Они дарят праздник людям. Работники культуры Ушаччины принимали поздравления по случаю профессионального праздника

Культура

Гэтымі днямі работнікі культуры прымаюць віншаванні з нагоды прафесійнага свята. Пачалося ж яно ўчора з урачыстага мерапрыемства ў зале пасяджэнняў райвыканкама.

– Вы заўсёды там, дзе трэба падарыць людзям добры настрой, вы робіце разнастайнымі шэрыя будні, умееце здзіўляць новымі песнямі, пастаноўкамі, дэкарацыямі, касцюмамі, удала выступаеце на такіх фестывалях, як “Славянскі базар у Віцебску” і “Дажынкі”, – шчыра віншавала работнікаў і ветэранаў галіны намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. – Не такая прыкметная, але вельмі патрэбная справа музейных работнікаў, бібліятэкараў, педагогаў дзіцячай школы мастацтваў. Дабра і здароўя вам і вашым сем’ям, творчага натхнення!

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак справядліва адзначыў, што работнікі галіны працуюць тады, калі іншыя адпачываюць, падзякаваў за работу не толькі сённяшнім спецыялістам, а і ветэранам.

Аб тым, што ва ўстановах культуры Ушаччыны працуюць сапраўдныя прафесіяналы, сведчыла і колькасць узнагароджаных да прафесійнага свята. Акрамя грамат раённага ўзроўню ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама былі адзначаны работнікі цэнтра культуры – загадчык аўтаклуба С.І.Муша, гукааператар Я.А.Зуеў, метадыст аддзела кінавідэаабслугоўвання К.А.Шалыга, спецыяліст па будаўніцтве аддзела маркетынгу і гаспадарчага абслугоўвання Н.Л.Качынская, а таксама выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў А.А.Сазонава і Г.В.Хвошч, прадстаўнікі бібліятэчнай сферы В.У.Друк, Г.І.Іванова, Т.Д.Сакалова, Н.А.Неруганёнак.

Шчодрым на ўвагу ў гэты дзень быў і прафсаюз. Старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Цэнтра культуры І.В.Байрамава павіншавала ўсіх з прафесійным святам, а таксама ўручыла падарункі сёлетнім юбілярам, а іх сярод работнікаў культуры ажно 22. Кожнага калегі віталі шчырымі і працяглымі апладысментамі. Галоўным жа пажаданнем для ўсіх было – моцнага здароўя і творчага настрою!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *