В клубе элитных хлеборобов. Семейный экипаж комбайнеров Владимира и Виктора Лёлей из ОАО «Ильюшинский» первым в районе намолотил тысячу тонн зерна

Сельское хозяйство

На пачатку тыдня ў раёне з’явіўся першы тысячнік на жніве. Знакавы рубеж пераадолеў сямейны экіпаж камбайнераў Уладзіміра і Віктара Лёляў з ААТ “Ільюшынскі” на КЗС-1218 “Палессе”. Тое, што менавіта яны хутчэй іншых механізатараў дасягнуць гэтага паказчыка, падказваў ход уборачнай – бацька з сынам упэўнена трымаліся на верхніх радках сярод удзельнікаў раённага спаборніцтва. Маглі, дарэчы, “закрыць” тысячу тон збожжа яшчэ на мінулым тыдні, не хапала ўсяго пары бункераў, але перашкодзілі дажджы, таму цырымонію ўзнагароджання прыйшлося адкласці да панядзелка.

Павіншаваць камбайнераў у полі прыбылі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шэўчанка і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Кацярына Аляксандраўна Рэўт, якія ўручылі перадавікам дыпломы, падарункі і грашовыя прэміі, павіншавалі з дасягненнем і пажадалі новых. У рамках праекта «Моладзь за ўраджай» Віктар атрымаў таксама Грамату і памятны падарунак ад райкама БРСМ.

У нейкім сэнсе “паспрыяла” лідарству ільюшынскіх камбайнераў паломка больш прадукцыйнага “Нью-Холанда” ў філіяле “Маяк-Ушацкі”. Але да гэтага Уладзімір Уладзіміравіч Лёля адносіцца філасофскі – неаднойчы сам станавіўся заложнікам сітуацыі, калі страчваў лідарскія пазіцыі менавіта з-за неспадзяванага выхаду са строю тэхнікі. Сёлета ж камбайн працуе без значных паломак, у чым, канечне, заслуга механізатараў, якія належным чынам падрыхтавалі агрэгат, на рахунку якога ўжо адзінаццатае жніво. “Дакладна не памятаю, якая ў мяне гэта ўборачная, яшчэ і на “Ніве” малаціў, – кажа Уладзімір Уладзіміравіч. – Хаця першыя гады ў гаспадарцы працаваў на пагрузчыку, на камбайн пасля пайшоў, трэба было зарабляць, дзяцей гадаваць. Потым ужо яны мне дапамагалі. У папярэднія гады малодшы сын быў у памочніках, зараз ён у арміі застаўся на кантракт. Віктар жа, пакуль уладкуецца на новую работу, вырашыў без справы не сядзець, працуе са мной, падмяняе”.

Тысячу тон збожжа У.Лёля намалочвае не ўпершыню, яго ўжо можна назваць ганаровым членам гэтага ўмоўнага клуба элітных хлебаробаў. Жадалі яму дасягнення паказчыка ў дзве тысячы, толькі ён рэаліст, кажа, што па сёлетняму году выдатным вынікам будзе і паўтары. Азімыя, якія давалі асноўны намалот, у “Ільюшынскім” ужо ўбраны, гэтымі днямі камбайнеры дажынаюць ячмяні, на якіх бункер запаўняецца не так хутка. Зрэшты, па словах галоўнага агранома гаспадаркі Аляксандра Сяргеевіча Селівёнка, застанецца яравая пшаніца і зернебабовыя, а гэта яшчэ звыш 400 гектараў, так што танаж намалоту камбайнераў узрасце. Па ўсім відаць, што будзе ў “Ільюшынскім” сёлета не адзін тысячнік – хутка перасягнуць знакавы рубеж павінен і яшчэ адзін нязменны ўдзельнік жніва Анатоль Дзмітрыевіч Спірыдзёнак.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *