В деревне Косари жители с помощью сельисполкома сами установили ограду на кладбище

Благоустройство Саветы і жыццё Экономика и малый бизнес

Праблем з уборкай могілак у Касарах не ўзнікала ніколі. Хіба што з вывазам смецця, якога традыцыйна шмат збіраецца напярэдадні Вялікадня або Радаўніцы, калі людзі актыўна наводзяць парадак на месцы апошняга прытулку блізкіх, а два кантэйнеры камунгаса «не спраўляюцца» са сваімі функцыямі, але гаворка не аб тым. Некалькі гадоў таму агульнае жаданне вяскоўцаў абгарадзіць могілкі знайшло падтрымку ў кіраўніцтва Вялікадолецкага сельвыканкама. Вяскоўцы сабралі грошы, якія былі перададзены мясцовай уладзе. Хапіла іх на набыццё бетонных апор і асновы, якія былі часткова ўстаноўлены. У сельвыканкаме сродкаў на добраўпарадкаванне не знайшлося, і на гэтым работы спыніліся. Ажыў «аб’ект» сёлета, у першую чаргу, дзякуючы актыўнасці і ініцыятыве старэйшыны вёскі В.С.Ільюшэвіча.

— Неабходныя для завяршэння будаўніцтва агароджы два мільёны рублёў як сродкі самаабкладання зноў сабралі людзі, — расказвае Віктар Сцяпанавіч. — Яны пайшлі на штыкет і цвікі.

А матэрыял для ўстаноўкі драўлянага верху па просьбе старшыні сельвыканкама Алега Леанідавіча Сыса па мінімальных расцэнках вырабілі на лесапілцы ПУП «МВН-Буд» у Казімірове. Па словах старшыні сельвыканкама, кіраўнік гэтага прыватнага прадпрыемства, якое займаецца перапрацоўкай лесу і вытворчасцю драўляных канструкцый, не толькі дае працоўныя месцы мясцовым жыхарам, але і з разуменнем адносіцца да просьбаў улады, пры неабходнасці дапамагае матэрыяламі.

Далейшай устаноўкай апор і штыкетніку займаліся талакой. Прымалі ўдзел у гэтай справе старшыня сельвыканкама, старэйшына вёскі, рабочыя ўчастка ЖКГ аграгарадка Вялікія Дольцы і Васіль Ігнатавіч Смаляк, які на ўласным трактары даставіў гатовыя пралёты на могілкі. Вырабіў іх у школьнай майстэрні В.С.Ільюшэвіч.

— Імкненне людзей да добраўпарадкавання грамадскіх месцаў падтрымаем, — кажа А.Л.Сыс. — Сродкі самаабкладання заўсёды накіроўваюцца на грамадскія патрэбы жыхароў той вёскі, дзе іх сабралі. Такім спосабам можна зрабіць грамадскі калодзеж, абсталяваць месца чакання аўталаўкі і многае іншае.

Каб драўляныя элементы не пачарнелі, устаноўленую агароджу ў жніўні плануюць пафарбаваць. Перад гэтым неабходна закупіць спецыяльны хімічны састаў, апрацаваць ім для даўгавечнасці драўляныя часткі. Сродкі на завяршэнне работ выдзеліць сельвыканкам, а выканаюць іх самі жыхары пад кіраўніцтвам старэйшыны вёскі.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *