Главная проблема — мост. Помощник Президента — инспектор по Витебской области В.Вовк провёл приём граждан в Ушачах

Зваротная сувязь

Памочнік Прэзідэнта краіны – інспектар па Віцебскай вобласці В.М.Вовк, які ў аўторак праводзіў ва Ушачах прыём грамадзян, быў здзіўлены невялікай колькасці людзей, якія запісаліся на сустрэчу з ім: “У іншых рэгіёнах звычайна прыходзіць звыш дзясятка чалавек. Значыць, вертыкаллю ўлады, дэпутацкім корпусам наладжана належная работа са зваротамі грамадзян, вырашэннем праблем людзей на месцах”, – зрабіў выснову Віталь Міхайлавіч.

Ад імя жыхароў Гуты да яго звярнуліся Эрыджан Сабіраў і Віктар Раманоўскі. Пытанне не стала нечаканым, бо грамадзяне з гэтага населенага пункта і раней узнімалі праблему асфальтавання дарогі праз вёску. А зараз, з-за абмежавання руху грузавога транспарту па мосце праз раку Ушача ў гарпасёлку, паток аўтамабіляў праз Гуту яшчэ больш павялічыўся. У пацвярджэнне сваіх слоў Э.Сабіраў нават паказаў В.М.Вовку знятае на мабільны тэлефон відэа – грузавік падымае слупы пылу пры праездзе праз вёску. Праблемную сітуацыю патлумачыў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч:
– Мы звярталіся з хадайніцтвам у Віцебскі аблвыканкам наконт асфальтавання ўчастка гэтай трасы працягласцю 1,8 кіламетра. Атрымалі адказ, што Дзяржаўнай праграмай развіцця ўтрымання аўтамабільных дарог Рэспублікі Беларусь на 2017-2020 гады ўстройства асфальтабетоннага пакрыцця на гэтым пад’ездзе не прадугледжана, а ўласных сродкаў у бюджэце няма. Грошы на праектна-каштарысную дакументацыю на рамонт моста выдзелены – 60 тысяч рублёў будуць асвоены да канца года, сам рамонт абыдзецца прыблізна ў 1,2 мільёна рублёў, тэрміны яго выканання – да 8 месяцаў.
Забараніць рух транспарту па вёсцы немагчыма, а вось абмежаваць яго і спрасціць тым самым жыццё вяскоўцаў, рэальна. Начальнік Ушацкага ДРБУ-105 Аляксандр Уладзіміравіч Пячкоўскі запэўніў, што для змяншэння запыленасці ў вёсцы да канца тыдня будуць устаноўлены знакі абмежавання нагрузкі на вось і хуткасці руху 40 кіламетраў у гадзіну. А велікагрузным аўтамабілям для аб’езду ўшацкага моста трэба накіроўвацца праз Ільюшына і Старынку, як і прадугледжвае схема. Па словах часова выконваючага абавязкі начальніка Ушацкага РАУС Уладзіміра Анатольевіча Сасіноўскага, супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі ўзмоцняць кантроль за выкананнем патрабаванняў правілаў дарожнага руху ў адпаведнасці з уведзенымі абмежаваннямі.
З жыллёвым пытаннем звярнуўся да памочніка Прэзідэнта Валерый Юрэвіч з Вашкова. Ён хоча выкупіць дом, у якім пражывае, у санаторыя “Лясныя азёры”. Юрыдычна яго ўладальнікам з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. В.М.Вовк даў даручэнне дырэктару санаторыя Віктару Мікалаевічу Грынкевічу разабрацца з прававымі нюансамі і ў выпадку, калі ўстанова не мае патрэбы ў дадзеным жыллі, станоўча вырашыць запыт грамадзяніна.
Прыватныя пытанні ўздымалі падчас прыёму Соф’я Пугач са Слабады і Сяргей Зелянко, які прыехаў на прыём з суседніх Докшыц – па іх зваротах будуць праводзіцца дадатковыя праверкі. А вось Анатоль Раманавіч Пахілка зноў скарыстаўся магчымасцю агучыць свае меркаванні і прапановы наконт механізму выплаты дарожнага збору. Нагадаем, што ў студзені бягучага года нашай рэдакцыяй было арганізавана грамадскае абмеркаванне праекта Указа, па выніках якога прапановы былі накіраваны на сайт Міністэрства фінансаў краіны. Нарматыўна-прававы акт яшчэ не прыняты, і, як адзначыў В.М.Вовк, прапановы А.Р.Пахілкі магчыма будуць улічаны.
Памочнік Прэзідэнта канстатаваў, што сур’ёзных праблем не прагучала. Ён адзначыў, што яны ў сельскіх раёнах Віцебшчыны падобныя – развіццё эканомікі, стварэнне ў малых гарадах належнай інфраструктуры, каб моладзь заставалася на малой радзіме. В.М.Вовк разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Наталляй Мікалаеўнай Марковіч наведаў мемарыяльны комплекс “Прарыў” і застаўся задаволены парадкам на святым для ўшачан месцы: “Адчуў, што ў чарговы раз “зачапіла” гісторыя і подзвіг, які здзейснілі людзі гэтага краю. Пра гэта трэба казаць, пісаць, нагадваць падрастаючаму пакаленню, выхоўваць вернасць малой радзіме і жаданне зрабіць яе лепшай”, – зазначыў Віталь Міхайлавіч.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *