Подведены итоги районного этапа конкурса детских рисунков на экологическую тематику

Экология

Сёлетні раённы этап конкурсу дзіцячых малюнкаў на экалагічную тэматыку парадаваў цікавымі работамі, створанымі ў розных тэхніках. Члены журы, узначальваў якое прызнаны прафесіянал, дырэктар ушацкага Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч, не адразу прыйшлі да агульнага рашэння: настолькі шмат было дастойных работ.

Зрэшты, пераможцу сярод твораў маленькіх мастакоў ад 3 да 5 год вызначылі аднадушна – ужо надта прыгожай і арыгінальнай аказалася аплікацыя Варвары Ларчанка з ясляў-сада №4 гарпасёлка пад назвай “А які след ты пакінеш на зямлі?” Другім месцам адзначана работа Ані Бехавай з ясляў-сада №1, прысвечаная тэме раздзельнага збору смецця, трэцім – малюнак прадстаўніка гэтай жа дашкольнай установы Ігната Шыхеля, які ганіць людзей, што незаконна высякаюць лес.

Аж 20 конкурсных работ давялося ацаніць ва ўзроставай групе ад 6 да 10 год. У выніку пераможцамі раённага этапу былі прызнаны не тры, а пяць удзельнікаў. Так, трэцяе месца падзялілі работы Дамінікі Гасанавай з Вялікадолецкай школы і Глеба Белавусава з Глыбачанскай. Таксама два юныя мастакі былі прызнаны аўтарамі малюнкаў, заняўшых другое месца: гэта Сабіна Катковіч з Ільюшынскай і Дамініка Лапіцкая з Вялікадолецкай школы. Ну а работа, якой прысуджана перамога, моцна ўразіла членаў журы як сваім зместам, так і незвычайнай тэхнікай выканання – маляваннем па вільготнай паперы. На твор юнага кублічаніна Назара Кальчэўскага “Абыякавасць сёння – катастрофа заўтра” нельга глядзець без уздрыгу: настолькі ўражліва перадаў хлопчык жахлівыя наступствы экалагічнага апакаліпсісу.

“Гэты конкурс з’яўляецца не толькі дэманстрацыяй мастацкіх здольнасцяў дзяцей, а і моцным выхаваўчым мерапрыемствам, бо маленькія творцы, адлюстроўваючы на паперы экалагічныя праблемы, прыходзяць да высновы, што чысціня нашых вёсак і гарадоў, багацце расліннага і жывёльнага свету залежыць ад кожнага – у тым ліку і ад іх саміх. І я ўпэўнена, што дзіця, якое намалявала засмечаны лес, само ніколі не пакіне на паляне бруд пасля пікніка і не дазво­ліць гэта зрабіць старэйшым!” – разважае член журы конкурсу, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ніна Васільеўна Крахотка.

Лепшыя работы прадставяць раён на абласным этапе конкурсу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *