Дань памяти тем, кто приближал Победу. Земля с воинских захоронений Ушаччины отправится в военно-патриотический парк культуры и отдыха Вооружённых Сил Российской Федерации «Патриот»

Калейдоскоп

Мінулі галоўныя ўрачыстасці святкавання 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, але мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце, працягваюцца. Мы расказвалі, як сёлетняй вясной праходзіў забор зямлі з брацкіх магіл воінаў і партызан, што пахаваны на тэрыторыі нашага раёна. А мемарыяльны комплекс “Прарыў” наогул стаў адпраўной кропкай, з якой у беларускую сталіцу накіраваліся капсулы з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны – напярэдадні 9 Мая ля храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску адбылася закладка капсул з зямлёй, сабранай на месцах воінскай славы, брацкіх магілах. Прычым, не толькі ў Беларусі, а і ў Расіі, Украіне, Венгрыі, Аўстрыі, Польшчы, Сербіі, Малдове, Літве, Латвіі, Эстоніі, Румыніі, Фінляндыі – тут знайшлося месца часцінкам баявой памяці гэтых краін, якія вызвалялі ў тым ліку і воіны-землякі.

Праект, падобны беларускаму, зараз рэалізуецца ў Расіі, таму на мінулым тыдні на Ушаччыне зноў пачалі забор зямлі з пахаванняў Вялікай Айчыннай. На брацкай магіле воінаў і партызан у скверы гарпасёлка рабілі гэта начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Леанід Пятровіч Шахноўскі, яго намеснік Аляксандр Станіслававіч Захараў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак і дырэктар музея народнай славы Наталля Пятроўна Бугай (на здымку).

Як паведамілі ўдзельнікі цырымоніі, зямля з кожнага воінскага пахавання Ушаччыны будзе змешчана ў асобны пакет з нумарам, назвай і адпраўлена ў ваенна-патрыятычны парк культуры і адпачынку Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі “Патрыёт”. Установа, якая з’яўляецца цёзкай нашай газеты, папаўняе экспазіцыю “Дарогі памяці”, каб аддаць даніну павагі кожнаму герою, што набліжаў Перамогу. Парк “Патрыёт” створаны на 55–ым кіламетры Адзінцоўскай шашы ў Падмаскоўі ў 2015 годзе і пастаянна ўдасканальваецца. На сённяшні дзень там адкрыты для наведвання ваенна-гістарычны комплекс “Партызанская вёска”, зона рэканструкцыі гістарычных падзей, пляцоўкі бронетэхнікі і мноства экспазіцый, сярод якіх цэнтральнае месца займае “Дарога памяці”. Па-сутнасці, гэта будынак даўжынёй 1418 метраў, што адпавядае колькасці дзён, якія працягвалася Вялікая Айчынная вайна. Тут і прысвечаныя ключавым яе падзеям 34 тэматычныя залы, і мультымедыйная галерэя аб тых, хто набліжаў Перамогу, маштабная экспазіцыя пра іх, інтэрактыўны банк інфармацыі аб звыш 30 мільёнах франтавікоў і працаўнікоў тылу, які папаўняецца. Будуецца і велічны храм, куды даставяць па жмені зямлі з салдацкіх магіл, раскіданых па краінах, дзе грымелі баі. І капсулы з пахаванняў нашай гераічнай Ушаччыны стануць дастойнымі атрыбутамі мемарыяла.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *