На полях ОАО «Ильюшинский» полным ходом идёт заготовка кормов

Сельское хозяйство

За Наваселлем, дзе ў мінулыя гады праз балацявіну можна было праехаць толькі на трактары, у сераду УАЗ Сяргея Анатольевіча Халімоненкі праскочыў, уздымаючы клубы пылу. Сухой атрымалася і наша размова, бо не было настрою ў дырэктара ААТ “Ільюшынскі”. У гаспадарцы прыклалі ўсе намаганні, каб правесці касавіцу тэрмінова, але надвор’е ўносіць адмоўныя карэктывы ў зладжаныя дзеянні мясцовага мехатрада.

Ён у гаспадарцы вялікі, на корманарыхтоўцы задзейнічана больш дзясятка адзінак тэхнікі. У сераду яна была сканцэнтравана ў асноўным на жарскім баку. За Броўчынам і Дворыцай травы на першы погляд неблагія. “Гэта толькі здаецца, – кажа Мікалай Ступко, спыніўшы КВК-800 у чаканні падвячорка, які ўжо быў на пад’ездзе са сталовай на поле. – Трэба даволі значны шлях па валку прайсці, каб запоўніць прычэп. Калі б не суш апошніх тыдняў, травы былі б значна лепш”.

Запоўненых прычэпаў побач з кормаўборачным камбайнам было аж чатыры – “жалезную кавалерыю” на адвозцы зялёнай масы прадстаўлялі Анатоль Усовік, Аляксандр Селезень, Міхаіл Рэут і Павел Гардзіёнак. А неўзабаве да іх далучыўся і Уладзімір Лёля, машыніст другога кормаўборачнага камбайна – такую колькасць лідараў раённых спаборніцтваў на корманарыхтоўцы можна сустрэць у адным месцы хіба што на свяце аграрыяў!

Акрамя канцэнтрацыі перадавікоў на адзінку плошчы, на гэтых участках чакаў і яшчэ адзін сюрпрыз, у выглядзе збожжаўборачнага камбайна. Не, у “Ільюшынскім” не вывелі адмысловы сорт зерневых, збіраць які можна ўжо ў чэрвені, – Юрыя Буку на КЗС-10К задзейнічалі на кашэнні траў.

“Не буду сцвярджаць, што мы аўтары гэтага ноў-хаў, – дзеліцца С.А.Халімоненка. – Нашы суседзі ў Лепельскім раёне ўжо другі год выкарыстоўваюць збожжаўборачны камбайн на касавіцы. Вось і мы вырашылі паспрабаваць”.

Можна сказаць, што эксперымент удаўся. КЗС-10К за адзін праход замяняе два трактары з касілкамі, да таго ж адразу збівае травы ў валок і не трэба выкарыстоўваць граблі – зноў эканомія. Кормаўборачныя камбайны ідуць за ім практычна следам, бо з-за засухі траве амаль не трэба правяльвацца: “Вільготнасць адпавядае сенажу!” – вопытны аграном “Ільюшынскага” Аляксандр Сяргеевіч Селівёнак вызначае кандыцыйнасць навобмацак, без прыбораў.

У гаспадарцы куды ні накіруйся – сустрэнешся з перадавіком. Гэтаму не здзіўляешся, бо ільюшынцы першымі пачалі касавіцу і працуюць, як заўсёды, на сумленне. Непадалёк ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі Анатоль Спірыдзёнак збіваў травы ў валкі, а Дзмітрый Бурак на нашых вачах пераўтвараў іх у рулоны. Хлопец на МТЗ-3022 з сучасным прэс-падборшчыкам з пачатку корманарыхтоўкі паспеў папрацаваць не толькі ў “Ільюшынскім, а і ў некалькіх іншых гаспадарках – закручваў сянаж у стрэйч-плёнку. Канструкцыя многафункцыянальнага агрэгата дазваляе прасаваць і сухую траву, якая пакуецца ў спецыяльную сетку. У параўнанні з абмоткай звычайным шпагатам гэта тэхналогія дае перавагі ў транспарціроўцы і захоўванні сена. “Вышэйшы клас!” – спыніўшыся ля аднаго з рулонаў, ацанілі якасць і корму, і работы сваіх механізатараў С.Халімоненка і А.Селівёнак.

Такіх жа слоў заслугоўвае і Аляксандр Майсеенка. Гэты трактарыст-машыніст на касавіцы сярод першых заўсёды. Вось толькі сёлета працуе ён не на “родным” МТЗ-1221 са звычайнай касілкай, як Віктар Буйніцкі і Антон Коў­шаль. Да пачатку корманарыхтоўкі Аляксандр Пятровіч “рэанімаваў” старэнькі КЗР-10, які ўжо даўно можна было спісваць. Між тым, да гэтага энергетычнага комплексу прыладжваецца навясное трохкорпуснае абсталяванне, якое замяняе тры касілкі. Раней у гаспадарцы такога не было, але А.Майсеенка сабраў агрэгат літаральна з металалому – рэшткаў, перададзеных з “Райаграсэрвіса”. І КЗР-10 павольна рухаўся ва ўрочышчы “Нізы”, пакідаючы за сабой шырокую паласу свежаскошанай канюшыны першага году.

Не вельмі любяць гэтыя ўчасткі механізатары гаспадаркі. Тут узгоркі чаргуюцца з лагчынамі – не разгонішся, асабліва ў параўнанні з роўнымі плошчамі былога партызанскага аэрадрома, што на другім баку дарогі. Але касіць трэба ўсюды, бо травастой сёлета не радуе, а гаспадарцы з самым вялікім статкам трэба назапасіць на зіму значныя аб’ёмы – звыш 700 тон сена і 9000 тон сенажу.

На зваротным шляху размінуліся з трактарам, які падвозіў ваду да гурта кароў. За рулём ўбачыў… Віктара Буйніцкага! На пытанне, як адзін з лепшых трактарыстаў-машыністаў на касавіцы аказаўся задзейнічаны ў жывёлагадоўлі, С.А.Халімоненка патлумачыў: “Зламаўся, вось і накіравалі яго часова на іншы від работ. Але Віктар ужо тэлефанаваў, што касілку за ноч адрамантаваў і зноў гатовы далучыцца да калег…” З такімі адносінамі да працы механізатараў і арганізацыяй работ з любых “нізоў” і ў любых абставінах падымешся ў лідары.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *