Председатель Ушачского райисполкома Владимир Авдошко встретился с жителями агрогородка Ореховно

Зваротная сувязь

Па дарозе ў Арэхаўна на сустрэчу з насельніцтвам старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка прыгадаў час, калі гэты населены пункт набыў статус аграгарадка – першым сярод іншых у раёне. Тады тут праводзіліся масавыя гулянні, раённая спартакіяда працоўных калектываў, а вуліцы сустракалі наведвальнікаў пахам свежай фарбы. Здаецца, было гэта зусім нядаўна, а прайшло, між іншым, амаль паўтара дзясяткаў гадоў. І за гэты час многае змянілася – свінагадоўчы комплекс, на якім працавала добрая палова арэхаўцаў, быў зачынены, потым адноўлены, вось толькі з бюджэтаўтваральнага прадпрыемства пераўтварыўся ў стратнае, якое хоць і дае работу мясцовым жыхарам, але да былых вышынь наўрад ці калі ўзнімецца.

Справа ў тым, што тэхналогіі вытворчасці той жа свініны развіваюцца сямімільнымі крокамі і тое, што пятнаццаць год таму было перадавым, сёння – мінулы век. Уладзімір Генадзьевіч уважліва выслухаў грамадзян, якія прыйшлі ва ўтульны мясцовы Дом культуры. Улічваючы тое, што большая частка з іх была людзьмі пенсійнага ўзросту, то на пачатку сустрэчы пераважала настальгія па мінулых гадах былой магутнасці, савецкіх часах, калі паліва і энерганосьбіты каштавалі капейкі, а за дэфіцытнай запчасткай можна было накіроўвацца ў любы куток Савецкага Саюза з адной даверанасцю.

– Зараз зусім іншыя часы, – тлумачыў вяскоўцам Уладзімір Генадзьевіч. – Іншыя эканамічныя рэаліі. Будучыня – за новымі комплексамі, новымі тэхналогіямі. Напрыклад, кампанія “Вітконпрадукт” на вытворчасці свініны атрымлівае сутачныя прывагі у 1000-1200 грамаў. Ёй дарэчы, належыць самае паспяховае прамысловае прадпрыемства нашага раёна – філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, якое развіваецца, а людзі атрымліваюць годную зарплату не каўбасой, а жывымі грашыма. І кампанія мае сур’ёзныя намеры пашырыць сваю прысутнасць у нашым раёне, стварыць вытворчасць на базе былой малочна-таварнай фермы ў Хадакова – гэта рабочыя месцы. Магчыма, прыватніку будзе перададзены і комплекс у Слабадзе, які пакуль належыць КУСГП “Арэхаўна”, дзе застаўся зусім невялікі дойны статак. А пры ўмовах мізэрных надояў, велізарных даўгоў, як гаспадарка можа сябе забяспечыць?

Наогул, на тэме рэфармавання аграпрамысловага комплексу У.Г.Аўдошка спыніўся падрабязна, расказаў вяскоўцам аб дзейнасці інтэграцыйнай структуры на базе Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, у склад якой уваходзяць зараз амаль усе сельгасарганізацыі нашага раёна.

Што датычыцца непасрэдна самога аграгарадка, то старшыня райвыканкама запэўніў жыхароў, што аб асноўных праблемах населенага пункта ўлады ведаюць і прымаюць пэўныя захады па іх вырашэнні. У аграгарадку пабудавана новая станцыя абезжалезвання, зараз вядуцца работы над праектам сістэмы ачышчальных збудаванняў і каналізацыі. Грамадзяне выказаліся аб хвалюючых іх пытаннях, як грамадскіх, так і прыватных. Незадавальненне выклікае стан дарогі, якая вядзе да школы, а таксама якасць яе расчысткі і падсыпкі ў зімовы час. Неабходна, па меркаванні арэхаўцаў, абавязкова асвятліць пункты прыпынку грамадскага транспарту. Турбуе жыхароў аграгарадка і вялікая колькасць бадзяжных сабак, стан стаянкі насупраць магазіна, капітальны рамонт жылых дамоў, праблема выдалення сухіх аварыйных дрэў у аграгарадку і на могілках, на кароткім шляху да якіх неабходна адрамантаваць кладку праз рачулку.

Некаторыя праблемныя моманты жыхары гатовы вырашыць самі – за сродкі самаабкладання і шляхам правядзення суботнікаў, казалі, што сельвыканкаму трэба іх толькі арганізаваць. Праблемы ж, якія патрабуюць дапамогі раённай ўлады, узяты на кантроль.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *