Ушачская цимбалистка Алина Герцик покорила жюри на престижном фестивале-конкурсе

Наши дети

Нельга без захаплення назіраць, як лётаюць над струнамі лоўкія рукі юнай ушацкай цымбалісткі Аліны Герцык. Здаецца, што звонкія мелодыі напаўняюць залу самаадвольна, а дзяўчына проста ўладарыць над імі з дапамогай чароўных малаточкаў… Але, канечне, лёгкасць гэта ўяўная і з’яўляецца плёнам упартых заняткаў.

Не адзін месяц Аліна разам з педагогам дзіцячай школы мастацтваў Ірынай Коршун і акампаніятарам Алінай Сідарчук адточвала праграму, з якой выступіла на VI Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе выканаўцаў на цымбалах “Перазвоны”. Гэты прадстаўнічы форум раз у два гады збірае ў сталіцы юных віртуозаў брэндавага беларускага інструмента. А пра ўзровень конкурсу можа сведчыць той факт, што сёлета яго журы ўзначаліў прафесар, Народны артыст Беларусі Яўген Гладкоў. Уразіць мэтра цымбальнай музыкі і яго калег спрабавалі каля сотні юных віртуозаў з розных куточкаў краіны, і вельмі прыемна, што нашай Аліне мэта пакарылася: дзяўчына атрымала Дыплом лаўрэата ІІІ ступені.

Адметна, што гэта не першы ўдзел таленавітай ушачанкі ў “Перазвонах”: на папярэднім конкурсе яна таксама вызначылася трэцім месцам у сольнай намінацыі і “срэбрам” у дуэце з яшчэ адной навучэнкай нашай школы мастацтваў Кацярынай Гайко. У гэты раз шырыню свайго выканаўчага дыяпазону Аліна дэманстравала, прадставіўшы праграму з твораў Баха, сучаснага беларускага кампазітара Віктара Войціка і “Тарантэлы” Меццакапа. “Пацвердзіць высокі статус лаўрэата іншы раз бывае цяжэй, чым упершыню заявіць пра сябе, бо ад цябе ўжо чакаюць адпаведнага ўзроўню, – адзначае І.Коршун. – Аднак Аліна дастойна справілася з задачай!”

“Была ўпэўнена ў сваіх сілах і амаль не хвалявалася, – расказвае канкурсантка. – Не збянтэжыла нават тое, што на сцэне нечакана з’явіўся аператар тэлеканала “Культура” і пачаў здымаць маё выступленне. Дала сабе каманду абстрагавацца і паказала тое, на што здольная”.

Конкурсны вопыт, безумоўна, будзе карысны дзяўчыне, якая мяркуе сёлета паступаць у Наваполацкі музычны каледж. “Адпраўляць таленавітых вучняў у далейшае жыццёвае падарожжа крыху сумна, і разам з тым гэта найвышэйшая асалода для настаўніка, – разважае Ірына Васільеўна. – І я не сумняваюся, што наступная плеяда юных цымбалістаў пяройме эстафету поспехаў і назва Ушацкай школы мастацтваў зноў будзе гучаць на самых высокіх сцэнічных пляцоўках. Прынамсі, зараз якраз распачынаецца набор новых дзетак на наша аддзяленне і мы з задавальненнем павядзём іх у чароўны свет спрадвечнай беларускай музыкі!”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *