Уборка зерновых в «Ильюшинском»

Сельское хозяйство

Хоць у аграрыяў круглы год шмат работы, аднак цяпер самая гарачая пара і ў прамым, і ў пераносным сэнсе гэтага слова. Уборачная кампанія ў раёне з кожным днём набірае тэмпы. Да жніва прыступілі амаль усе гаспадаркі.
СВК “Ільюшынскі” ў ліку першых пачаў жніво і на сённяшні дзень ужо поўнасцю ўліліся ў працэс, абкаталі два новыя камбайны. Пачалі ж уборку на мінулым тыдні з азімай пшаніцы, якая выспела раней за астатнія культуры. І ўраджайнасць склала 25 цэнтнераў з гектара. Але гэта не мяжа, упэўнена кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, і на многіх участках мяркуецца, што яна будзе значна вышэйшай.
За першыя дні намалацілі 450 тон і паспелі здаць дзяржаве больш 300 тон зерня. Усяго ж убраць хлеб неабходна з плошчы ў 1500 гектараў, і гэта не ўлічваючы 200 гектараў такой прыбытковай культуры, як рапс.
Каб не дапусціць страт ураджаю, штодзённа праводзіцца маніторынг выспявання хлябоў, а таму ў пачатку тыдня пераключыліся з уборкі зерневых на рапс, які ўжо выспеў на некаторых участках. І хоць сёлета ўраджайнасць гэтай культуры меншая, усё роўна не пакідаюць яе на другім плане.
У панядзелак тры камбайны з пяці і працавалі на ўборцы рапсу за вёскай Жары. Адказная справа і складаная тэхніка даверана правераным і сумленным механізатарам М.Казачонку, У.Лёлю, С.Клопаву. Праз некалькі дзён тыя ж самыя працаўнікі зноў пераключацца на зерневыя, якія выспяваюць вельмі хутка, дзякуючы спякотнаму надвор’ю.
І зерне, і рапс хоць і з невысокай вільготнасцю, але дасушваецца на зернесушылцы.
– Мы разумеем, што ад стану зернесушылак напрамую залежыць якасць рэалізуемага зерня, а значыць і яго цана, таму паставілі перад сабой задачу прадаваць хлеб высокай якасці, каб атрымліваць большую грашовую выручку. У канцы месяца будзе запушчаны новы зернесушыльны комплекс ЗСК-30Ш. Ужо зроблена прыкладна 80-85 працэнтаў работ, – расказвае старшыня СВК “Ільюшынскі” С.А.Халімоненка.
Як і заўсёды, у час усіх важных палявых работ у гаспадарцы праводзіцца ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва, вынікі якога падводзяцца кожны дзень. Наладжана двухразовае харчаванне, дзякуючы якому работа надоўга не спыняецца.
У гаспадарцы ўжо ўбрана 12 працэнтаў усіх плошчаў, але рана яшчэ лічыць сабранае, бо не той ураджай, што на палях, а той, што ў засеках.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *