Юные ушачские стрелки в этом году уже собрали немалый урожай медалей

Cпорт

У час ІІ Еўрапейскіх гульняў майстры кулявой стральбы будуць высвятляць мацнейшых у мінскім спартыўна-стралковым комплексе імя двойчы Героя Савецкага Саюза маршала С.К.Цімашэнкі. Спецыяльна да форуму на спартыўным аб’екце, узведзеным у 1971 годзе, прайшла маштабная рэканструкцыя і зараз лепшы беларускі цір адпавядае самым высокім міжнародным стандартам. У дзень урачыстага адкрыцця абноўленага комплексу ў ім стартаваў першы этап Кубка Беларусі, у якім прымалі ўдзел мацнейшыя стралкі краіны. Адметна, што ў іх ліку былі і прадстаўнікі Ушацкай ДЮСШ.
Выхаванцы трэнера Пятра Юльянавіча Варатынскага Таццяна Падгола і Уладзіслаў Байцоў выступілі ў стральбе на 10 метраў з пнеўматычнай вінтоўкі. “Гэта былі, безумоўна, самыя запамінальныя спаборніцтвы ў маім жыцці! – дзеліцца ўражаннямі Таня. – Электронныя мішэні, вялікае табло, знакамітыя стралкі побач – канечне, выступаць у такіх умовах было нязвыкла, але вельмі прыемна!” І трэба сказаць, што наша юная зорачка справілася з хваляваннем – 24-е месца сярод лепшых снайпераў краіны – дастойны вынік для 16-гадовай школьніцы! Яшчэ на радок вышэй Таццяне ўдалася ўзняцца на другім этапе, дзе яны таксама выступалі разам з Уладзіславам. Гэтыя спаборніцтвы можна лічыць генеральнай рэпетыцыяй еўрагульневага турніру, і вельмі прыемна, што на трэці іх этап, які праходзіць якраз у гэтыя дні, накіравалася яшчэ больш прадстаўнічая ўшацкая дэлегацыя – у Кубку Беларусі дэбютуюць Валерыя Стуканава, якая выступіць у тым жа практыкаванні, і Уладзімір Бутоўскі – выхаванец трэнера Уладзіміра Міхайлавіча Верлава пакажа сваё майстэрства ў стральбе з пнеўматычнага пісталета.
Трэба сказаць, што для нашых стралкоў першая частка года стала гарачай парой, і яны сабралі на розных турнірах багаты ўраджай медалёў. Так, напрыклад, ушачане сталі лепшымі ў 8 з 9 дысцыплін на першынстве вобласці сярод ДЮСШ, што праходзіла 13-15 сакавіка, папоўнілі “залаты запас” на абласных спаборніцтвах у праграме Алімпійскіх дзён моладзі, трыумфальна выступілі і на юніёрскім першынстве Віцебшчыны, што праводзілася на мінулым тыдні. Па выніках гэтых турніраў мультымедалісткай стала Таня Падгола, якая прынесла ў нашу скарбонку шэсць узнагарод вышэйшай пробы, чатыры “золата” – ва Уладзіслава, тры – ва Уладзіміра, два – у Валерыі, прызавымі месцамі адзначыліся таксама Максім Клімашэўскі, Дар’я Мацвеенка. “Займаюся на аддзяленні стральбы другі год, – расказвае Даша. – З радасцю хаджу на трэніроўкі і мару выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту, тым больш што перад вачыма прыклад сябровак па камандзе”.
Ну а мы ўжо зараз ганарымся поспехамі ўсіх нашых юных стралкоў, цэнім карпатлівую працу іх трэнераў і, канечне, спадзяемся, што ўшачане ўнясуць сваю лепту ў прадаўжэнне слаўных традыцый беларускай кулявой стральбы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: П.Варатынскі, У.Бутоўскі, У.Верлаў, В.Стуканава, У.Байцоў, Т.Падгола, Д.Мацвеенка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *