны найперш тым, што вада з вадаёма не адпавядае санітарна-гігіенічным нормам.

Дзе ж ты, чысты калодзеж?

Меры па вырашэнні праблемы прымаліся, аднак некаторыя вяскоўцы па-ранейшаму лічаць, што пытанне не знята. Пра гэта, прынамсі, сведчыў іх зварот да нас у рэдакцыю. Вядома ж, мы выехалі ў населены пункт, каб ацаніць сітуацыю на месцы, пагутарыць з людзьмі. Зараз без уласных калодзежаў у Павуллі засталося пяць сядзіб (усяго ў вёсцы зарэгістравана 34 чалавекі). Натуральна, што менавіта побач з імі работнікамі УП ЖКГ былі пабудаваны два грамадскія калодзежы. Вось толькі, як і канстатавалася ў лісце, пытанне з забеспячэннем людзей пітной вадой цалкам пакуль так і не вырашана. Ужо на пачатковым этапе ўзнікла праблема з пошукам месца для калодзежу ля трох суседніх сядзіб у цэнтры вёскі, гаспадары якіх былі найбольш у ім зацікаўлены. Спецыялісты з водаканала разам са старшынёй сельвыканкама В.М.Маслак і вяскоўцамі доўга выбіралі прыдатнае для будаўніцтва месца. Пачалі капаць там, дзе адмысловы прыбор паказаў наяўнасць ваданоснай жылы, аднак на пяціметровай глыбіні ніякіх прыкмет вады не аказалася. Палічыўшы далейшую працу марнай, зрабілі спробу ў іншым месцы – таксама безвынікова. Тады спыніліся на кропцы ў чатырох метрах ад дарогі насупраць дома Валянціны Уладзіміраўны Гардзіёнак. Менавіта да гэтай гаспадыні мы завіталі, каб пацікавіцца сітуацыяй. Жанчына пацвердзіла змест дасланага ў рэдакцыю ліста. “Вада ў калодзежы ёсць, але непрыдатная для ўжывання. Работнікі ЖКГ некалькі разоў яе адпампоўвалі, аднак гэта пакуль не дало плёну. Магчыма, у ваду трапляюць сцёкі з дарогі ці з куч гною, што ляжаць непадалёк. Таму выкарыстоўваем яе ў асноўным, каб паіць жывёлу, бо трымаем вялікую гаспадарку – каня, карову. Ну а за пітной ходзім у калодзеж да аднавяскоўкі Надзеі Мікалаеўны Хвашчэўскай – дзякуй ёй, што дазваляе, але канечне, летам, калі трэба будзе паліваць агарод, вады там напэўна на нас не хопіць”. Разам з тым Валянціна Уладзіміраўна зазначыла, што ліст са скаргамі не пісала, бо лічыць, што ўлады і без таго робяць усё магчымае, каб вырашыць праблему.

Празрыстай і чыстай на выгляд падалася вада ў другім новым калодзежы: выкапаны ён у пачатку вёскі, дзе асобна ад іншых стаяць некалькі дамоў – прычым, пражываюць у іх людзі, якія патрабуюць асаблівай увагі: былы вязень фашысцкіх лагераў Ефрасіння Гаўрылаўна Лунёнак, інвалід другой групы Наталля Іванаўна Пліско з састарэлай маці. Вось толькі дэгустацыя тут жа абвергла нашы станоўчыя эмоцыі – вада мела непрыемны смак. “Як толькі пабудавалі калодзеж, была нармальная, але ў апошні час пагоршылася. Некалькі разоў адпампоўвалі ваду, рабілі дэзінфекцыю хлоркай. Спадзяемся, што нарэшце яна набудзе нармальную якасць. Канечне, вельмі шкада, што нельга адрамантаваць водаправод”, – з горыччу ўказвае на ўжо непатрэбную калонку побач са сваім домам Н.Пліско.

Дарагі, ды свой

А вось гаспадыня яшчэ аднаго праблемнага ў плане водазабеспячэння падворка – Жанна Віктараўна Аваднёва – спадзявацца на грамадскія калодзежы не стала і пабудавала асабісты. Спачатку мела намер звярнуцца ў ЖКГ, бо там абяцалі растэрміноўку аплаты на паўгода. “Сталі з аднавяскоўцамі высвятляць акалічнасці, і аказалася, што справа гэта доўгая і клопатная. Спачатку трэба ехаць ва Ушачы, каб напісаць заяву, потым чакаць візіту спецыялістаў, якія ацэняць месца і грунт, ды і па тэрмінах выканання работ не абнадзеілі. Па ўсім відаць, не надта былі зацікаўлены ў такіх кліентах, – расказвае Ж.Аваднёва. – Мне ж марудзіць было неяк, трымаем вялікую падсобную гаспадарку і вады расходуем шмат. Таму звярнулася да прыватнікаў – і праз тры дні на маім падворку стаяў калодзеж. Абышоўся, праўда, нятанна, бо спатрэбілася 11 кольцаў. Затое рашыла праблему”.

* * *

Ну а як жа будуць выхадзіць са становішча тыя, для каго пытанне яшчэ не знята? Пакуль яны “пазычаюць” пітную ваду ў суседзяў і спадзяюцца, што намаганні па яе ачыстцы ў грамадскіх калодзежах з цягам часу дадуць плён. Прынамсі, у сельвыканкаме паабяцалі высветліць уладальнікаў прыгаданых вышэй куч гною і выдаць прадпісанне на іх уборку. Магчыма, праблему закрые трэці грамадскі калодзеж: па словах адміністрацыі УП ЖКГ, работы па яго будаўніцтве прадпрыемства гатова правесці з надыходам цёплага сезона. Вяскоўцам жа варта загадзя вызначыцца з аптымальным месцам, якое б задаволіла ўсіх гаспадароў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *