И днём, и ночью на страже правопорядка. 12 марта ушачской охране исполняется 30 лет

Закон - один для всех К профессиональному празднику Юбилейные даты

Заўтра супрацоўнікі ўшацкай аховы адзначаць 30 гадоў з дня ўтварэння сваёй арганізацыі. У цяперашні час яны надзейна ахоўваюць 54 аб’екты (магазіны, установы), 170 жылых памяшканняў грамадзян, з іх за межамі райцэнтра – 58, устаноўлена і абслугоўваецца 57 трывожных кнопак. Таксама пад аховай знаходзяцца суд, райвыканкам, банк і медсклады.

Як усё пачыналася

Адлік сваёй дзейнасці Ушацкае аддзяленне Дэпартамента аховы пачало 12 сакавіка 1990 года, калі загадам начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама было створана аддзяленне аховы пры Ушацкім аддзеле ўнутраных спраў. Начальнікам новай службы быў прызначаны старшы лейтэнант міліцыі У.У.Іваноў. У штат аддзялення былі залічаны 2 брыгадзіры, 55 ахоўнікаў, а таксама 6 міліцыянераў, якія ахоўвалі будынак “Белаграпрамбанка”. Час быў няпросты: пачатак 90-х, адсутнасць стабільнасці – работы супрацоўнікам хапала. У кастрычніку 90-га аддзяленне пераехала ў будынак па Савецкай. Паступова мадэрнізавалася сістэма аховы, з’яўлялася сучасная сігналізацыя. Пазней аддзяленне ўзначальвалі А.Т.Пугачоў і А.Г.Міхайлаў, а з 2009 года і па сённяшні дзень – Уладзімір Анатольевіч Чумакоў. У лістападзе 2013 года  Ушацкая ахова была далучана да Полацкага аддзела Дэпартамента аховы і перайменавана ў аддзяленне па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы. Але нязменнай засталася работа – надзейна сачыць за аб’ектамі, грамадскім парадкам і ў лічаныя хвіліны з’яўляцца там, дзе грамадзянам патрэбна дапамога.

Па “гарачых” слядах

На рахунку супрацоўнікаў аховы за 30 гадоў нямала раскрытых злачынстваў, многія з іх – па гарачых слядах. Напрыклад, толькі за мінулы год па выкліках “трывожнай кнопкі” з магазінаў райцэнтра затрымана 8 парушальнікаў. У Арэхаўне нячысты на руку грамадзянін выкраў інструменты на мясцовым прадпрыемстве. Кінолаг са службовым сабакам рухаўся па яго слядах больш трох кіламетраў, і злачынца быў затрыманы. Па такім жа сцэнарыі раскрыта яшчэ адна справа, калі жыхар гарпасёлка выкраў у адным з домікаў санаторыя “Лясныя азёры” грошы, тэлевізар і іншыя рэчы. Неяк познім вечарам супрацоўнікам аховы паступіў сігнал аб крадзяжы з аўтамабіля на адной з вуліц гарпасёлка. Хутка ў поле зроку пільных міліцыянераў групы затрымання трапілі зламыснікі, якія здавацца не збіраліся і пусціліся наўцёкі ў напрамку рэчкі, адзін нават кінуўся ў ваду, але ўцячы не ўдалося. У Машчонах злодзей пранік у чужое памяшканне і ўкраў веласіпед, але далёка з’ехаць на ім не паспеў, бо дом быў абсталяваны ахоўнай сігналізацыяй і праз кароткі час на месцы аказаліся супрацоўнікі аховы. Зрэшты, апошнім часам падобных крадзяжоў становіцца менш: зламыснікі бачаць сігналізацыю і не спакушаюцца на чужое.

Тут няма выпадковых работнікаў

На эмблеме Дэпартамента аховы сава з ключом у дзюбе. Гэта знак таго, што супрацоўнікі аховы і дзень, і ноч на варце парадку і спакою. Так і ёсць на самой справе. У штаце аховы 32 работнікі, 18 з іх – міліцыянеры, у тым ліку і 2 кінолагі, а таксама вартаўнікі, электраманцёры, без якіх немагчыма паўнацэнная работа. Цяжка У.А.Чумакову сярод усіх выдзеліць лепшых, бо выпадковых людзей тут няма. Сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы і самыя вопытныя супрацоўнікі – Уладзімір Іванавіч Коршун, Андрэй Мікалаевіч Лісічонак, Вячаслаў Мікалаевіч Голік. Апошні ра­зам з Дзмітрыем Гірсёнкам па выніках работы за мінулы год быў адзначаны Падзякай упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама. Добра зарэкамендавала сябе і маладое папаўненне Уладзіслаў Жукаў, Дзмітрый Хадасевіч. Раскрыццё многіх злачынстваў у раёне не абыходзіцца без кінолагаў Андрэя Бутоўскага і Дзмітрыя Кемстача. Не адзін год выдатна нясуць службу вартаўнікі Міхаіл Эвальдавіч Плікат, Іван Мікалаевіч Азевіч, Міхаіл Мікалаевіч Сабін, Сяргей Уладзіміравіч Хамёнак, Андрэй Мікалаевіч Хвошч.

Заўсёды памятаюць у калектыве і пра сваіх ветэранаў: а гэта, акрамя прыгаданых вышэй, С.В.Пузатка, В.В.Крахотка, С.М.Смык, Р.В.Папко, П.А.Клачок, В.М.Клачок.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: М.Аўдошка, У.Коршун, В.Сакалоў, Д.Хадасевіч, А.Лісічонак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *