На дорожные вопросы читателей во время «прямой линии» ответил начальник ДРСУ-105 Александр Печковский

Зваротная сувязь

Тэлефонная “прамая лінія”, якую на бягучым тыдні праводзіў з жыхарамі раёна начальнік Ушацкага ДРБУ-105 КУП “Віцебскаблдарбуд” А.У.Пячкоўскі, традыцыйна выклікала інтарэс грамадзян. Але было і адрозненне – палова званкоў датычыліся не стану і ўтрыманню вулічна-дарожнай сеткі, а саманарыхтоўкі драўніны ў палосах адводу дарог. Пытанне, як кажуць, сезоннае, бо палівам на наступны год вяскоўцы традыцыйна пачынаюць запасацца з першымі маразамі.

Механізмам высечкі прыдарожнай расліннасці цікавіліся ў прыватнасці жыхары Вяркудскага і Ушацкага сельсаветаў. Аляксандр Уладзіміравіч пакрокава растлумачыў парадак дзеянняў. Грамадзянін павінен напісаць заяву ў ДРБУ-105 (г.п.Ушачы, вул.Калінінская, 40), пасля чаго з ім будзе складзены дагавор. Участкі пад саманарыхтоўку драўніны выдзяляюцца бясплатна, але ёсць шэраг умоў. Згодна новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце”, высякаць можна дрэўцы, якія на вышыні 1,3 метра ў дыяметры не перавышаюць 12 сантыметраў. Нельга таксама выдаляць каштоўныя пароды, іх спіс вам прывядуць. Участкі палос адводу грамадзяне могуць выбраць самі, пры ўмове, што яны яшчэ не занятыя, гэта правераць майстры ДРБУ-105. Пасля высечкі неабходна ўбраць за сабой вецце. А.У.Пячкоўскі паведаміў, што па стане на 21 лістапада ўжо заключана 24 дагаворы з грамадзянамі на саманарыхтоўку драўніны ў Кубліцкім, Жарскім, Глыбачанскім, Ушацкім сельсаветах. Напрыклад, пры дарозе на Салонец свабодных участкаў ужо практычна няма. Карысць узаемная – грамадзяне бясплатна нарыхтоўваюць дровы, а дарожнікам не трэба несці выдаткі на стратны від работ, бо ўчасткаў, дзе расліннасць замінае бачнасці аўтамабілістаў, хапае.

На адзін з такіх, паміж Чарапоўшчынай і Дарошкавічамі ў Кубліцкім сельсавеце, у сваім тэлефанаванні ўказаў жыхар апошняга населенага пункта Віктар Стукан. Гэты небяспечны паварот ля рэчкі А.У.Пячкоўскі паабяцаў “раскрыць” да канца месяца. А вось іншыя, на якія ўказваў грамадзянін, высекчы ў хуткім часе не атрымаецца – на гэта няма фінансавых сродкаў, таму работы будуць выкананы толькі ў наступным годзе.

Абгрунтаванасць скаргі наконт выбоін на асфальце на аўтадарозе Ушачы-Зябкі начальнік ДРБУ-105 абяцаў праверыць. А.У.Пячкоўскі адзначыў, што заяўкі грамадзян у дыспетчарскую службу арганізацыі кантралююцца асабіста ім, галоўным інжынерам або майстрамі, 2 разы ў месяц праводзіцца маніторынг стану дарог. З-за дэфіцыту тэхнікі ёсць праблемы ў хуткасці выканання заявак. “Яны на кантролі, – падкрэсліў Аляксандр Уладзіміравіч. – Толькі адразу ўсе не ахопіш, існуе пэўная чарговасць пры тых жа снегападах. У прыярытэце асноўныя трасы, тыя, дзе ходзяць школьныя і рэйсавыя аўтобусы, аўтакрамы…”.

Мікалай Пятніца, старэйшына вёскі Лабані Сарочынскага сельсавета, прасіў дапамогі ў рамонце пад’езду да вёскі. Мужчына паведаміў, што дарога значны час не падсыпалася, жыхары турбуюцца, што пасля чарговага прафілявання ўтворыцца так званае “карыта” – ужо зараз пасля дажджоў яны дзе-нідзе спускалі ваду. Начальнік дарожнай службы таксама вывучыць праблему на месцы, калі ўчастак дарогі знаходзіцца на балансе арганізацыі, а не жыллёва-камунальнай гаспадаркі, то падсыпка і іншыя неабходныя работы будуць выкананы.

А што датычыцца пытання аб набыцці гравію, то ДРБУ-105 рэалізуе яго як арганізацыям, так і грамадзянам без абмежаванняў. На балансе маецца ўласны кар’ер ля Звоні, варта толькі звярнуцца ў арганізацыю. Пасля аплаты гравій адгрузяць у транспарт заказчыка ці даставяць уласнымі МАЗамі, кошт залежыць ад аб’ёмаў і кіламетражу.

Падрыхтаваў Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *