Узаконьте братьев наших менших, или Почему граждане игнорируют правила содержания домашних животных?

Выясняем ситуацию

“Пайшлі з унучкай у наш двор на Віцебскай, а калі пасля прагулкі пачала яе распранаць – зразумела, што прыйдзецца мыць і куртку, і боцікі, і саму малую. Аказваецца, у нас тут пад кожным кустом – сляды сабачай жыццядзейнасці. Ёсць жа правілы ўтрымання жывёлы – не разумею, чаму людзі іх ігнаруюць? Вунь у замежным кіно паказваюць, як гаспадары за сабакамі ходзяць з саўкамі ды мяшочкамі, а ў нас здаровы “конь” выскачыць з пад’езду і робіць свае справы прама на клумбе пад вокнамі…” – такі расказ давялося днямі пачуць ад адной з нашых чытачак.

З саўком і павадком

Магчыма, нехта скажа, што ёсць у нашым грамадстве і больш надзённыя праблемы, але калі мы імкнёмся да чысціні, парадку і культуры, ніяк нельга ігнараваць і гэтую. Да таго ж, як вучыў таварыш Бэндэр, законы трэба шанаваць – а правілы ўтрымання жывёлы маюць менавіта такі статус. Таму нялішнім будзе нагадаць пра патрабаванні, якія павінны выконваць уладальнікі дамашніх гадаванцаў.
Перафразуючы класіка, можна сказаць, што мы ў адказе не толькі за тых, каго прыручылі, а і за тое, каб яны не абцяжарвалі жыццё акружаючым. А для гэтага неабходна выконваць санітарна-ветэрынарныя правілы, сачыць, каб нашы любімцы не стваралі небяспеку для іншых людзей, не забруджвалі грамадскія месцы.
Як патлумачылі нам у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, у адной кватэры можна ўтрымліваць не больш двух жывёл, якія павінны быць зарэгістраваны і правакцынаваны ад шаленства. Выгульваць сабак варта ў спецыяльна вылучаным для гэтага месцы – нагадаем, што ва Ушачах яно знаходзіцца на пустэчы за будынкам былой лазні ў раёне вуліцы Фрунзе. Даводзіцца бачыць, як гаспадары прыводзяць гадаванцаў на школьны стадыён, у парк, на рынак, на пляж, купаюць іх у возеры – дык вось, гэта таксама супярэчыць нормам закону. Нельга выгульваць жывёлу і ў дварах шматкватэрных дамоў. Канечне, сабакаводы могуць запярэчыць, што рэксы і барбосы не чытаюць правілаў і не настолькі разумныя, каб чакаць, пакуль іх прывядуць на пустэчу, аднак вытворцы аксесуараў для сабак прапануюць цывілізаваным гаспадарам шырокі выбар спецыяльных саўкоў і пакетаў. І, канечне, збіраючыся на прагулку, варта прыхапіць з сабой таксама кароткі павадок і наморднік – без апошняга атрыбута праменад дазволены толькі “малышам” да 3-х месяцаў і дэкаратыўным сабакам, рост якіх да 25 сантыметраў.

Задавальненне небясплатнае

Імкненне зэканоміць уласціва большасці з нас. Напэўна, толькі гэтым можна патлумачыць, што многія гаспадары ігнаруюць артыкул 12 Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь і прынятае на яго падставе рашэнне Ушацкага раённага Савета дэпутатаў, якім устаноўлены памер падатку на валоданне сабакамі. Адпаведна дакументу, гаспадар, у якога маецца гадаванец старэйшы за 3 месяцы, павінен своечасова ўносіць за яго ўтрыманне пэўную суму. Як паведаміла нам начальнік райфінаддзела райвыканкама Т.В.Раманоўская, стаўка падатку складае 0,3 базавыя велічыні за квартал за кожнага сабаку, а калі ён належыць да пароды патэнцыяльна небяспечных (іх пералік можна знайсці ў інтэрнэце), – 1,5 базавай велічыні. Плаціць падатак трэба за ўсіх гадаванцаў, а пры вылічэнні яго сумы прымаецца памер базавай велічыні, устаноўлены на першае чысло першага месяца падатковага перыяду (кварталу). Так, у 2018 годзе ўшацкія ўладальнікі сабак плацілі за квартал за аднаго гадаванца 7,35 рубля, што за год склала 29,40. Згадзіцеся, гэта не такая ўжо астранамічная сума. Даражэй абыходзіліся сабакі небяспечных парод – 36,75 і 147 рублёў адпаведна. Сёлета з-за змянення памеру базавай велічыні гэтыя сумы крыху павялічыліся: за аднаго сабаку трэба плаціць за квартал 7,65 рубля, за год – 30,60. За патэнцыяльна небяспечныя пароды – 38,25 і 153 рублі адпаведна.
Некаторыя ўладальнікі вызвалены ад уплаты падатку: да іх належаць інваліды, якім неабходна трымаць сабак-павадыроў, пенсіянеры па ўзросце, інваліды І і ІІ групы (за аднаго сабаку), гаспадары, што жывуць у індывідуальных дамах (таксама за аднаго гадаванца). Плаціць гэты падатак варта адначасова з аплатай паслух ЖКГ.

Ухіліцца не атрымаецца

Летась падатак за валоданне сабакамі быў уплачаны ў раёне ўсяго толькі ў памеры 336,3 рубля, пры гэтым у бюджэты сельскіх Саветаў паступіў 201 рубель, у раённы бюджэт – 135,3 рубля. Па інфармацыі намесніка дырэктара УП ЖКГ Д.С.Шасцярня, зараз у раёне афіцыйна зарэгістраваны 81 сабака і 138 катоў. Як бачна, законапаслухмянымі на Ушаччыне з’яўляюцца далёка не ўсе ўладальнікі жывёл. Відавочна, што далей мірыцца з такім станам спраў нельга: усе крыніцы папаўнення бюджэту павінны выкарыстоўвацца максімальна, бо ад гэтага напрамую залежыць наш з вамі дабрабыт.
Тых жа, хто не хоча падпарадкоўвацца нормам закону, будуць “стымуляваць” рублём. Работнікі УП ЖКГ маюць паўнамоцтвы складаць пратаколы на ўладальнікаў жывёлы, якія не рэгіструюць гадаванцаў і не плацяць за іх падаткі, парушаюць прыгаданыя вышэй правілы ўтрымання сабак і катоў. Высвятляць такія факты яны могуць, напрыклад, падчас правядзення аглядаў вентканалаў, рэйдаў па выяўленні самавольнай перапланіроўкі ў жылых памяшканнях, правядзенні любых работ у кватэрах. У адпаведнасці з заканадаўствам, парушальнікі могуць атрымаць папярэджанне або штраф у памеры ад адной да пятнаццаці базавых велічынь, а ў выпадках, калі парушэнне нанесла шкоду здароўю людзей ці іх маёмасці, – штраф ад 10 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт. Прынамсі, складзеныя на гаспадароў сабак пратаколы ўжо неаднаразова разглядаліся на пасяджэннях адміністрацыйнай камісіі. Такім чынам, каб не трапіць у разрад нядобранадзейных, уладальнікам жывёлы варта зарэгістраваць сваіх гадаванцаў – інфармацыю, як гэта зрабіць, можна атрымаць ва УП ЖКГ па тэлефоне 2-96-15.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *