2 апреля — День единения народов Беларуси и России

Общество

Гэтае дзяржаўнае свята закранае практычна кожнага беларуса. У нашых народаў адна гісторыя і цесна пераплеценае сёння. У Маскве, Санкт-Пецярбургу, ды і ў расійскай глыбінцы жывуць родныя ўшачан, мы без межавых перашкод наведваем славутыя мясціны Расіі, а яе жыхары – самыя частыя кліенты нашых здраўніц і прыхільнікі прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў. Лепш за ўсё пра сувязі Расіі і Беларусі гавораць самі ўшачане.

Святлана Канстанцінаўна ТУРЛО, супрацоўнік музея народнай славы імя У.Е.Лабанка:

– Многія нашы землякі знайшлі другую радзіму ў Расіі, больш таго, пакінулі адчувальны ўклад у яе развіццё. У касмічных войсках служыў кандыдат матэматычных навук палкоўнік Аляксандр Мікалаевіч Лісічонак, у дванаццаці кінастужках, у тым ліку сумесных Расіі і Беларусі, ужо зняўся таксама выпускнік Ушацкай школы Віталь Уладзіміравіч Круглік. Навукова-доследны інстытут Расійскага анкалагічнага цэнтра ўзначальваў Анатоль Юр’евіч Барышнікаў, дырэктарам гідраэлектрастанцыі на Кольскім паўвостраве працаваў Уладзімір Васільевіч Міхаль з Папоўкі – яны маюць высокае званне Заслужаны, таксама як у сваіх галінах будаўнік Уладзімір Пятровіч Катлёнак з Царкавішча, лётчык Мікалай Васільевіч Андрэйчык з аднайменнай вёскі, тэрапеўт Валянціна Уладзіміраўна Аніскевіч з Вялікіх Долец. І гэты спіс можна працягваць.

Віктар Мікалаевіч ІВАНЬКОВІЧ, жыхар гарпасёлка:

– Многія ўшачане ў часы перабудовы вымушаны былі шукаць крыніцы заробкаў, і так склалася, што я ўжо працяглы час афіцыйна працую ў Расіі. Заняты на будоўлі. Санкт-Пецярбург, Ніжні Ноўгарад, Масква – узвялі не адзін мост, завод па перапрацоўцы адходаў, іншыя вытворчыя будынкі. Канечне, у гэтым шмат нязручнасцей, падоўгу не знаходзішся дома. Тым не менш добра, што паміж Беларуссю і Расіяй няма ніякіх перашкод у працаўладкаванні. На беларусаў распаўсюджваюцца ўсе правы і льготы, што маюць расіяне. Ідзе стаж, атрымліваю законныя адпускныя, падарункі як член прафсаюза. Нават медыцынскую камісію штогод праходжу ва Ушацкай ЦРБ – даведкі таксама дзейнічаюць. І ў Беларусі я не лічуся незанятым у эканоміцы.

Вера Валер’еўна ДЗЯМЕШКА, дырэктар ПП “Кват”:

– У Беларусі вітаецца адкрыццё прыватных прадпрыемстваў, у тым ліку і з замежным капіталам, рэальна зарэгістраваць і сумеснае таварыства, заснавальнікамі якога могуць быць, напрыклад, нашы грамадзяне і расіяне. І хоць “Кват” – чыста беларускае прыватнае вытворчае прадпрыемства, аднак мы можам аказваць паслугі заказчыкам як з Беларусі, так і Расіі, чым, дарэчы, і займаемся зараз: з давальніцкай сыравіны расійскай кампаніі вырабляем пад заказ металаканструкцыі, якія і рэалізуюцца ў Расіі. Адзіны Мытны саюз пашырае пошук патэнцыйных партнёраў, дагаворы мы можам заключаць з любым.

Сяргей Іванавіч СЛЯЦКІ, начальнік сектара маркетынгу і рэгістрацыі санаторыя “Лясныя азёры”:

– Самая вялікая колькасць нашых замежных наведвальнікаў – менавіта расіяне, ды і наогул яны складаюць палову адпачываючых: напрыклад, у 2018 годзе сярод 4396 турыстаў 2049 чалавек – грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Больш за ўсё прадстаўнікоў Масквы, Санкт-Пецярбурга, гэтых абласцей, аднак едуць да нас з Цвяры і Растова-на-Доне, Карэліі і Краснаярскага краю, ёсць нават пастаянная наведвальніца з Хабараўска. І мы ў сваю чаргу пашыраем геаграфію па рэкламаванні нашага санаторыя ў Расіі, летась прымалі ўдзел у турыстычнай выставе нават у Екацярынбургу. Трэба зазначыць, што ў нашай здраўніцы, як і ў многіх іншых беларускіх, адзіны прэйскурант на аздараўленчыя пуцёўкі, аднолькавыя дзесяціпрацэнтныя скідкі для пенсіянераў Беларусі і Расіі. Імкнёмся зрабіць максімальна камфортнымі не толькі ўмовы аздараўлення і адпачынку, але і арганізацыйныя: засяляем у любы час сутак, забіраем з чыгуначнага вакзала Полацка, да мая наогул дзейнічае акцыя – прывозім бясплатна.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *