В Слободе вскоре заработает цех по выращиванию и откорму свиней ЗАО «Витебскагропродукт»

Сельское хозяйство

Перапрафіляванне памяшканняў былых малочнатаварных ферм у сучасныя комплексы па вырошчванні свіней становіцца візітоўкай ЗАТ “Віцебск­агра­прадукт”. Сёлета ў нашым раёне ўжо запусцілі ў эксплуатацыю матачны рэпрадуктар на базе былой МТФ “Хадакова”, а зараз поўным ходам вядуцца работы па стварэнні ў Слабадзе цэха па вырошчванні і адкорме. Змены ўражваюць, бо аб’ект пераўтвараецца літаральна на вачах.

Да рэканструкцыі тут прыступілі адносна нядаўна, але з пачатку кастрычніка выканалі вялікія аб’ёмы. Праведзена меліярацыя, дэмантаж асобных элементаў, бетанаванне падлогі ў 5 хлявах, дзе будзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне для ўтрымання 12 тысяч галоў свіней. Калі ў чацвер наведалі будоўлю, то ўбачылі на пад’ездзе звыш дзясятка аўтамабіляў, мікрааўтобусаў і не меншую колькасць спецтэхнікі – пагрузчыкаў, экскаватараў, самазвалаў. Гэта ўказвала на тое, што на аб’екце задзейнічана значная колькасць людзей.

– Так, сёння тут працуе звыш 50 чалавек, – пацвярджае меркаванне майстар будаўніча-мантажных работ Раман Васільевіч Баранаў, для якога падобны аб’ект з’яўляецца чацвёртым. – Сёлета праводзілі рэканструкцыю памяшканняў у вас на “Хадакове”, раней мадэрнізавалі падобныя кароўнікі ў Лепельскім і Чашніцкім раёнах.

Надвор’е пакуль спрыяе будаўнікам, але майстар кажа, што дзякуючы сучасным спецыяльным дабаўкам у цэментны раствор бетанаванне можна праводзіць і пры тэмпературы 15 градусаў са знакам мінус. Маразы, дарэчы, будучаму пагалоўю комплексу будуць не страшныя, сцены вытворчых памяшканняў абшываюцца ўцяпляльнікам, таксама тут будуць устаноўлены сучасныя энергаўстаноўкі на вадкім паліве.

На памяшканнях ужо заменены дах, зманціравана сістэма вентыляцыі. А ў санпрапускніку і ў пакоях для жывёлаводаў ужо вядзецца аддзелка, абсталёўваюцца душавыя.

У складанай разгалінаванай структуры ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” будаўнікі адносяцца да філіяла “Зара”, што ў Бешанковіцкім раёне, а ў Слабадзе, як выказаўся адзін з работнікаў, працуюць людзі “з усяго лесу” – некалькіх суседніх раёнаў і нават з-за межаў Віцебшчыны. Па словах Р.Баранава, хаця для асобных гэта ўжо дзясятая будоўля, толькі дзесьці палова мае вопыт у падобнай рэканструкцыі. Тлумачыцца гэта тым, што на аб’екце знаходзяць занятак і для мясцовых жыхароў, якія раней да будоўлі не мелі ніякага дачынення. Але маюць намер і абяцанне кіраўніцтва ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” на супрацоўніцтва і пасля ўводу комплексу ў эксплуатацыю.

– Звыш трыццаці гадоў адпрацавалі на гэтай ферме даяркамі, – расказвае жыхарка Слабады Тамара Ананьеўна Мароз (на здымку), якая разам з аднавяскоўкай Вольгай Леанідаўнай Каваленка наносіла грунтоўку на металаканструкцыі будучай агароджы. – Заробкі былі невялікія, а яшчэ частка з іх на магазін натураплатай – адвыклі ад нармальных грошай… Уладкавалася нас сюды са Слабады і Сарочына спачатку чалавек 20. Зараз ужо менш, бо калі атрымалі першую зарплату, і вельмі неблагую, асобныя “загулялі”, як у калгасе. Вось толькі тут такіх не трымаюць і нас пра гэта папярэджвалі. Я па гадах ужо пенсіянерка, але сілы яшчэ ёсць, хочацца папрацаваць у нармальных умовах – і сталовая будзе, і ўсё неабходнае. Таму, калі будоўлю наведаў кіраўнік “Віцебскаграпрадукта” Уладзімір Пятровіч Некрашэвіч, набралася смеласці і запытала ў яго, ці дадуць магчымасць пенсіянерцы падзарабіць. Адказаў ён прыкладна так: “Чаму ж не?! Я таксама даўно пенсіянер, дык што – сядзець склаўшы рукі? Працуйце, толькі сумленна і дысцыпліну не парушайце”.

Візуальна работы на аб’екце яшчэ шмат, але агучваюцца смелыя тэрміны здачы яго ў эксплуатацыю – літаральна праз некалькі месяцаў. З пастаўкамі матэрыялаў і абсталявання перабояў няма, сам бачыў ужо завезеныя, напрыклад, вежы пад камбікармы. Робяць іх на Лепельскім камбікормавым заводзе, уласным філіяле ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, а дабаўкі для вытворчасці – у філіяле “Ушацкі” ў Старым Сяле.

Комплекс “Слабада” стане трэцім аб’ектам бізнесу У.П.Некрашэвіча ў нашым раёне (без уліку магазіна “Мясная лаўка” ў гарпасёлку). На жаль, будаўнікі не надта дасведчаныя ў жывёлагадоўлі, а пагутарыць з галоўным ветурачом не атрымалася. Зрэшты, напрыканцы мінулага года падобны комплекс адкрываўся ў Чашніцкім раёне. Рэцэптура і нормы кармлення жывёлы на ім адпавядаюць еўрапейскім тэхналогіям, а пагалоўе складаюць свінні высокапрадукцыйных дацкіх парод йоркшыр, ландрас і дзюрок – вытворчасць у Слабадзе будуецца па такіх жа схемах.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *