«Солнечные» каникулы, или Как проводят время дети в школьном лагере в Ушачах

Наши дети

Як адпачыць летам, каб яркія ўражанні і ўспаміны засталіся надоўга? Адказ на гэтае пытанне дакладна ведаюць юныя ўшачане, якім пашчасціла трапіць на змену ў дзённы аздараўленчы лагер “Сонейка”. Летнік на базе Ушацкай школы гасцінна адчыняе дзверы для вучняў малодшых класаў кожны год, і настолькі прывабны, што многія хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць сюды не раз.
Прыцягальнага, сапраўды, шмат. Сёлета, для прыкладу, тут утварылася вялізная сям’я – колькасць выхаванцаў дасягнула ажно сотні. Усе 4 атрады сябруюць паміж сабой, хоць і існуе своеасаблівае спаборніцтва: за большую колькасць перамог у конкурсах, лепшыя паводзіны ды і проста на ўдачлівасць – штодзень на лінейцы праводзіцца “Марафон шчасліўчыка”, які прадугледжвае атрыманне падарунка.
– Бягучая змена праходзіць насычана, – расказвае начальнік лагера Тамара Уладзіміраўна Аваднёва. – На кожны дзень распрацаваны розныя мерапрыемствы: спартыўныя і музычныя гадзіны, інтэлектуальныя шоу, джэз-дэнс. У Год малой радзімы правялі квэст-гульню “Збіраем карту Беларусі”, конкурс малюнкаў, прысвечаны дзяржаўнай сімволіцы нашай краіны, арганізавалі экскурсію па вуліцах райцэнтра, якія носяць імёны нашых знакамітых землякоў. Шмат удзельнікаў сабралі “мастацкія” спаборніцтвы “Курэнню скажы “Не!” і “Беларусь памятае – 75 год Вялікай Перамозе”, а таксама акцыя “Эстафета карысных спраў”, падчас якой дзеці займаліся працатэрапіяй – дапамагалі ў паліве кветнікаў ля школы. Ёсць у нас і свае традыцыі. Так, напрыклад, штогод праводзім конкурсы “Містэр і Міс лагера”, мерапрыемствы да дня нараджэння Васіля Быкава. Павінны зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак спартландыя да адкрыцця другіх Еўрапейскіх гульняў, завочная вандроўка ў Мінск да 45-годдзя прысваення яму звання горада-героя і іншае.
Дарэчы, усё гэта – ідэя і заслуга найперш педагога-арганізатара з 10-гадовым “стажам” у “Сонейку” Святланы Міхайлаўны Ільюшэнка. Дапамагаюць жа рэалізаваць задумы выхавацелі лагера, а таксама супрацоўнікі раённай дзіцячай бібліятэкі і райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія актыўна запрашаюць дзяцей да сябе ў госці на цікавыя мерапрыемствы.
Аздараўленню ў летніку спрыяюць трохразовае вітамінізаванае харчаванне – на сталах у школьнікаў заўсёды ёсць салаты са свежай агародніны, фрукты і сокі, частае знаходжанне на свежым паветры.
Да завяршэння работы лагера – цэлы тыдзень, а значыць нямала адкрыццяў яшчэ наперадзе. Між тым, ужо зараз малодшыя школьнікі з энтузіязмам плануюць свой наступны “сонечны” адпачынак.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *