Промышленным выращиванием голубики намерен заниматься на Ушаччине фермер Александр Дергачёв

Экономика и малый бизнес

Калі пяць год таму малады палачанін Аляксандр Дзергачоў сабраўся набыць сабе дачны ўчастак – перагледзеў вельмі шмат варыянтаў у розных населеных пунктах не толькі свайго, а і суседніх раёнаў. А спыніўся на ўшацкіх Праніках. “З акна возера відаць, за домам – рэчка, хіба можна марыць пра лепшае месца?” – усміхаецца мужчына. Але ж асноўным аргументам стаў склад тутэйшай глебы: яна на ўчастку кіславатая – з паказчыкам каля 6 pH, з даволі высокім працэнтам утрымання гумусу – 2,8. А значыць, добра падыходзіць для вырошчвання садовых буякоў (голубики).

Дачна-сямейны пітомнік

Названай культурай Аляксандр зацікавіўся даўно. Гэта зараз яна ўжо даволі папулярная, і ў інтэрнэце можна знайсці любую інфармацыю па яе вырошчванні, а ў той час яму давялося вывучаць вопыт еўрапейскіх садаводаў, чытаць пераклады з англійскай і польскай моў. Затое зараз ведае пра ягаду літаральна ўсё і можа гадзінамі распавядаць пра яе сарты, тэхналогію і карысныя ўласцівасці. Апошніх жа ў буякоў безліч: яны выводзяць з арганізму радыёнукліды, таму незаменныя пасля прамянёвай тэрапіі, карысныя пры хваробах сэрца, сасудаў, страўніка, паляпшаюць зрок. Такім чынам, большую частку дачнага ўчастка палачанін адвёў для гэтай расліны. Зараз у яго пітомніку налічваецца паўтара дзясятка сартоў, а кусты, пасаджаныя чатыры гады таму, даюць за сезон па некалькі кілаграмаў ягад. Імі ласуюцца ўлетку, замарожваюць і робяць нарыхтоўкі – такім чынам, усе родныя і сябры круглы год забяспечаны вітамінамі.

“А які твой любімы сорт?” – цікаўлюся ў дачкі гаспадара Дарыны. “Рэкка!” – бойка адказвае яна. – Гэта самы ранні, ягады саспяваюць у пачатку ліпеня”. Аказваецца, дзяўчынка падзяляе татава захапленне і дапамагае яму ў пасільных доглядных справах. Удвух яны ахвотна распавядаюць, што самыя салодкія ягады ў сорта “блюджэй”, чэмпіёны па велічыні – “чандлер” і “бонус”, якія дасягаюць 2-3 сантыметраў у дыяметры, “нортланд” не баіцца моцных маразоў, “брыгіта” пладаносіць у кастрычніку, а ў суседняй Польшчы кусты вырошчваюць у чорных кантэйнерах: летам яны лепш праграваюцца і хутчэй спеюць, а на зіму іх змяшчаюць у так званы “халадзільнік” – спецыяльна абсталяваную траншэю. Ёсць такія кантэйнеры і ў Дзергачовых, але задавальненне гэта нятаннае, бо кошт ёмістасці – 4 еўра.

На прамысловыя рэйкі

Дасканала вывучыўшы тэму і забяспечыўшы сям’ю вітамінамі, Аляксандр задумаўся пра прамысловае вырошчванне буякоў.

– Я – чалавек актыўны: у свой час і грузаперавозкамі займаўся, і свідравіны бурыў, а зараз працую аператарам на “Нафтане” і маю па 12 выхадных у месяц – не сядзець жа без справы. Вырашыў адкрыць фермерства. Нагледзеў непадалёк ад Пранікаў участак каля 7,5 гектараў: сонечны, на ўзвышшы, з падыходзячай глебай. Яшчэ адзін гектар палеткаў атрымаў для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, скарыстаўся і адмысловым крэдытам, што выдаецца пад 5 працэнтаў гадавых, за які набыў трактарок. Дзейсным стымулам стала падтрымка старшыні Ушацкага райвыканкама У.Г.Аўдошкі, які адобрыў мае фермерскія планы і паспрыяў вырашэнню арганізацыйных момантаў. Словы падзякі хачу выказаць таксама кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў “Ільюшынскі” і “Маяк-Ушацкі”, якія, у прыватнасці, дапамаглі з тэхнікай пры распрацоўцы ўчастка, – расказвае А.Дзергачоў.

Каб закласці плантацыю, трэба было падрыхтаваць глебу. Работы пачалі год таму: на поле прывезлі 1000 кубоў пілавання, якое набылі ў ААТ “Ушачы”, 200 кубоў кіслага “рыжага” торфу, унеслі мінеральныя ўгнаенні, зманціравалі сістэму кропельнага паліву. І гэтай вясной зрабілі пасадкі на 4 гектарах плошчаў. Працавалі сямейным падрадам, “баявымі адзінкамі” якога апроч самога фермера з’яўляюцца яго бацька Сяргей Аляксандравіч і жонка Анастасія. А вось летам 2022-га, калі чакаюць першы ўраджай, для яго збору ўжо прыйдзецца наймаць сезонных работнікаў.

Спецыфіка прамысловага вырошчвання ягад такая, што пераважная частка ўкладанняў прыпадае на пачатак справы, калі трэба падрыхтаваць участак, набыць насенны матэрыял, абгарадзіць плантацыю – гэта, да слова, фермеры збіраюцца зрабіць з дапамогай шарнірнай сеткі. Ну а потым застанецца правільна гаспадарыць і атрымліваць дывідэнды. Запатрабаванасць у гэтага тавару зараз дастаткова вялікая: ягады закупляюць перапрацоўчыя і фармацэўтычныя прадпрыемствы, а таксама гандлёвыя сеткі для рознічнай рэалізацыі. Прапрацоўвае Аляксандр і варыянт яе пастаўкі ў Расію.

Усходы і парасткі моды

“Нядаўна быў на канферэнцыі і пачуў, як адзін навукоўца сцвярджаў, што ў паўночнай частцы Беларусі можна вырошчваць толькі нізкарослыя сарты буякоў. Вельмі спрэчная выснова!” – разважае Аляксандр і паказвае мне ягадныя кусты, вымахаўшыя ў палову чалавечага росту. А яшчэ праводзіць экскурсію па цяпліцах ля дома, дзе набіраюць моц маладыя пабегі, атрыманыя з чаранкоў і прывезеныя з лабараторыі. Свой вопыт і назіранні ён абмяркоўвае з аднадумцамі на ўласным YouTube-канале “Голубика на севере”. На ім ужо не адна сотня падпісчыкаў, што сведчыць пра папулярнасць справы. “Ведаеце, у Праніках мне не толькі з прыродай пашанцавала, а і з суседзямі, – адзначае Аляксандр. – Побач жывуць добразычлівыя людзі і выдатныя гаспадары Тадэвуш Рачкоўскі, Мікалай Фядосенка. Апошні, дарэчы, спачатку даволі скептычна назіраў за маімі ягаднымі клопатамі, ну а зараз ужо і сам гадуе буякі!” Дарэчы, восенню фермер мяркуе рэалізоўваць саджанцы тым, хто гэтым зацікавіцца, дасць, канечне, і парады па вырошчванні. Ну а пра тое, што пасля размовы з ім проста нельга ўстаяць ад спакусы пасадзіць ля дома цудоўную ягаду, сведчыць той факт, што нават я – невялікі аматар агародніцтва – павезла з сабой з Пранікаў два кусцікі непатрабавальнага “нортланду”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *