В Ушачском районе дан официальный старт жатве-2018

Сельское хозяйство

Палеткі паміж цэнтральнай сядзібай гаспадаркі і Царкавішчам – адны з лепшых у КУСГП “Вялікадолецкае”. Адносна роўныя і, як кажуць механізатары, “ёсць дзе разагнацца”. Праўда, у суботу з раніцы камбайнеры не спяшаліся, бо дзень у іх пачынаўся… з песень і віншаванняў. Не, выхаднога ў гарачую пару не было – на землях гаспадаркі праходзіла раённае свята “Зажынкі”, якое дало афіцыйны старт жніву зерневых і зернебабовых культур.

Не знайсці месца правядзення мерапрыемства было немагчыма – канцэнтрацыя тэхнікі ля палявой дарогі на Папоўку зашкальвала і пастаянна павялічвалася за кошт усё новых аўтамабіляў. На свята прыбывалі госці: дэлегацыі з іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна, кіраўніцтва раёна, прафсаюзных і грамадскіх арганізацый.

Трэба сказаць, што ў “Вялікадалецкім”, як і ў некаторых іншых гаспадарках, камбайны ўжо працавалі напярэдадні, але менавіта з гэтых выхадных уборачная распачалася масава. Правесці яе паспяхова і ў аптымальныя тэрміны – задача стратэгічная. Аб гэтым, звяртаючыся да ўдзельнікаў жніва, казаў старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, які пажадаў ім здароўя, плённай працы і дастойнай яе аплаты. Са стартам важнейшай уборачнай кампаніі прысутных віншавалі начальнік райсельгасхарча Аляксандр Яўгенавіч Іоскін і яго намеснік Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў, які агучыў задачы. Сёлета гаспадаркам раёна неабходна ўбраць зерневыя і зернебабовыя культуры на 7461 гектары, з якіх азімыя займаюць 2673, яравыя – 4788 гектараў. С.А.Белагрыўцаў адзначыў, што выбар “Вялікадолецкага” для правядзення “Зажынак” невыпадковы – тут імкнуцца да належнай культуры земляробства, таму амаль няма ўчасткаў, якія не апрацоўваюцца.

Старшыні раённага Савета дэпутатаў і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Наталля Мікалаеўна Марковіч, раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка таксама павіншавалі хлебаробаў са святам. Лідары грамадскага і прафсаюзнага аб’яднанняў адзначылі важнасць нялёгкай працы аграрыяў, якая заслугоўвае пашаны – Н.М.Марковіч уручыла памятныя сувеніры самаму маладому з васьмі вялікадолецкіх камбайнераў, але ўжо вопытнаму і адказнаму трактарысту-машыністу Андрэю Смаляку, які першым пачынаў уборку.

Яму ж павязалі і сімвалічны ручнік – зрабіў гэта дырэктар ААТ “Агра-Селішча” А.В.Есіпаў, бо ў мінулым годзе прадстаўнік гэтай гаспадаркі Алег Крывёнак стаў пераможцам раённых спаборніцтваў сярод камбайнераў.

Народныя песні гучалі над полем, дзе залацістымі хвалямі гойдалася пад лагодным ветрыкам спелая збажына. З яе ўдзельніцы народнага калектыву “Матырынская спадчына” зжалі першы сноп і традыцыйна ўручылі гаспадару – дырэктару КУСГП “Вялікадолецкае” І.П.Дарошчанку. Ён вітаў гасцей, павіншаваў са святам калег і настройваў на добрую працу сваіх механізатараў, якім трэба ўбраць адзін з самых вялікіх зерневых кліноў.

– Сёлета мы зноў будзем абыходзіцца на ўборачнай уласнымі сіламі, без шэфаў, – казаў кіраўнік. – Камбайнеры ў нас вопытныя і працавітыя, таму спадзяёмся на якасную і своечасовую ўборку. Спрыяць гэтаму павінна і жаданне механізатараў зарабіць, расцэнкі неблагія.

У гэты дзень у “Вялікадолецкім” да жніва былі гатовы 6 камбайнаў. Іх падрыхтоў­ка – асаблівая тэма, складаная і не вельмі святочная. Самыя новыя камбайны ў гаспадарцы атрымлівалі ў 2011 годзе. Таму да ўборачнай прыйшлося папрацаваць і інжынернай службе, якую ўзначальвае Юрый Фёдаравіч Васілевіч і, канечне, самім механізатарам. Іх састаў у параўнанні з мінулым годам не змяніўся – за штурваламі акрамя А.Смаляка сёлета Рыгор Філімонаў, Уладзімір Вусько, Ягор Мацюш, Юрый Альбіновіч, Віктар Жванскі, Сяргей Вусько, які сваю “Ліду-1300” вывеў на поле 19 сезон запар! А адзін з лепшых камбайнераў мінулагодняга жніва Васіль Алексяёнак яшчэ даводзіў да ладу КЗС-1218 – позна набылі запчасткі. У чаканні свайго выхаду на сцэну, якой стала поле, механізатары назіралі за выступленнямі артыстаў, у прыватнасці, маладых выканаўцаў побытавых танцаў, былі ў настроі і жартавалі: “Вось зараз і ацэнім якасць сяўбы, выпрацоўкі глебы – калі артысты ногі не зломяць, то і нам убіраць будзе лёгка!”

На шчасце, абышлося без непрадбачаных і надзвычайных сітуацый (на выпадак такіх на месцы ўборкі дзяжурыць аўтамабіль мясцовага паста райаддзела МНС) і старажытны абрад праходзіў па сцэнарыі. Старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка атрымаў традыцыйны каравай, благачынны раёна айцец Вячаслаў асвяціў удзельнікаў жніва і тэхніку. Потым госці накіраваліся да салодкага стала, гасцінна накрытага гаспадарамі на ўскрайку поля, а пасля каманды І.П.Дарошчанкі: “Хлопцы, па машынах!”, механізатары змянілі настрой на сур’ёзны, і пачалі адлік намалочаных тон.

Семінар у палявых умовах не праводзіўся – патрабаванні да арганізацыі работ на жніве вядомыя, ды і напярэдадні “Зажынак” пытанне гэта разглядалася на пасяджэнні райвыканкама. Гатовы яшчэ не ўсе камбайны, завяршаецца іх рамонт гэтымі днямі, а канчатковая наладка пройдзе непасрэдна ў полі. Нагрузка ў гаспадарках на зернеўборачныя агрэгаты розная – ад 153 гектараў у КУСГП “Кублічы” да 1156 – у філіяле “Маяк-Ушацкі” Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, які пакуль мае на ўзбраенні толькі адзін камбайн. І няхай гэта новы высокапрадукцыйны “New Holland”, але па ўсім відаць, што без дапамогі прадпрыемству не абысціся, тым больш што замежная шыроказахопная тэхніка прызначана для вялікіх плошчаў.

Таксама неабходна тэрмінова завяршыць рамонт зернесушыльнага абсталявання, забяспечыць работнікаў двухразовым гарачым харчаваннем, бяспечнымі ўмовамі працы. Механізатараў і тэхнікі не хапае, таму на дапамогу прыцягнуты шэфы з арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Пры спрыяльным надвор’і аграрыі плануюць завяршыць уборку зерневых і зернебабовых прыкладна ў месячны тэрмін.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *