Врача Великодолецкой больницы Аллу Криштопенко знают не только как медика, а и активного депутата

Саветы і жыццё

Урача агульнай практыкі Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду Алу Мікалаеўну Крыштопенку жыхары аграгарадка ведаюць не толькі як прафесіянала і выдатнага медыка, а і чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, дэпутата, які гатовы адстойваць інтарэсы вяскоўцаў на раённым узроўні.

Больш 25 гадоў Ала Мікалаеўна жыве і працуе ў Вялікіх Дольцах, адпаведна выдатна ведае людзей, справы, праблемы. Вопыт дэпутацкай дзейнасці ў жанчыны ўжо быў, неаднаразова яна абіралася дэпутатам сельскага і раённага Саветаў. І нягледзячы на занятасць па прафесіі, ставілася да грамадскай нагрузкі надзвычай адказна. Сёлета яна зноў абрана дэпутатам ад Вялікадолецкай выбарчай акругі, у склад якой уваходзяць і прылягаючыя невялікія вёскі. Але трэба адзначыць, што не дзеліць людзей і іх клопаты па тэрытарыяльным прынцыпе, гатова дапамагаць усім землякам.

Адным з актуальных і важных пытанняў лічыць добраўпарадкаванне населеных пунктаў, менавіта на ім засяродзіла ўвагу, трымаючы нядаўна справаздачу перад выбаршчыкамі, выступаючы ў калектыве Вялікадолецкай школы. Зрэшты, менавіта бальніца і ўстанова адукацыі з’яўляюцца эталоннымі аб’ектамі аграгарадка ў плане добраўпарадкавання. Сёлета на тэрыторыі выбарчай акругі была праведзена вялікая работа па навядзенні парадку: у належным стане падтрымліваліся месцы воінскіх пахаванняў, абкошваліся могілкі, на тэрыторыі сельсавета праведзена 6 суботнікаў. “Хацелася б, каб грамадзяне праяўлялі большую актыўнасць у гэтым плане. Вялікую дапамогу пастаянна аказваюць арганізацыі, што размешчаны на тэрыторыі сельсавета. Як і ў многіх іншых населеных пунктах раёна, для нашай мясцовасці актуальная праблема распаўсюджвання баршчэўніку, у гэтым годзе ён скошваўся тэхнікай – больш 22 гектараў і апрацоўваўся хімічным спосабам – звыш чатырох”, – адзначыла А.М.Крыштопенка.

Кожны першы панядзелак месяца яна абавязкова праводзіць асабісты прыём грамадзян. Што хвалюе людзей? Найбольш частымі пытаннямі з’яўляюцца рамонт дарог, асвятленне вуліц, добраўпарадкаванне. Канечне, многія праблемы немагчыма вырашыць адразу, але яны выносяцца для абмеркавання на сесіі Савета, пасяджэнні прэзідыума. Пастаянную сувязь трымае з сельвыканкамам, старэйшынамі населеных пунктаў. Так, нядаўна была задаволена просьба наконт падсыпкі дарог у Жаўніне і Храмёнках. Зараз непакоіць дэпутата стан дарог на Малыя Дольцы, Весніцк і Кублічы, будзе старацца паспрыяць вырашэнню гэтай праблемы.

Але ўсё ж, як сцвярджае Ала Мікалаеўна, асноўная яе дапамога людзям, сваім выбаршчыкам звязана з родам прафесійнай дзейнасці. Дзеля гэтага яна не лічыцца з асабістым часам і адкладвае ўласныя справы на потым.
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *