Наметили планы и выбрали лидера. Молодёжная палата при районном Совете депутатов третьего созыва начала свою работу

Образование и молодежь

Маладзёжная палата дзейнічае пры раённым Савеце дэпутатаў з сакавіка 2015 года. Увесь гэты час каманды двух скліканняў, складзеныя з самых актыўных старшакласнікаў раёна, прадстаўлялі інтарэсы моладзі ў органах мясцовага самакіравання, уносілі слушныя прапановы, арганізоўвалі карысныя справы, вялі тлумачальную работу сярод аднагодкаў. Па ўсім відаць, што і склад палаты трэцяга склікання, які быў вызначаны гэтымі днямі, не толькі не саступіць сваім папярэднікам у актыўнасці, але і пастараецца вывесці работу маладзёжнага органа на больш высокі ўзровень.

Падставу для такога меркавання даў першы ўстаноўчы сход Маладзёжнай палаты. Напярэдадні ўсе школы раёна вылучылі сваіх прадстаўнікоў, якія ў гэты панядзелак сабраліся ў актавай зале Ушацкай СШ, каб пазнаёміцца, абраць сваіх лідараў і абмеркаваць планы будучай дзейнасці. Ну а яе мэту коратка акрэсліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч: “Вы атрымалі магчымасць уплываць на жыццё раёна. Пажаданні і ідэі, якія вы будзеце выказваць падчас работы камісій палаты, мы ўлічым пры прыняцці рашэнняў на сесіях райсавета і пасяджэннях райвыканкама. Хачу спадзявацца, што ў вашай рабоце не будзе фармалізму”.

Прынамсі, што датычыцца апошняга, то члены новай каманды ўжо на першым пасяджэнні прадэманстравалі свой канструктыўны настрой. Калі справа дайшла да выбару старшыні Маладзёжнай палаты – а робіцца гэта шляхам адкрытага галасавання – у “абойме” аказалася некалькі прозвішчаў. Прычым, дзевяцікласніца Ушацкай школы Паліна Сазонава прапанавала… уласную кандыдатуру, а аргументавала жаданне ўзначаліць каманду тым, што мае не толькі шмат крэатыўных ідэй, а і добрыя арганізатарскія здольнасці. Як аказалася, да гэтых яе якасцяў можна дадаць і аўтарытэт у аднагодкаў: большасцю галасоў дзяўчыну абралі старшынёй палаты. На альтэрнатыўнай аснове праходзілі і выбары на пасады намесніка старшыні і сакратара: у выніку прысутныя прагаласавалі адпаведна за Аляксандра Цімафеева і Ксенію Лапёнак, якія таксама прадстаўляюць Ушацкую школу. Горача абмяркоўваўся і склад пастаянных камісій Маладзёжнай палаты. Старшакласнікі хацелі працаваць у той сферы, дзе іх схільнасці знойдуць найлепшае прымяненне, скрупулёзна абіралі і кіраўнікоў камісій. Так, пытаннямі адукацыі і прафарыентацыі будзе займацца група на чале з Ксеніяй Крахотка, папулярызацыяй фізкультуры і спорту, прапагандай здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі – Аляксандр Галяковіч і каманда яго аднадумцаў, Кацярына Фядосенка ўзначаліла камісію па грамадзянска-патрыятычным выхаванні і прафілактыцы правапарушэнняў. “Разбавіць” шчыльныя рады вучняў з гарпасёлка ўдалося прадстаўніцы Арэхаўскай школы Ангеліне Барысёнак, якая абрана старшынёй камісіі па арганізацыі вольнага часу і правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, ну а пытаннямі экалогіі, развіцця валанцёрскага руху, узаемадзеяння з грамадскімі арганізацыямі і СМІ будзе займацца група пад старшынствам Лізаветы Раманавай з Ушацкай школы.

На пасяджэнні быў зацверджаны план работы палаты да канца бягучага года, ну а яе новаабраны лідар П.Сазонава атрымала запрашэнне прыняць удзел у чарговай сесіі райсавета, што адбылася ўчора.

Пра тое, што ўстаноўчы сход аказаўся жывым і нефармальным, яскрава сведчыў і той факт, што пасля заканчэння яго ўдзельнікі зусім не спяшаліся разыходзіцца. Разам з першым сакратаром райкама БРСМ Дзіянай Калбасавай яны з запалам абмяркоўвалі будучыя справы. А тэм было агучана шмат: ад актывізацыі валанцёрскага руху і ўдзелу ў рэспубліканскім праекце “100 ідэй для Беларусі” да арганізацыі тэматычных дыскатэк і спаборніцтваў па лезертагу. “Проста не церпіцца распачаць штосьці яркае і захапляльнае для ўсіх!” – выказала агульны баявы настрой дзевяцікласніца Вераніка Пятроўская. А першая канкрэтная задума – стварыць у сацсетках адмысловую групу, дзе б члены Маладзёжнай палаты, якія вучацца ў розных школах, маглі штодня камунікаваць, ажыццявілася літаральна тут жа.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *