Прирождённый культработник и отличная хозяйка! О Галине Рудёнок по случаю юбилея рассказали её коллеги

Культура

Са снапом у руках на “Зажынках”, з фальклорнай песняй, у камічнай ці трагічнай сцэне – у любым амплуа метадыст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Галіна Сяргееўна Рудзёнак выглядае арганічна. Яе ведаюць многія жыхары раёна, а яе дзіцячы ўзорны калектыў “Спадчына” не вяртаецца нават з абласных конкурсаў без узнагарод. Пра гэтую жанчыну мы не раз упаміналі на старонках газеты – за вялікі ўклад у развіццё культуры раёна і сваю больш чым 30-гадовую дзейнасць яна гэтага заслужыла. Днямі Г.С.Рудзёнак адзначыла свой юбілей і сёння пра яе раскажуць і раскрыюць сакрэты абаяльнасці яе калегі.

Зараджала непаседлівасцю

“З Галінай Сяргееўнай пазнаёмілася ў пачатку сваёй культурнай кар’еры – я пачынала працаваць у Селішчанскім сельскім клубе, а яна ў Матырынскім, – прыгадвае Ганна Канстанцінаўна Мялешка. – А потым мы адначасова паступілі ў культасветвучылішча і разам ездзілі на сесіі ў Віцебск, неяк нават жылі ў маёй цёткі і дзялілі адзін пакой на дваіх. Вельмі розныя па характарах – мы дапаўнялі адзін аднаго. “Ну ўсё, я паляцела!” – казала непаседлівая Галіна, у якой усё гарэла ў руках. Я выводзіла літару да літары ў канспектах, якімі потым дзялілася з сяброўкай, яна ж у сваю чаргу “падцягвала” мяне ў творчым накірунку – дапамагала быць больш смелай і зараджала энергіяй. І цяпер, канечне, мы пастаянна тэлефануем адна адной. Калі мне патрэбна парада па рабочых момантах, асабліва ў фальклорным накірунку – званю Галіне. Яна, як кажуць, на гэтай тэме зубы з’ела. Вельмі паважаю і цаню яе!”

І рассмяшыць, і пачастуе

“Чалавек валодае вялікім пачуццём гумару. Заўсёды знойдзе нейкі смешны анекдот ці жарт, і ўсё абавязкова да месца. У тандэме з Галінай Сяргееўнай на сцэне лёгка выконваць любую ролю, бо яна валодае сапраўдным акцёрскім талентам. Напрыклад, мне вельмі спадабалася, як яна іграла ў спектаклях “Ну мужыкі”, “Зязюлькі”. Нам з ёй заўсёды дастаюцца ролі вясковых жанчын або лясной казачнай нечысці. Практычна ніводнае навагодняе прадстаўленне не абыходзілася без нашага ўдзелу, – гаворыць Ірына Сяргееўна Клачок. – А яшчэ Галіна Сяргееўна выдатная гаспадыня! Калі куды едзем, а гэта здараецца часта, то галодным з ёй ніколі не застанешся. Кулінарны талент, напэўна, ёй перадаўся ад бабкі, якая служыла ў пана паварыхай, шмат ведала ўсялякіх сакрэтаў прыгатавання страў”.

Прывіла любоў да фальклору

“Дзякуючы Галіне Сяргееўне я палюбіла аўтэнтычны фальклор, – расказвае Наталля Міхайлаўна Каваленка. – Напрыклад, прымала ўдзел у самабытным свяце-конкурсе “Вялікая вясельніца” і быццам вярнулася на дзесяцігоддзі назад, пабачыўшы, як нашы продкі ладзілі вяселле. Мая бабуля не паспела мне перадаць свой вопыт, але пачуўшы, як спявае Г.Рудзёнак, я прыгадала малюнкі з дзяцінства. Датыкнуцца да народнага скарбу змагла і будучы ў фальклорным калектыве “Матырынская спадчына”, якім кіравала Галіна Сяргееўна. Раней спявала толькі сольна. Зараз з ёй разам мы выходзім на сцэну ў складзе гурта “Раздолле”. Гэта надзвычай адораны і пазітыўны чалавек!

Пра гурткоўцаў клапоціцца як маці

“Магу з упэўненасцю сказаць, што для дзяцей са “Спадчыны” яна як маці: пакуль не накорміць хатнімі прысмакамі не распачне рэпетыцыю, – кажа Дзіна Паўлаўна Пенкальская. – А яшчэ ўмее да кожнага знайсці падыход, пагаварыць па душам як з роўнымі, а калі трэба і прыкрыкне. Увагу падлеткаў утрымаць няпроста, а многіх і наогул складана ад камп’ютараў і тэлефонаў. Галіне Сяргееўне ж удаецца і зацікавіць моладзь побытавымі танцамі, і падтрымліваць гэты інтарэс. Заўсёды яна ўважлівая і да маладых работнікаў цэнтра: дапамагае парадай і справай.

Прыроджаны культработнік

“Шчыра кажучы, ужо не ўяўляю культуру Ушаччыны без гэтай таленавітай жанчыны! Для нас гэта вельмі цэнны кадр! – зазначае Валянціна Уладзіміраўна Літвін. – Менавіта на ёй трымаецца фальклор раёна і праз яе праходзяць мерапрыемствы гэтага накірунку не толькі ў цэнтры, а і ва ўсіх сельскіх установах. Хоць і сцвярджае Галіна Сяргееўна, што трапіла ў гэтую прафесію выпадкова, але гэта якраз той выпадак, калі чалавек – прыроджаны культработнік. Памятаю, як яна ў 2015 годзе прыняла мяне ў народны фальклорны калектыў “Матырынская спадчына”, якім яна кіравала на працягу многіх гадоў, і я з задавальненнем пераймала вопыт ад старэйшага пакалення. Галіна Сяргееўна ўсю душу ўкладвала ў праект, ды і ведаю, што нават палову зарплаты траціла на яго патрэбы. Гледзячы на мяне, у дзіцячым калектыве “Спадчына” пажадалі паспрабаваць сябе мае сыны Раман і Ягор. Задаволеныя і натхнёныя яны заўсёды вяртаюцца пасля выступленняў ці то на раённай сцэне, ці то на абласных конкурсах. А ў наступным годзе да іх збіраецца далучыцца і малодшы сын Яфім.

* * *

Ну а да прыгаданых добрых слоў пра гэтага чалавека і віншаванняў далучаюцца ўсе члены калектыву і віншуюць яе не толькі з юбілейнай датай, а і з чарговым прызнаннем заслуг: зусім нядаўна Г.С.Рудзёнак удастоена Ганаровай граматы ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама.

Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “Прирождённый культработник и отличная хозяйка! О Галине Рудёнок по случаю юбилея рассказали её коллеги

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *