На Ушаччине прошёл районный этап республиканского проекта «Властелин села»

Образование и молодежь

Сонечнае надвор’е, вясёлая музыка, прыбраныя канкурсанты і ўсмешкі вяскоўцаў-балельшчыкаў – усё гэта на мінулым тыдні дазволіла акунуцца ў атмасферу сапраўднага свята. Даказаць, што каханне, згуртаванасць, узаемападтрымка – галоўныя складнікі моцнай сям’і, на раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” ў Вялікія Дольцы прыехалі ўдзельнікі з аграгарадкоў Глыбачка і Ільюшына.

У прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч заўважыла, што на Ушаччыне нямала дружных, працавітых, цікавых сямей. Для такіх і праводзіцца спаборніцтва, якое яшчэ больш раскрывае таленты, згуртоўвае бацькоў і дзяцей.

Першымі ў конкурсе візітовак на сцэнічную пляцоўку выйшлі Арцём і Таіса Церашкаўцы. Яны не толькі дома, але і на рабоце разам – абое з’яўляюцца педагогамі Глыбачанскай школы. Галава сям’і выкладае фізічную культуру, да здаровага ладу жыцця прывучае і блізкіх, любяць разам праводзіць час на прыродзе, падарожнічаць. А сын Лёша ў свае два годзікі ўжо спрачаецца з татам за права “лідарства”. Настаўніцай нямецкай мовы працуе Таіса, якая займаецца вакалам, вышыўкай. Па прыкладзе матулі захапляецца творчасцю і чацвёртакласніца Ксюша – падчас мерапрыемства дзяўчынка выканала прыгожую песню пра сваіх родных.

Зусім іншую “тактыку” падтрымкі бацькоў абрала Паліна Кароткая, якой усяго годзік: пакуль Святлана і Ігар удзельнічалі ў спаборніцтвах, малышка спакойна спала на руках балельшчыкаў – ролю “нянек” узялі на сябе калегі таты, работніцы ААТ “Ільюшынскі” Алена Халімоненка і Таццяна Бондарава. Увазе журы Кароткія прапанавалі відэапрэзентацыю з кадрамі галоўных падзей у жыцці іх маладой сям’і.

У чарговым заданні мужчыны з дапамогай сякеры рабілі раздзелачныя дошкі, а іх спадарожніцы надавалі вырабам эстэтычны выгляд. “А што тут цяжкага? – вымяраючы лінейкай загатоўку, казаў Арцём Церашкавец. – У свой час у школе разьба па дрэве была! Ды і з настаўнікам працоўнага навучання сябрую”. Таіса і Ксюша тым часам рыхтаваліся да афармлення дошкі ў стылі дэкупаж. А вось Ігар Кароткі народнае выслоўе “Сем разоў адмерай – адзін адрэж” браць на ўзбраенне не стаў – адразу ж узяўся за сякеру. І выраб атрымаўся роўным, акуратным! А пасля таго, як Святлана нанесла на яго фарбай выяву сланечніка, – яшчэ і вельмі прыгожым.

У сельскагаспадарчай эстафеце канкурсанты мяняліся дамашнімі абавязкамі. Цікава было назіраць, як таты спавіваюць “дзяцей”, а мамы забіваюць цвікі!

Яшчэ мацней разагрэў прысутных конкурс “Дранікі на калодзе”, у якім жонкі чысцілі бульбу, гатавалі цеста, а мужы распальвалі “патэльню” з прыроднага матэрыялу і смажылі аладкі.

“Калі ўся сям’я ра­зам – душа на месцы”, – заўважыла вядучая канцэрта Лілія Смаляк. Атмасфера спаборніцтваў атрымалася добразычлівай, а нотак творчасці дадалі супрацоўнікі Вялікадолецкага СДК, самадзейныя артысты.

А калі ўся сям’я ў пераможцах – душа спявае. Па рашэнні журы, званне “Уладар сяла-2019” атрымала сям’я Церашкавец з Глыбачкі. Канкурсанты ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкама БРСМ, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. На такіх дружных, працавітых людзях, як удзельнікі праекта, трымаецца жыццё ў вёсцы, на іх варта раўняцца іншым.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *