На молочно-товарном комплексе «Завечелье» продолжается строительство нового производственного помещения

Сельское хозяйство

Напрыканцы лета мы расказвалі пра пачатак будаўніцтва новага вытворчага памяшкання малочнатаварнага комплексу “Завячэлле”. І вось праз колькі часу зноў наведаліся на важны аб’ект, узвядзенне якога знаходзіцца на кантролі абласнога і раённага кіраўніцтва, бо з’яўляецца складнікам праграмы па развіцці і мадэрнізацыі жывёлагадоўчай галіны рэгіёна.

Нагадаем, што будаўніцтва кароўніка плошчай паўтары тысячы квадратных метраў вядзе Ушацкая ПМК-66. Трэба сказаць, што тэхнічныя і фінансавыя праблемы ў пачатку восені замарудзілі работы, але зараз будаўнікі імкнуцца навярстаць упушчанае. Спрыяе добрым тэмпам і не па-кастрычніцкі цёплае надвор’е. Сонечнай раніцай серады на будаўнічай пляцоўцы ва ўсю кіпела справа, а наваколле поўнілася характэрнымі “вытворчымі” гукамі: рокатам тэхнікі, каардынуючымі працэс камандамі – на аб’екце было занята паўтара дзясятка работнікаў з брыгад муляраў і цесляроў. Ужо ўзведзены жалезабетонны каркас новага корпусу, заканчваецца будаўніцтва цагляных сцен, распачалося бетанаванне падлогі.

– Гэтыя работы мяркуем выканаць тыдні за два, потым зоймемся пляцоўкамі для выгулу жывёлы, што будуць абсталяваны з двух бакоў памяшкання, ужо выкапана яма для гною, якая таксама хутка будзе забетанавана, – расказвае прараб Мікалай Паўлавіч Грыневіч.

Вядома ж, тэмпы не павінны ўплываць на якасць работ – на аб’екце імкнуцца строга захоўваць тэхналогію вытворчасці.

– Укладка чарговага слою бетону праводзіцца толькі пасля належнай трамбоўкі гравію спецыяльнай машынай, – тлумачылі нам патрабаванні рабочыя Аляксей Ісакавіч Чобат і Мікалай Мікалаевіч Грыневіч, занятыя на гэтай аперацыі.

Не менш рупліва і старанна ставяцца да сваіх абавязкаў і іншыя будаўнікі, сярод якіх і вопытныя старажылы, і маладыя работнікі. На прадпрыемстве, што днямі адзначыла сваё 60-годдзе, ідзе працэс змены пакаленняў, і такія будаўнічыя пляцоўкі – добрая практыка для прафесійнага станаўлення навічкоў.

– Кіраўніцтва нашага прадпрыемства заўсёды ў пошуку аб’ектаў, бяромся і за тыя, што знаходзяцца за межамі раёна, але ж, канечне, найперш зацікаўлены ў сваіх, мясцовых, – адзначае ветэран арганізацыі галоўны механік Аляксандр Васільевіч Барздзей. – Апошнім часам на Ушаччыне вытворчых аб’ектаў будуецца няшмат, і мы рады, што ўзвядзенне гэтага корпуса даручана менавіта нам. Таму, канечне, стараемся не падвесці заказчыкаў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *