Ушачане приняли участие в республиканской акции «Беларусь помнит»

Общество

«Беларусь памятае»

Акцыя пад такой назвай з асаблівым размахам пройдзе сёлета ў рэспубліцы. У яе рамках усе жадаючыя змогуць аддаць даніну памяці героям вайны, якія ўнеслі свой уклад у вызваленне краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для гэтага неабходна прыйсці на святочныя мерапрыемствы з нагоды 74-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай з партрэтамі сваіх продкаў – ветэранаў той кровапралітнай вайны, партызан, блакаднікаў, усіх тых, чыё жыццё стала своеасаблівым сплавам мужнасці і самаадданасці.
З аднаго боку – гэта даніна павагі да набіраючых на постсавецкай прасторы мерапрыемстваў падобнага кшталту (у Расійскай Федэрацыі, напрыклад, гэта “Бессмертный полк”), з другога – абсалютна арыгінальны агульнанацыянальны праект, які ідзе ад душы, ад сэрца. “Беларусь памятае” будзе ладзіцца пры падтрымцы і актыўным удзеле Федэрацыі прафсаюзаў, рэспубліканскіх грамадскіх арганізацый “Белая Русь” і “БРСМ”.
Ва Ушачах шэсце ўдзельнікаў акцыі пройдзе 9 Мая па вуліцах Ленінскай і Савецкай ад цэнтральнай плошчы да помніка загінуўшым воінам і партызанам. На яго запрашаюцца ўсе жадаючыя. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у раённым савеце ветэранаў па нумарах 3-32-35, (8-044) 765-13-12 (Вэлком).

***

Аляксандра Ракава, дзесяцікласніца Ушацкай школы.

“Мой прадзед Васіль Данілавіч Ракаў нарадзіўся на Талачыншчыне ў мнагадзетнай сям’і. У Чырвоную Армію быў прызваны ў 1936 годзе. У час вайны быў капітанам інтэнданцкай службы супрацьпаветранай абароны Заходняга фронту, адказваў за забеспячэнне харчаваннем часцей корпуса, раскіданых па вялікай тэрыторыі. Нярэдка рызыкуючы жыццём, ён узорна выконваў даручаную справу, пра што сведчаць ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, медаль “За абарону Масквы”. Прадзеду пашанцавала: ён адзіны з усіх сваіх братоў вярнуўся з фронту жывым. Пасля Перамогі Васіль Данілавіч рыхтаваў афіцэраў у Вільнюскім вышэйшым камандным вучылішчы радыёэлектронікі супрацьпаветранай абароны, атрымаў званне палкоўніка. Па яго шляху пайшоў сын і два ўнукі, якія таксама сталі кадравымі ваеннымі. Я нарадзілася ўжо пасля смерці прадзеда (яго не стала ў 1990-м), аднак ведаю пра яго жыццё з расказаў сваіх родных”.

***

Валянціна Іосіфаўна Дунік, пенсіянерка.

“Наша сям’я як каштоўную рэліквію захоўвае пажоўклае ад часу пісьмо, датаванае даваенным 40-м. У ім мой дзядзька, брат мамы Міхаіл Міхайлавіч Сазонаў, які праходзіў тэрміновую службу ў Туркменіі, паведамляе, што залічаны ў школу малодшых камандзіраў мотаразведкі, расказвае, што ні ў чым не мае патрэбы, вось толькі сфатаграфавацца пакуль не можа, бо 10 рублёў, якія выдаюць салдатам у месяц, хапае толькі на махорку… Танкіст Міхаіл Сазонаў прапаў без вестак у кастрычніку 1944 года, забрала вайна і жыцці двух братоў майго таты. Калі ўшацкія партызаны пайшлі на прарыў, народнаму мсціўцу Леаніду Дуніку споўнілася 18, а яго брату Аляксандру – 20. Лёню пахавалі на могілках у Гамылёве, а цела Сашы родныя так і не знайшлі”.



1 комментарий по теме “Ушачане приняли участие в республиканской акции «Беларусь помнит»

  1. Хачу задаць два пытанні чытачам і рэдакцыі газеты «Патрыёт».
    1. На маёй малой Радзіме, у горадзе Гродна, напярэдадні Дня Перамогі ва ўсіх храмах адслужылі імшу па загінуўшых. Ці служылі такую імшу ў вушацкіх царквах і касцёле?
    2. 14 мая 2019 г. споўнілася 75 год з дня смерці камандзіра 1-й Антыфашысцкай партызанскай брыгады палкоўніка Гіль-Радзівонава. Вядома. што падчас легендарнага Прарыву з 1413 радзівонаўцаў загінула 1026, — пераважная большасць. Астатнія амаль цалкам былі знішчаны падчас аперацыі Cormoran. Такім чынам, поспех Прарыву ў значнай ступені належыць 1-й Антыфашысцкай і асабіста палкоўніку Гіль-Радзівонаву. Ці плануецца належным чынам аддаць даніну памяці байцам і камандзіру 1-й Антыфашысцкай брыгады да 75-годдзя Перамогі — напрыклад, назваць вуліцу імем 1-й Антыфашысцкай ці яе камандзіра, або якім іншым чынам?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *