Глазами детей войны. Владимир Кривопущенко делится своими воспоминаниями про Великую Отечественную войну

Общество

Аднолькава страшная, па-рознаму горкая

На заклік рэдакцыі падзяліцца ўспамінамі пра Вялікую Айчынную вайну першым адгукнуўся наш пастаянны чытач і аўтар У.А.КРЫВАПУШЧАНКА. Уладзімір Антонавіч грунтоўна апісаў час акупацыі ў іх Селішчанскай зоне, зразумела, праз прызму свайго дзіцячага погляду. Таму і друкуем матэрыял пад нашай спецыяльнай рубрыкай “Вачыма дзяцей вайны”.

Добра памятаю пачатак вайны, хоць і было ўсяго 7 гадоў. У суседнім доме памёр старэнькі дзядуля Станіслаў, сабралася многа селішчанцаў. Усе размовы дарослых былі аб вайне і хуткім яе завяршэнні. А для нас, дзятвы, галоўнае – безліч нямецкіх самалётаў, што ляцелі па тры ў звяне. І пакуль дарослыя аплаквалі, развітваліся з нябожчыкам, мы іх лічылі, ды хутка збіліся…

Пачалася эвакуацыя калгаснай жывёлы, тэхнікі Селішчанскай МТС. Маладыя калгасніцы гналі ў бок Ушачы статкі кароў, коней. Праўда, хутка вярнулі назад, бо немцы перарэзалі шлях на Усход. А праз 3-5 дзён з боку мястэчка Кублічы па дарозе на Ушачы прыйшлі немцы. Іх было шмат, на машынах, матацыклах. Каля дамоў, у агародах яны паставілі палаткі і пачалі гаспадарыць: лавіць, страляць курэй, гусей, рыхтаваць сабе ежу. Мясцовых жыхароў не чапалі, нават не заходзілі ў дамы. Мы ж, баючыся выходзіць, глядзелі праз вокны. Савецкіх салдат у раёне Селішча не было, немцы занялі вёску без адзінага стрэлу.

Праз некалькі дзён фронт прайшоў і немцаў не стала. У вёсцы засталіся, прызначаныя імі за гаспадароў, бургамістр Дуброўскі і двое паліцэйскіх – усе з мясцовых жыхароў. Яны з белымі павязкамі на рукавах і вінтоўкамі за плячыма ўсталёўвалі свае парадкі: выконвалі разнарадку па канфіскацыі ў сялян для нямецкай арміі харчавання і фуражу: збожжа, мяса, малочнай прадукцыі, яек. Яны ж займаліся адпраўкай у Нямеччыну добраахвотна-прымусова маладых дзяўчат.

У 1941 годзе ўраджай усіх культур, пасеяных вясной, немцы прымусілі ўбраць калектыўна (захавалі калгасы). Пасля абмалоту збожжавых частку ўраджаю пакінулі на насенне, а астатняе забралі. Кароў, коней, свіней, якіх не ўдалося эвакуіраваць, таксама часткова забралі, а астатніх раздалі насельніцтву. Нашай сям’і дасталася адна свіння і конь на дваіх з Янулеўскім. Неўзабаве для патрэб нямецкай арміі забралі і свінню.

Да пасяўной 1942 года зямлю падзялілі паміж сем’ямі сялян, раздалі пакінутае насенне, кожны засеяў свой надзел, і пачаўся страшны голад. Вясна і лета 1942 года былі самым цяжкім часам. Есці зусім не было чаго. Збіралі шчаўе, дзядоўнік. Варылі боршч, з галовак канюшыны пяклі праснакі. Памятаю, як мы з маці пайшлі за канюшынай ва ўрочышча “Ніжні сад”. І тут з’явіліся бургамістр з паліцэйскімі, стрэлілі ўверх, загадалі ўбірацца з гэтага поля. Маці потым патлумачыла, што мы зайшлі на ўчастак палюбоўніцы бургамістра.

У снежні 1941 года ўсе жыхары Селішча бачылі першае страшнае відовішча. Па дарозе з Кубліч на Ушачы немцы і паліцаі гналі цэлы абоз яўрэяў. На павозках сядзелі старыя і дзеці, пешшу ішлі жанчыны і мужчыны. Вельмі шмат вазоў, людзей. Усе ўжо ведалі, што іх гоняць на расстрэл. Ведалі гэта, напэўна, і самі ахвяры. Але не ўцякалі, не супраціўляліся, хоць маглі. І мы, хлопцы, пыталіся ў сваіх бацькоў, чаму дарослыя мужчыны, жанчыны не ўцякаюць. І толькі стаўшы самі дарослымі, зразумелі, што выратавацца, пакінуўшы паміраць сваіх дзяцей, дадзена не кожнаму. Што гэта здрада ў адносінах да сваіх блізкіх.

У Селішчы жыла сям’я Севярын. Муж яўрэй, яна беларуска. Было двое дзяцей – Лёўка і Жоржык, прыкладна майго ўзросту. Муж у пачатку вайны пайшоў у армію, ваяваў на фронце. Дзяцей разам з усімі яўрэямі павінны былі расстраляць. Не ведаю, па чыёй ініцыятыве ў вёсцы сталі збіраць подпісы жыхароў аб тым, што дзеці не яўрэі. Мабыць гэтыя подпісы, а найхутчэй тое, што суседам гэтай сям’і быў бургамістр, паўплывала на тое, што дзяцей пакінулі жыць. Пасля вайны яны разам са мной скончылі сямігодку, паехалі ў Ленінград, паступілі ў тэхнічнае вучылішча, іх бацька трапіў на жыхарства ў ЗША, маці працавала прадаўцом у вясковай краме.

Да восені 1941 года ў Селішчах аднавіліся службы ў касцёле. Людзі хадзілі маліцца Богу. Маці завяла мяне і малодшага брата Віктара да ксяндза, які нас ахрысціў. У зіму 1941-42 гадоў ён ездзіў на кані па вёсках, асвячаў дамы і пры гэтым прасіў цёплыя рэчы: паўкажушкі, абутак, адзенне, шкарпэткі, рукавіцы. Пагаворвалі, што для партызан. Неўзабаве ксяндза не стала, касцёл зачыніўся канчаткова. Адны казалі, што святар сышоў у атрад, іншыя – што яго арыштавалі немцы і павезлі ва Ушачы.

Лёс касцёла такі: пабудаваны ў 1726 годзе, ён больш за 200 гадоў служыў па сваим прызначэнні. Дзесьці ў 30-я гады ХХ стагоддзя, па расказах маці, быў зачынены: разгромлены арган, скінуты крыжы, выкінуты з падвалаў труны з астанкамі святароў, выгналі свяшчэннікаў і арганіста. Потым у касцёле была майстэрня Селішчанскай МТС. У 1943 годзе партызаны знялі дах – ацынкаваную бляху для вырабу паходных кацялкоў, вядзёр. Пасля вайны там было калгаснае сховішча для сена, саломы, снапоў лёну, а потым зноў майстэрня МТС. У кляштары размяшчаўся дзіцячы дом, пякарня, сталовая, бібліятэка. Потым, застаўшыся без даху, ён пачаў разбурацца. І нарэшце прыняў цяперашні выгляд.

У канцы 1941 – пачатку 1942 у вёсцы загаварылі пра партызан. Аднойчы ноччу мы ўбачылі полымя: яны спалілі драўляны мост праз Селішчанскую раку на дарозе Кублічы-Ушачы. Потым мсціўцы занялі вёску, пасяліліся ў дамах жыхароў. У нас у хаце жылі яўрэй Кавылін і ўкраінец Янчанка. Памятаю, у першага была доўгая бельгійская вінтоўка і ўсяго 7 патронаў да яе. Ноччу партызаны хадзілі ці ездзілі на конях на заданні на чыгунку ў раён станцый Празарокі, Зябкі, падрывалі нямецкія эшалоны. Жанчыны вёскі кармілі партызан, мылі ім вопратку, шылі з вытканага імі ж палатна і прынесеных парашутаў кашулі, штаны.

Партызаны часта прыводзілі з нямецкай зоны (Глыбоцкага раёна) кароў. Іх рэзалі на суседнім двары, дзе размяшчаўся гаспадарчы ўзвод. Раздавалі мяса партызанам. Не было солі, газы. Дамы асвятлялі лучынай (дранкай з сасны).

Для нас, дзятвы, час партызаншчыны быў лепшым. Не трэба было хадзіць у школу. Нам дазвалялі пасвіць, карміць коней, ездзіць на іх верхам, купаць у возеры. Смерцяў, расстрэлаў з пачатку вайны ў вёсцы яшчэ не было. І нават калі партызаны прывозілі з заданняў сваіх мёртвых таварышаў і хавалі іх на мясцовых могілках, мы не заўсёды разумелі, што такое вайна.

Дзятвы ў Селішчах было шмат. Упадабанай забавай былі хованкі. У калгасным вялікім хляве, дзе ляжала салома ўраджаю 1941 года, мы рабілі норы і хаваліся ў іх. Аднойчы натрапілі на вялікую кучу нямецкіх патронаў. Маці пайшла ў дом Шчэрбіка, дзе размяшчаўся штаб брыгады Куксёнка, і сказала пра знаходку. Мы паказалі месца, дзе схаваныя патроны. І партызаны набралі дзесьці з два вядры. І сёння я не магу зразумець: хто іх хаваў, дзе ўзяў?

Адзін час у нашым доме размяшчалася каравульнае памяшканне. Дзяжурны нарад, як і належыць па воінскім статуце, са зброяй у руках дзве гадзіны нёс службу па ахове вёскі, затым столькі ж адпачываў. У доме побач з уваходнымі дзвярамі палілі печ. Мы з братам сядзелі ля яе і сачылі за топкай. Аднойчы кінулі трасіруючую кулю ад вінтовачнага патрона. Думалі, што ён, маленечкі, будзе лётаць ўнутры. Але раптам выбух! Дзверцы ад печкі адарвала, вуглі, галавешкі выкінула на падлогу. Адпачываючыя партызаны падумалі, што гэта нападзенне на каравул – выбух гранаты, і праз вокны разам з рамамі і зброяй у руках уміг апынуліся на вуліцы. Адведалі мы пасля гэтага партызанскага рэменя.

Дзесьці ў канцы 1943 – пачатку 1944 гадоў з боку Кубліч рушылі войскі ў зялёнай нямецкай форме. Партызаны кудысьці сышлі, а мясцовыя жыхары пабеглі праз возера па лёдзе хавацца ад немцаў у Селішчанскую пушчу. Праз кароткі час гэтыя войскі рушылі назад у бок Кубліч. Ніякага бою, ні адзінага стрэлу. Потым казалі, што гэта Гіль-Радзівонаў са сваім войскам ішоў на перамовы да партызан аб пераходзе на іх бок: і хутка размясціліся ў вёсцы Дарошкавічы і навакольных.

Самае страшнае для жыхароў Селішча пачалося падчас блакады вясной 1944 года. Немцы наступалі з напрамку Кублічы-Зябкі-Празарокі. У суседніх вёсках гарэлі дамы, зарыва пажараў было відаць здалёк. Сярод партызан, мясцовых жыхароў пачалося масавае захворванне тыфам. У нашым доме арганізавалі партызанскі шпіталь. Штодня паміралі дзясяткі чалавек, іх месца займалі новыя хворыя і параненыя. Заразіўся і старэйшы брат Станіслаў. Лекар лячыў яго нароўні з партызанамі, і ён выжыў. Потым захварэла маці і малодшыя дзеці, а лячыць ужо было няма каму і чым. Кола блакады сціскалася. Нямецкія самалёты лёталі так нізка, што нам здавалася, быццам яны падлятаюць пад тэлефонныя правады, былі бачныя твары лётчыкаў. Бамбілі Селішча, навакольныя вёскі. Усё гарэла. Была цалкам разбурана яшчэ панская цагляная ферма.

Вялікіх баёў з немцамі ў раёне нашай вёскі не было. Партызаны адышлі ў лясы ў напрамак вёсак Загуззе, Паперына, Матырына. Там тварылася самае страшнае. Неўзабаве немцы ўвайшлі ў Селішча. Гэта былі зусім іншыя немцы, непадобныя на тых, 41-га года. Нібы звяры, якія трапілі ў пастку, яны не шкадавалі нікога. Мясцовых жыхароў прыкладамі аўтаматаў выганялі, выкідалі з дамоў. Нашай сям’і з хворай тыфам маці і дзецьмі дапамагла перабрацца ў пустуючы за рэчкай дом суседская бабуля Станіславіха (мужа пахавала ў першыя дні вайны). Праз нейкі час нас выгналі з хаты ў лазню, а неўзабаве – у Баяршчыну. Добра памятаю, як мы, хворая жанчына з толькі што пачаўшымі выздараўліваць дзецьмі, ішлі па вадзе праз рэчку і размясціліся ў пуставаўшым доме. Жыхары гэтай вёскі прыносілі нейкую ежу. Тыдні праз 2-3 прайшла чутка, што можна вяртацца ў свае дамы.

Уся маёмасць была разрабавана, знішчана. Не стала каровы, курэй, гусей. У склепе заставалася трохі дробнай бульбы. Яна выратавала нас ад галоднай смерці. Немцы за гэты час перамясціліся ў лагер: пабудаваныя з фанеры палаткі на беразе возера.

Мы, дзятва, разам з дарослымі некалькі дзён хадзілі ў Паперынскі лес хаваць загінуўшых партызан і мірных жыхароў. Трупаў было вельмі шмат. Яны гнілі, жудасны пах запаўняў увесь лес. На адной з палян натрапілі на партызанскі шпіталь: целы мужчын, жанчын, дзяцей. На зямлі, коўдрах, павозках. Усе перабітыя. Нікога не пашкадавалі фашысты.

У адзін з дзён яны наладзілі аблаву на жыхароў Селішча і навакольных вёсак. Усіх, хто мог хадзіць, сагналі ў касцёл. Трапіў туды і старэйшы брат Станіслаў. Яму было 12 гадоў. Назаўтра большых дзяцей, маладых жанчын пагналі ў Дарошкавічы для адпраўкі ў Германію праз станцыю Лепель. Але ўжо была побач Чырвоная Армія. Ахова з паліцэйскіх разбеглася, і ўсе палонныя разышліся па дамах.

Пачалося наступленне нашых войскаў. Савецкія самалёты бамбілі калоны немцаў, але не па вёсках, а толькі па дарозе паміж імі. Мабыць таму, з мэтай сваёй абароны, акупанты і не спалілі вёскі ўздоўж дарогі Ушачы-Кублічы.

У адну з начэй у канцы чэрвеня немцы з палатачнага лагера збеглі. Раніцай мы, хлапчукі, ды і дарослыя, пайшлі туды па трафеі. Уся маёмасць і нават зброя была пакінута. Сёе-тое прыхапіўшы, мы памчаліся дадому. Да абеду немцы зноў прыйшлі, сабралі скарб, але фанерныя палаткі ўсе ж засталіся. Потым іх на будматэрыялы разабралі мясцовыя жыхары.

Прыкладна праз дзень-два пачаўся панічны ўцёк немцаў па дарозе на Кублічы. На павозках, аўтамабілях, веласіпедах, пешшу… Яны чапляліся за барты машын, імкнучыся залезці на іх. Кузавы былі перапоўненыя, і немцы, якія сядзелі там, скідвалі аднапалчан. Гэта былі некіруемыя ўцёкі. Такім было адступленне немцаў і вызваленне Селішча. Затым незвычайная цішыня. Праз нейкі час у вёсцы з’явіліся савецкія разведчыкі. Усе жыхары, якія яшчэ заставаліся, выйшлі вітаць вызваліцеляў.

Без адзінага стрэлу немцы занялі вёску ў канцы чэрвеня 1941 года. Без адзінага стрэлу (не лічачы блакады партызан) і збеглі з яе ў канцы чэрвеня 1944 года.

А потым была Перамога. Нам, першакласнікам, на ўроку ў доме Змітрака абвясцілі, што скончылася вайна і з гэтай нагоды адмяняюцца ўрокі. Больш цешыў не канец вайны, бо для ўшачан ён наступіў амаль год таму, калі немцаў выгналі з нашых вёсак, а тое, што сёння не будзе заняткаў і можна бегчы на возера. Стаяў сонечны прыгожы дзень.

Вайна… Яна была агульная для ўсіх: вялікая, цяжкая, кровапралітная. Але для кожнага населенага пункта, нават для кожнага чалавека яна была сваёй. Для мяне, падлетка – такой, як я апісаў вышэй. Для сям’і майго дзядзькі Язэпа Фёдаравіча Крывапушчанкі – іншай. Яго разам з маім бацькам Антонам Фёдаравічам у снежні 1937 года арыштавалі, а 25 лютага 1938 года расстралялі (рэабілітавалі ў 1959 годзе). Яго тры сыны падчас вайны абаранялі Радзіму. Малодшы, Браніслаў, дваццацігадовым хлопцам загінуў у партызанах падчас прарыву блакады ў раёне вёскі Новае Сяло. Сярэдні, Фелікс, прапаў без вестак на фронце ў 1944-м. Старэйшы, Ваня, у Чырвонай Арміі з пачатку і да канца вайны. Там пазнаёміўся з будучай жонкай, з якой выгадавалі трох сыноў. Дачку Франю, 1926 года, немцы падчас блакады накіравалі ў Лепель рыць акопы. Там яна і загінула.

Дваіх сясцёр Мурашковых у першы год акупацыі сагналі ў Нямеччыну. Старэйшая так і згінула невядома дзе. Малодшай на заводзе адарвала руку. Навошта немцам бязрукая калека? Вярнулі дадому. Так і пражыла ў маленькай хатцы да смерці. Без пенсіі і дапамог, на падачкі суседзяў.

Сёстры Валянціна і Ганна Хамёнак, 1924 і 1926 гадоў нараджэння, засталіся жывыя, цэлыя і здаровыя. Але на франтах, у партызанах загінулі практычна ўсе хлопцы-аднагодкі. Да канца сваіх дзён так і засталіся ў дзеўках: Валька Іванішка і Анька Іванішка – так іх клікалі ў вёсцы па бацькавым імя. Вайна адабрала ў іх радасць кахання, замужжа, мацярынства. А яшчэ і памяць нашчадкаў: іх магілы не наведваюць, не прыносяць кветкі ні дзеці, ні ўнукі, ні пляменнікі. Іх няма, бо яшчэ ненароджаных забрала вайна.

Уладзімір КРЫВАПУШЧАНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *