Жители Старинки принесли из леса оленёнка, а экологам пришлось передать животное в витебский зоопарк

Экология

Прыродны патэнцыял нашага раёна абумоўлівае шэраг асаблівасцей. Напрыклад, па забяспечанасці воднымі рэсурсамі мы займаем адно з вядучых месцаў у краіне, значны на Ушаччыне і паказчык лясістасці тэрыторыі. Захаваннем гэтага прыроднага багацця займаецца раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Супрацоўнікам службы прыходзіцца вырашаць мноства задач – з закрыццём сельскіх міні-палігонаў узрасла колькасць несанкцыянаваных звалак і абвастрылася праблема ўтылізацыі бытавых адходаў, пастаяннага кантролю патрабуюць пытанні аховы зямель, водакарыстання, навядзення парадку на сельскагаспадарчых і вытворчых аб’ектах, недапушчэння фактаў нанясення ўрону прыродзе, браканьерства і шмат чаго іншага – адна каардынацыя дзейнасці зацікаўленых службаў па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага з’яўляецца вялікім пластом работы.
Між іншым, пры вырашэнні глабальных напрамкаў знаходзяць час эколагі і для спраў больш зямных, але ад гэтага не менш важных. Напрыклад, не так даўно начальніку раённай інспекцыі Міхаілу Аляксандравічу Шуку давялося дастаўляць у заапарк Віцебска аленяня, якое жыхары Старынкі Жарскага сельсавета падабралі ў лесе. Па словах Ганны Аляксееўны Евянковай, у доме якой і кватаравала часова маленькая жывёла, яе з лесу прынёс сын – падумаў, што аленяня засталося без маці і пашкадаваў. А вось што рабіць з ім далей, грамадзяне не ведалі і патэлефанавалі ў інспекцыю.
– Не трэба было забіраць малога з лесу, – пракаменціраваў выпадак М.А.Шук. – Самкі аленяў пакідаюць нованароджаных дзяцей і часта адыходзяць на значную адлегласць, потым жа вяртаюцца да іх, кормяць. Малако гэтых жывёл мае вельмі высокую тлустасць, з-за чаго аленяня хутка мацнее і ўстае на ногі.
Міхаіл Аляксандравіч адзначыў, што ўжо сам факт дастаўкі дзікай жывёлы дамоў з’яўляецца парушэннем прыродаахоўнага заканадаўства, які караецца штрафам, у асобных выпадках наступае і крымінальная адказнасць. Але ў адносінах чуллівых жыхароў Старынкі, якія такіх акалічнасцей не ведалі, санкцый не прымянялася – аленяня яны паілі малаком, шкоды не прычынілі і нават спрабавалі вярнуць назад на месца знаходкі. Вось толькі ўлічваючы тое, што жывёла правяла ў людзей некалькі дзён (ужо нават ласкава хінулася да іх), маці наўрад ці прыняла б яе. Выхад жа з сітуацыі быў знойдзены – М.А.Шук дамовіўся з кіраўніцтвам заапарка і на ўласным аўтамабілі ў суботні дзень адвёз аленяня туды.
Наогул, за перыяд работы ў інспекцыі Міхаілу Аляксандравічу даводзілася не раз прымаць удзел у падобных выратавальных аперацыях – часта людзі з найлепшых пачуццяў забіраюць жывёлу з прыроды, нават не падазраючы, што тым самым і прычыняюць ёй шкоду. Хаця, безумоўна, здараюцца і факты браканьерства.
Вось такая ў эколагаў работа – няпростая, але высакародная і дастойная павагі. Няхай прыгажосць нашай роднай прыроды і надалей надае ім сіл і натхняе на добрыя справы.
Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *