В кафе «Европа» теперь предлагают разливной квас, а в «Кулинарии» можно купить еду на вынос со скидкой

Общество

Можна ладзіць юбілеі

Усе аб’екты грамадскага харчавання Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства вярнуліся да звыклага рэжыму, нядаўна знята забарона на правядзенне ў іх масавых мерапрыемстваў. Цяпер ладзіць вяселлі, юбілеі, дні нараджэння, памінальныя сталы можна ў рэстаране, які працуе да 19 гадзін, а пры заказных мерапрыемствах падаўжаецца да гадзіны ночы. Гатовы кааператары і да выканання заявак па прыгатаванні ўрачыстых і памінальных сталоў з выездам да заказчыка і абслугоўвання ў зручных для іх месцах. Сёлета такой паслугай скарысталіся ўжо каля ста чалавек.

На вынас – са скідкай

Стараюцца ў філіяле, каб пакупнікам было не толькі смачна, зручна, а і выгадна. Так, з 1 ліпеня ў “Кулінарыі” пры пакупцы (па папярэднім заказе) кулінарнай прадукцыі на суму ад 30 рублёў дзейнічае скідка ў 10 працэнтаў ад кошту пакупкі. “Ідэальны варыянт для тых, каму няма часу гатаваць стол у хатніх умовах ці магчымасці ісці, напрыклад, у рэстаран. Некаторыя ўжо скарысталіся такой прапановай (былі заказы на партыі клёцак, салаты, рыбу) і засталіся задаволенымі”,– адзначыла начальнік аддзела грамадскага харчавання Т.А.Глінская. Па-ранейшаму ў “Кулінарыі” з 17 да 20 гадзін кандытарскія і кулінарныя вырабы ўласнай вытворчасці рэалізуюцца па зніжаных цэнах.

За квасам – у “Еўропу”

А ў кафэ “Еўропа” з’явілася спецыяльная ўстаноўка, што дазваляе прапаноўваць наведвальнікам ахалоджаны разліўны квас і піва, якія пастаўляюцца з “Крыніцы”. Прымальны і кошт на гэтыя напіткі – адзін літр кваса “Старажытны” тут можна набыць за 1.35, а “Жыгулёўскага” піва – за 2.62.

На гэтым тыдні ўжо многія паспелі паспрабаваць квас ва ўтульнай абстаноўцы “Еўропы”, а таксама ўзяць яго на вынас.

Трэба адзначыць, у кафэ пасля нядаўняга адкрыцця змяніўся графік работы – цяпер яно працуе з аўторка па суботу з 11 да 20 гадзін.

Адпраўляюцца на фестываль

Гэтымі днямі Ушацкі філіял актыўна рыхтуецца і да выязнога гандлю – з 16 па 19 ліпеня ўшачане будуць прадстаўляць сваю прадукцыю ў фестывальным Віцебску. Размесціцца ўшацкі падворак на ўжо звыклым месцы ў парку Пераможцаў і будзе працаваць кругласутачна. Паколькі славіцца Ушаччына сваімі азёрамі, то і накірунак кропкі будзе ў большай ступені рыбным. Пакупнікам прапануюць шматлікія стравы з рыбы, галоўнай з якіх будзе юшка. Зрэшты, летась яна настолькі спадабалася віцябчанам і гасцям горада, што яе не толькі заказвалі на месцы, а і бралі з сабой дадому.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *