Усадьба семьи Павлович с Дубровки выделяется оригинальным благоустройством

Благоустройство

“Падворак Паўловічаў малодшых у Дубраўцы знойдзеце без праблем! – запэўнівала старшыня Вяркудскага сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак. – У раённым конкурсе па добраўпарадкаванні ён не раз намініраваўся на званне лепшага і заслужана станавіўся ім. Любую справу гаспадары даводзяць да ладу. Але што казаць? Калі ўбачыце – усё самі зразумееце”.

Так і атрымалася. Праехаць міма дагледжанага двухпавярховага катэджа, побач з якім размясціўся сапраўдны ­аазіс, было немагчыма. Рознакаляровыя кветкі ў прыгожых вазонах і збанах размешчаны на сценах, прыступках, што вядуць у дом, на зямлі. Астуджае ў летнюю спёку дэкаратыўны фантан, зроблены з падручных матэрыялаў. Пад яго пырскамі любіць пасядзець вясёлая каменная жабка. Непадалёк размясціўся прывабны домік Бабы-Ягі. Даспадобы гэтае месца і штучным буслам, чаплі, вожыку…

Гаспадарамі і адначасова стваральнікамі гэтага куточка хараства і спакою з’яўляюцца Іна Генадзьеўна і Сяргей Уладзіміравіч Паўловічы. Наводзіць прыгажосць яны пачалі каля 20 гадоў таму, як толькі атрымалі гэты дом ад гаспадаркі, дзе працаваў галава сям’і. Ідэйным натхняльнікам усіх “новаўвядзенняў” прадказальна стала Іна Генадзьеўна – загадчыца сельскага клуба, надзвычай творчы чалавек. Яе ж другая палавіна, абходчык лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі “Дзісна”, а таксама сыны дапамагаюць у ператварэнні задум у рэчаіснасць.

– На нас кладуцца толькі “грузапад’ёмныя” клопаты: штосьці паднесці, падаць, – зазначае сын Арцём, будучы тэхнік-механік (на здымку). – Да астатняга ж мама нас не дапускае – у яе сваё бачанне, як і што зрабіць.

Паспяваюць Паўловічы і па гаспадарцы. У свой час трымалі ажно тры каровы, цяпер жа гадуюць свіней, курэй. На немалым прысядзібным участку садзяць градкі з агароднінай, пладовыя дрэвы.

– Ніякія гарадскія пенаты не заменяць асаблівага вясковага каларыту! – кажа С.У.Паўловіч. – Тут нават дыхаецца інакш. На рыбалку з сынамі ходзім, штогод збіраем з агарода багаты ўраджай. А пасядзець улетку усёй сям’ёй на ўласным утульным дворыку – што можа быць лепш?!

У Іны Генадзьеўны і Сяргея Уладзіміравіча яшчэ шмат цікавых ідэй, якія яны “падглядваюць” у інтэрнэце і ў знаёмых. Ва ўмелых руках нават самыя звычайныя рэчы ператвараюцца ў незвычайныя, галоўнае – мець жаданне і крыху вольнага часу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *